Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

турбахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Судна, якое прыводзіцца ў рух паравой або газавай турбінай.

турба́цыя, ‑і, ж.

Разм. Турбота, клопат. — Калі пан ужо верне нам затокі, мы прынясём самай лепшай рыбы нашаму настаўніку за турбацыю, — гаворыць дзядзька Есып. Колас. [Сомік:] — За тваю турбацыю я табе аддзякую, я дарэмна не хачу. Крапіва. [Караль:] — Эх, дзеткі .. Столькі турбацыі пакладаецца бацькамі, .. пакуль вас у людзі вывесці. Гартны. Аддаў поп пану грошы. — Вось яны, — кажа. — Давайце мне цяпер за турбацыю [тое], што дакляравалі. Якімовіч.

турбі́на, ‑ы, ж.

Рухавік, які ператварае кінетычную энергію вады, пары, газу ў механічную работу. Газавая турбіна. Паравая турбіна. □ Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын, толькі на рэчцы глуха грукала турбіна і шумела вада. Шамякін. Стары ўспомніў дзень, калі турбіна загула. Вялюгін.

[Фр. turbine.]

турбі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да турбіны. Турбінныя лопасці. Турбінны завод. □ І сёння забурліла Рэчка Моўчадзь. Турбінны гул Здалёк цяпер чуваць. Шымук. // Які дзейнічае, працуе пры дапамозе турбіны. Турбінная помпа. Турбінны паравоз.

турбі́ншчык, ‑а, м.

Той, хто будуе турбіны, працуе на турбіне.

турбо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Заклапочанасць чым‑н., неадольнае жаданне ажыццявіць што‑н. Больш за дзесяць гадоў назад пачала мне карцець адна турбота: напісаць аб .. [Коласе] аповесць. Лужанін. Турбота аб механізацыі — гэта ў першую чаргу турбота аб цукровых бураках. На буракі хціва нападае рознае зелле. Пестрак. // Пастаянная руплівасць. А дома з дзецьмі была маці. Яе жаночая работа І гэта вечная турбота То каля печы, то на полі, Сказаць, не зводзіцца ніколі. Колас. Калі над мужам навісала якая-небудзь бяда, — [Вера Антонаўка] рабілася адданай, поўнай турбот і клопатаў аб ім. Карпаў. // Неспакой. Гену ўсё больш брала турбота, што ў матчынай сяброўкі свой клопат, а яна ходзіць з ім, нечаканым госцем. Арабей.

2. звычайна мн. (турбо́ты, ‑бот). Клопаты, розныя справы. Ці мала ў .. [Паходні] турбот: паездка ў адстаючы сельсавет па заданню райкома, чарговая лекцыя ў палітшколе або даклад перад калгаснікамі. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Ходзіць вецер вясёлы па санных шляхах, Мусіць, пільныя мае турботы — Снег атрэсці з дрымучых лясоў, на палях Разбурыць снегавыя сумёты. Ляпёшкін. // Прычыненне каму‑н. клопату сваім наведваннем, просьбай. [Жэня:] — Дзякую, гаспадыня, прашу прабачыць за турботы. Новікаў. Не разумеў я, чаму лычка кілбасы бацька аддае гаспадыні .. — За турботы, панечка, — тлумачыў бацька. І калі забірала гаспадыня тую кілбасу, бацька ўздыхаў, і я зноў не разумеў: ад радасці гэта ці ад смутку. Скрыган. // Работа, занятак. Мазалі і таўшчыня былі яркім наказам таму, ці пальцы мелі многа турботы ў нялюбай падзённай працы. Бядуля. Турботы было не толькі нагам, але і рукам: вакол хмарамі звінелі, апаноўвалі асатанелыя камары, амаль безупынна даводзілася адмахвацца ад іх, біць. Мележ.

турбо́тлівасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць турботлівага. На пастарэлы твар маці, падобны вельмі да сынавага, паплыла турботлівасць з налётам ледзь прыкметнага гневу. Пестрак.

турбо́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і турботны. [Андрэй] услухоўваўся ў тон яе [Вольгі] голасу — нейкі турботлівы, з ноткамі захаплення. Пестрак.

турбо́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць турботнага; турбота, клапатлівасць. Яніна дапаўняла Фёдара сваёй працавітасцю і турботнасцю, сваёй лагодаю, якая часта бывае даражэй любога пачастунку. Кірэенка.

турбо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які турбуецца аб кім‑, чым‑н., клапоціцца пра каго‑, што‑н. Турботы чалавек. / у паэт. ужыв. Турботны родны дом Шчаслівых не пабудзіць. Голуб. // Які адлюстроўвае неспакой, хваляванне. Цімох углядаецца, пазірае пільней .. З яго твару сходзіць турботная заклапочанасць, проблескі дзікай радасці праменяцца ў яго цёмных бліскучых вачах: з высокай вежы палаца .. паплыў борзда ўгору белаваты дым. Колас. Белы колер халата і шапачкі .. вельмі ж неяк ідзе да .. вялікіх, чорных, .. турботных вачэй [Ганны Пятроўны]. Брыль.

2. Напоўнены рознымі турботамі, неспакойны. Сёння ў Машы вельмі турботны дзень: трэба спакаваць хатнія рэчы, бо заўтра досвіткам выязджаюць! Гроднеў. Прыемна і самому заадно з .. [Януком] яшчэ разок перакінуцца ў думках туды, дзе прайшло яго [Васіля] хоць і цяжкае, турботнае, але навек незабыўнае маленства. Кулакоўскі. Так уваходзіць юнак Аляксандр Віташкевіч у жыццё. Цяжкае, але прываблівае. Турботнае, але сваё, кроўнае, роднае — рабочае жыццё. Кавалёў. // Які выражае, выяўляе турботу. — А жыццё? Жыццё доўгае наша? — пераходзіць [Эльга] на трапяткі і турботны шэпт. — Бачу, назаўсёды ідзеш, нядобры твар у цябе. Мікуліч.