гавэ́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Абл. Гутарка, размова. Гардзіенка з гаспадыняй сардэчна вялі гавэнду і не бачылі нікога. С. Александровіч. Калі купляюць, імя не пытаюць. Навошта тое імя? З рук у рукі — і гавэнды няма. Ермаловіч. Аднойчы зусім яшчэ малады паніч Андрэй Полаз, наслухаўшыся ад гасцей гавэнды пра розныя паляванні, узяў крадком ад бацькі рагач і ўцёк з дому. Сачанка.
гавя́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж., зб.
Абл. Буйная рагатая жывёла; каровы. — Паглядзі адно, як цікава расцягнуўся цуг кароў. Вось колькі гавяды ў Сілцах! Гартны.
гавя́джы, ‑ая, ‑ае.
Абл. Які мае адносіны да гавяды. Пахла сухою зямлёю і гавяджым гноем. Гартны.
гавя́дзіна, ‑ы, ж.
Абл. Ялавічына. Даўно ўжо так не абедаў Пракоп, і лепшым доказам гэтага багатага абеду служылі засеўшыя ў зубах кавалачкі гавядзіны. Колас.
га́га, ‑і, ДМ газе, ж.
Палярная нырцовая качка з каштоўным мяккім цёплым пухам.
гага́канне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. гагакаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Ляцяць дзікія гусі.. Іх гагаканне, больш чым вясна, вярэдзіць душу. Паўлаў.
гага́каць, ‑ае; незак.
Разм. Абзывацца крыкам, падобным на гукі «га-га-га» (пра гусей); гагатаць. Галасіста, ажно далёка на паплавах адгукалася рэха, гагакалі гусі. Шамякін.
гагалі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гогаля (у 1 знач.).
га́ганне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гагаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Гаганне гусей.