Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чарамі́сы, ‑аў; адз. чараміс, ‑а, м.; чараміска, ‑і, ДМ ‑місцы; мн. чараміскі, ‑сак; ж.

Уст. Тое, што і марыйцы.

чарамша́, ‑ы, ж.

Травяністая, цыбульная расліна сямейства лілейных; дзікі часнок. Чарамша і абляпіха, Не забыць нам Вашых чар. Хведаровіч.

чаранкава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. чаранкаваць.

чаранкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

Разводзіць, вырошчваць расліны пры дапамозе чаранкоў.

чаранко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чаранка; выгадаваны з чаранка. Чаранковыя расліны. Чаранковае лісце.

чарано́, ‑а, н.

Абл. Чарэнь (у 1 знач.). У пасялкоўца Цімоха Бабуры здарылася бяда ў хаце: у печы правалілася чарано. Колас. Стары варочаўся на печы і плечы грэў на чаране. Гаўрусёў.

чарано́к, ‑нка, м.

1. Частка сцябла, кораня або ліста, якая аддзяляецца ад расліны для вегетатыўнага размнажэння і ў спрыяльных умовах развіваецца ў самастойную расліну. Аднекуль.. [Якіму Гарбузу] нехта прыслаў чаранкі вінаграду, і цяпер у садзе ў зацішным куточку ён рос і нават даспяваў. Сабаленка.

2. Вузкая частка ліста, што злучае яго са сцяблом.

чарапа́ха, ‑і, ДМ ‑пасе, ж.

1. Жывёліна атрада паўзуноў з касцявым панцырам, якая вельмі павольна рухаецца на кароткіх лапах, што разам з хвастом і галавой могуць уцягвацца ў панцыр. Балотная чарапаха. □ [Цётка:] — Пойдзем да нас. У нас ёсць папугайчык і чарапаха. Гарбук.

2. зб. Рагавыя шчыткі панцыра гэтай жывёліны, якія ідуць на дробныя вырабы.

чарапа́хавы, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгатаваны з чарапахі (у 1 знач.). Чарапахавы суп.

2. Зроблены з чарапахі (у 2 знач.). Чарапахавы грэбень.

чарапашаня́ і чарапашанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня чарапахі.