Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фальсіфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.

Падрабіць (падрабляць), сказаць (скажаць) з мэтай выдаць за сапраўднае. Вядома, што рэакцыянеры — ахавальнікі самадзяржаўнага ладу ў Расіі і буржуазныя нацыяналісты фальсіфікавалі паэзію Тараса Шаўчэнкі. Палітыка.

[Ням. falsifizieren ад лац. falsifico — падробліваю.]

фальсіфіка́т, ‑у, М ‑каце, м.

Кніжн. Фальшывы, падроблены прадукт, выраб.

[Ням. Falsifikat.]

фальсіфіка́тар, ‑а, м.

Той, хто займаецца фальсіфікацыяй. Фальсіфікатары гісторыі.

фальсіфіка́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фальсіфікатара.

фальсіфіка́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. фальсіфікаваць.

2. Падробленая рэч, якая выдаецца за сапраўдную; падробка. Высветлілася, што манускрыпт Макіявелі — фальсіфікацыя. «ЛіМ». // Спец. Змяненне якасці чаго‑н. у горшы бок пры захаванні знешняга выгляду. Фальсіфікацыя жэмчугу.

фальста́рт, ‑у, М ‑рце, м.

Спец. Старт, узяты кім‑н. з удзельнікаў спаборніцтва раней, чым патрэбна.

[Англ. false start — няправільны старт.]

фальц, ‑а, м.

Спец.

1. Шво на месцы змацавання тонкіх металічных лістоў.

2. Прамавугольная канаўка ўздоўж краю дошкі, бруска; паз.

3. Месца згібу аддрукаваных аркушаў кнігі, часопіса і пад. пры фальцаванні.

4. Палоска тканіны, якой абклейваецца форзац для далучэння да ўнутраных краёў аркушаў кнігі пры пераплятанні.

[Ням. Falz.]

фальцава́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Прызначаны для фальцавання. Фальцавальны цэх.

фальцава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. фальцаваць.

фальцава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад фальцаваць.

2. у знач. прым. Спец. Сагнуты, з фальцамі (у 3 знач.).