беспрынцыпо́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць беспрынцыповага. Беспрынцыповасць паводзін.
беспрынцыпо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які не мае, не выражае пэўных прынцыпаў, пазбаўлены маральных асноў. Беспрынцыповы чалавек. Беспрынцыповы падбор кадраў. Беспрынцыповае рашэнне.
беспрыпы́начны, ‑ая, ‑ае.
Які не робіць прыпынкаў; які не мае перапынкаў у руху, у дзеянні.
беспрыста́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае пры сабе прыстаўкі. Беспрыставачны дзеяслоў. Беспрыставачная аснова.
беспрыто́мнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць беспрытомнага; адсутнасць прытомнасці. Праціснуўшыся паўз цэглу і абадраўшыся да крыві, Чыжык застагнаў ад болю і зноў у беспрытомнасці ўпаў. Лупсякоў.
беспрыто́мны, ‑ая, ‑ае.
Які страціў прытомнасць. Аварыйная служба выкапала з-пад пароды Мацюка яшчэ жывога, але беспрытомнага. Сабаленка. / у знач. наз. беспрыто́мны, ‑ага, м.; беспрыто́мная, ‑ай, ж. Нейкая цётка, божкаючы, прынесла вядро вады з калодзежа і лінула беспрытомнаму на галаву. Машара.
беспрыту́льнасць, ‑і, ж.
Стан беспрытульнага; наяўнасць безнаглядных, беспрытульных дзяцей. Барацьба з беспрытульнасцю.
беспрыту́льнік, ‑а, м.
Бяздомнае дзіця, падлетак, якія страцілі сям’ю або адарваліся ад яе і жывуць на вуліцы без догляду і выхавання. Тое, што .. [ахоўнікі] ўбачылі, не прывяло іх у захапленне: на дахах вагонаў віднеліся постаці беспрытульнікаў. Нядзведскі.
беспрыту́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае прытулку; бяздомны. Беспрытульны чалавек. // Асірацелае, бяздомнае дзіця, якое жыве на вуліцы без догляду і выхавання. Месяц ці нават больш Рома пражыў у Лаўрыніхіт — яна завяла беспрытульнага цыгана да сябе, бо векавала адна; думала, што ён будзе ў яе за сына. Чыгрынаў. / у знач. наз. беспрыту́льны, ‑ага, м.; беспрыту́льная, ‑ай, ж. Хто яна і адкуль, Таня сама не ведала. Падабралі яе малую чужыя людзі на вялікай дарозе і далі прытулак у сваім доме. Колькі было тады, у грамадзянскую вайну, беспрытульных! Новікаў.
2. перан. Пазбаўлены належнага нагляду; закінуты, занядбаны. [Чалавек:] — Прыбралі мы да сваіх рук адну беспрытульную швейную фабрычку. Лынькоў. [Карнейчык:] — Станок № 16 зусім беспрытульны, за пэўнымі людзьмі не замацаваны, увесь брудам зарос. Крапіва. // Які не дае прытулку, няўтульны. Сумам і беспрытульнай адзінотай веяла ад старой хаціны. Самуйлёнак.