Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фальцава́цца, ‑цуецца; незак.

Зал. да фальцаваць.

фальцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., што.

Спец.

1. Рабіць фальц (у 1, 2 знач.). Фальцаваць аконныя рамы. □ [Раман Раманавіч:] — У нас механізацыя: машынамі габлюем, пілуем, фальцуем. Дубоўка.

2. Згінаць, згортваць папяровы аркуш у адпаведным парадку. Я апрацоўваў заметкі, збіраў падпіску, фальцаваў газеты, хадзіў на вёрстку ў друкарню. Скрыган.

[Ад ням. falzen — складваць, згібаць.]

фальцо́вачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Прызначаны для фальцавання, фальцоўкі. Фальцовачная машына.

фальцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. фальцаваць.

фальцо́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца фальцоўкай.

фальцо́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да фальцоўшчык.

фальцэ́т, ‑у, М ‑цэце, м.

Вельмі высокі гук пеўчага голасу, які патрабуе асобага прыёму выканання, а таксама такая манера спеву. Заспяваць фальцэтам. // Вельмі высокі, пісклявы голас. Гаварыў Лявон Малашонак роўным голасам, які часамі збіваўся на фальцэт, што трошкі не вязалася з саліднай фігурай старшыні. Ермаловіч.

[Іт. falsetto.]

фальцэ́тны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца фальцэтам. Рогат у Васільева быў тонкі, фальцэтны, з высокімі, амаль сапранавымі пералівамі. Мікуліч.

фальш, ‑у, м.

1. Падман, ашуканства. [Гендарсан] поркаўся ва ўжо засыпаных буртах, вымяраў пласт саломы і зямлі, але не знаходзіў фальшу. Чарнышэвіч. // Падробка. На момант.. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

2. Прытворства, няшчырасць, крывадушнасць. У ласкавасці, з якой былі вымаўлены гэтыя словы, Галіна Іванаўна адчула фальш, няшчырасць. Марціновіч. Валодзя не ўлавіў ноткі фальш[у] у.. расказе [перакладчыка]. Федасеенка. // Адсутнасць натуральнасці, адпаведнасці мастацкай праўдзе. Нішто не бывае такім прыкрым у літаратурным творы, ва ўсякім друкаваным слове, як фальш, непісьменная сухая штучнасць. Чорны.

3. Недакладнасць у выкладанні, скажэнне (пра спеў, ігру на музычным інструменце). У тых жа выпадках, калі чуецца выразны фальш або збіванне з тону, пісар трасе галавою, махае рукою, перахватваючы спевы і змушаючы хор падпарадкавацца яму. Колас.

[Ням. Falsch.]

фальшбо́рт, ‑а, М ‑рце; мн. ‑борты, ‑аў; м.

Спец. Бартавая агароджа палубы на судне. Хвалі пераліваліся цераз фальшборт.

[Ням. Falschbord]