Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

громападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі гучны, падобны на гукі грому. Громападобны крык. Громападобны ўдар.

гро́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Скопішча пладоў або кветак на адной галінцы. Гронка вінаграду. □ Неяк адразу пацяжэлі ад .. крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. За платамі заблытаныя дажджом і набрынялыя гронкі бэзавых кветак. Карпюк.

гронкападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны да гронкі. Гронкападобнае суквецце.

грос, ‑а, м.

Уст. Дванаццаць тузінаў (144 штукі) якіх‑н. аднародных прадметаў. Грос гузікаў.

[Ням. Gross.]

гро́сбух, ‑а, м.

Бухгалтарская кніга, якая дае зводку ўсіх рахункаў і прыродна-расходных аперацый. Былі членскія ўзносы, якія акуратна запісваліся ў вялікія гросбухі і рэгістраваліся ў адпаведных інстанцыях. Лынькоў.

[Ням. Grossbuch.]

гросма́йстар, ‑тра, м.

1. Вышэйшае шахматна-спартыўнае званне. // Асоба, якая мае гэта званне.

2. Галава сярэдневяковага рыцарскага манашскага ордэна.

[Ням. Grossmeister.]

гросма́йстарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гросмайстра, належыць яму. Гросмайстарскае званне.

грот 1, ‑а, М гроце, м.

Штучная або прыродная пячора. Абследаваць грот.

[Іт. grotta.]

грот 2, ‑а, М гроце, м.

Ніжні парус на грот-мачце.

•••

Грот-мачта — сярэдняя, самая высокая мачта на парусных і вёсельных суднах.

[Ад гал. groot— вялікі.]

гро́хат, ‑а, М ‑хаце, м.

Вялікае рэшата для прасейвання сыпкіх матэрыялаў (збожжа, пяску, вугалю) і сарціроўкі іх па велічыні. // Машына з рашотамі, сітамі для такой самай мэты. Прапусціць мінеральныя ўгнаенні праз грохат.

грош, гроша; мн. грошы, ‑аў; м.

1. Даўнейшая медная манета (да 1838 г. двухкапеечная, а пасля паўкапеечная) у Расіі з 1657 да 1917 г. Хай грошай ні гроша, абы слава хароша. Прыказка. // зб. Грошы. І грош стаў лішні завадзіцца, Было што есці, чым акрыцца, І быў парадак, лад у хаце. Колас.

2. звычайна мн. (грашы́, ‑эй). Зусім нязначная сума грошай. Атрымаць грашы. Купіць за грашы.

3. Сучасная разменная манета ў Польскай Народнай Рэспубліцы, роўная 1/100 злотага, і ў Аўстрыі, роўная 1/100 шылінга.

•••

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Грош цана (у базарны дзень) каму-чаму гл. пана.

Ні за грош (капейку) — зусім дарэмна, без патрэбы (загінуць, прапасці і пад.).

Ні ў грош не ставіць гл. ставіць.

Уваткнуць (уставіць) свае тры грошы гл. уваткнуць.