бадай,
Разм.
1. часціца. Ужываецца для выказвання нядобрых пажаданняў, праклёну. А бадай ты прапаў! ▪ Пан, разгневаны, нязграбна На тапчан прылёг і стогне: — А бадай вас, бабы, вогнік! Бажко. / у безас. ужыв. [Крукаў:] — Выходжу на двор — бацюхны мае: тая ж каўзота! А бадай ты згарэла! Васілёнак. / у спалучэнні з узмацняльнай часціцай «жа». Стаіць човен вады повен, Бадай жа ён да пахіснуўся... З нар.
2. пабочн. Выказвае дапушчэнне якой‑н. магчымасці, схільнасць згадзіцца з чым‑н. Няма, бадай, па багаццю ўбораў прыгажэй пары года, чым восень. Ігнаценка. Бадай, нідзе так праўдзіва не гучыць народная прымаўка «Якое жыццё — такія песні», як у сяле Азершчына. Мяжэвіч.
3. прысл. Амаль. Такія корчмы-станцыі Мінскі тракт меў бадай праз кожныя дзесяць кіламетраў. Бядуля. На процілеглым канцы [вёскі], бадай ля самай шашы, рыпае гармонік, глуха бухае бубен. Навуменка.
•••
Бадай ці не... — падобна на тое, што.
Бадай што — а) (пабочн.) магчыма што, відаць што. [Радзевіч:] — Бадай што, я згодзен з вамі. Дуброўскі; б) амаль, амаль што. Дзень бадай што ўжо канчаўся. Чорны. Так прайшоў .. [Віктар] бадай што паўдарогі. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)