баго́ршчык, ‑а, м.
Суднавы рабочы, які карыстаецца багром; вясляр, што кіруе багром, калі лодка адыходзіць або прычальвае да прыстані, берага.
ба́гра, ‑ы, ж.
Густа-чырвоны, пурпуровы колер. На ніцях белай павуціны Прывозяць восень павучкі. Яе красёнцы, чаўначкі У моры лесу мільганулі І лісце ў багру апранулі. Колас.
баграні́ца, ‑ы, ж.
Даўней — адзенне ў выглядзе шырокага плашча з каштоўнай тканіны густа-чырвонага колеру, якое надзявалі манархі ў час вялікіх урачыстасцей. Шаўчэнкава муза сарвала пышныя баграніцы з распуснага і плюгавага цара Давіда. Лужанін. // Наогул яркае ўпрыгожанне. На сонцы макамі іскрыцца Плакатаў, сцягаў баграніца. Колас.
багро́вы, ‑ая, ‑ае.
Густа-чырвоны, пурпуровы. Багровыя ад зарыва крыллі здаваліся казачнымі чырвонымі макамі. Лынькоў.
багу́н, ‑у, м.
Балотная вечназялёная расліна сямейства верасовых з рэзкім адурманьваючым пахам. Ранішняе паветра было напоена густым .. пахам багуну і перапрэлага леташняга лісця. Паслядовіч.
багуні́сты, ‑ая, ‑ае.
Парослы багуном. Шумелі стагоднія пушчы, лясы Над багнай балот багуністых. Глебка.
багу́ннік, ‑у, м., зб.
Зараснікі багуну. Аднойчы след прывёў лесніка ў непралазную нетру, сплеценую крушынай і лазнякамі, папараццю і багуннікам. Кірэйчык.
багуно́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да багуну; уласцівы багуну. Багуновы пах.
бада́й,
Разм.
1. часціца. Ужываецца для выказвання нядобрых пажаданняў, праклёну. А бадай ты прапаў! □ Пан, разгневаны, нязграбна На тапчан прылёг і стогне: — А бадай вас, бабы, вогнік! Бажко. / у безас. ужыв. [Крукаў:] — Выходжу на двор — бацюхны мае: тая ж каўзота! А бадай ты згарэла! Васілёнак. / у спалучэнні з узмацняльнай часціцай «жа». Стаіць човен вады повен, Бадай жа ён да пахіснуўся... З нар.
2. пабочн. Выказвае дапушчэнне якой‑н. магчымасці, схільнасць згадзіцца з чым‑н. Няма, бадай, па багаццю ўбораў прыгажэй пары года, чым восень. Ігнаценка. Бадай, нідзе так праўдзіва не гучыць народная прымаўка «Якое жыццё — такія песні», як у сяле Азершчына. Мяжэвіч.
3. прысл. Амаль. Такія корчмы-станцыі Мінскі тракт меў бадай праз кожныя дзесяць кіламетраў. Бядуля. На процілеглым канцы [вёскі], бадай ля самай шашы, рыпае гармонік, глуха бухае бубен. Навуменка.
•••
Бадай ці не... — падобна на тое, што.
Бадай што — а) (пабочн.) магчыма што, відаць што. [Радзевіч:] — Бадай што, я згодзен з вамі. Дуброўскі; б) амаль, амаль што. Дзень бадай што ўжо канчаўся. Чорны. Так прайшоў .. [Віктар] бадай што паўдарогі. Зарэцкі.