Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чарада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

чарадзе́й, ‑я, м.

1. Чараўнік, вядзьмар. Радзіся ты прарок ці чарадзей, А добры сад не вырасціш за дзень. Бічэль-Загнетава.

2. перан. Той, хто зачароўвае, захапляе, чаруе чым‑н. — Ты, чарадзей, Ваня! — узнёсла вымавіла.. [Калашнікава], гледзячы на тонкую работу мастака. Новікаў. Ён [канькабежац] чарадзей. Сваім каньком — Вось гэта, бач, сенсацыя! — Зімою высякае гром... Вясновы гром авацыі. «Вожык».

чарадзе́йка, ‑і, ДМ ‑дзейцы; Р мн. ‑дзеек; ж.

Жан. да чарадзей.

чарадзе́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць чарадзейнага.

чарадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які валодае магічнай, звышнатуральнай сілай. Чарадзейнае зелле. □ Вельмі шкада, што цуды бываюць толькі ў казках, што толькі з чарадзейнага рога ўсяго многа. Сяркоў.

2. Незвычайны па сіле ўплыву, уздзеяння; які захапляе, чаруе. [Міхась Чарот] мне неяк прызнаваўся, што гэтая жанчына мела над ім нейкую чарадзейную ўладу. Рамановіч. Слова ў літаратурным мастацкім творы — гэта чарадзейны знак. Скрыган.

чарадзе́йскі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і чараўніцкі.

чарадзе́йства, ‑а, н.

Паводле забабонных уяўленняў — магічныя прыёмы, з дапамогай якіх уздзейнічаюць на людзей і прыроду. Насмешкі настаўніка над чарадзействам старожкі крыху пакрыўдзілі добрую і чуллівую бабку. Пшыркоў. Вядзьмар і шэпча, і заломы вырывае, і ўсялякім чарадзействам займаецца. Якімовіч.

чарамі́с,

гл. чарамісы.

чарамі́ска,

гл. чарамісы.

чарамі́скі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да чарамісаў, які належыць, уласцівы ім. Чараміская мова.