вурча́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. вурчаць.
вурча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Тое, што і бурчаць (у 1 знач.). Праз момант чутно, як.. [сабакі] злосна і нездаволена вурчаць. Лупсякоў. Навокал стаяла цішыня, толькі над галавой вурчаў, аддаляючыся, самалёт. Няхай.
вусано́гія, ‑іх.
Атрад ніжэйшых марскіх ракападобных жывёл.
вуса́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вусы, вусікі; з доўгімі або густымі вусамі. Вусаты чалавек. Вусаты кот. □ Аб шкло біўся аксамітнымі крыламі вялікі вусаты матыль. Б. Стральцоў. Вусаты, увесь у пыле, машыніст абвясціў перапынак. Хадкевіч. / у знач. наз. вуса́ты, ‑ага, м. Разм. — Аддай мне птушку! — наступаў вусаты на бялявага. Арабей. // З вусікамі, асцюкамі (пра расліны). Шапочуць вусатыя, нахіленыя да самай зямлі каласы жытоў і пшаніцы. Гамолка.
2. Састаўная частка назваў некаторых жывёл. Вусаты кіт.
вуса́ч, ‑а, м.
1. Разм. Чалавек з вусамі (звычайна доўгімі або густымі). З натоўпу выскачыў вусач і пусціўся ўпрысядкі, а потым закружыўся ваўчком. Гурскі.
2. Рыба сямейства карпавых; мірон.
3. Тое, што і дрывасек (у 2 знач.). Большасць вусачоў — шкоднікі лесу.
ву́сеневы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вусеня.
ву́сень, ‑я, м.
Лічынка матыля, падобная на чарвяка. Аднойчы.. [Ксеня] знайшла на яблыні вусеня, страшэнна перапужалася. Дуброўскі. // у знач. зб. Вусень пааб’ядаў вясною лісце ў садзе. Чорны.
ву́сікі, ‑аў; адз. вусік, ‑а, м.
1. Памянш.-ласк. да вусы (у 1, 2 знач.); маленькія вусы. Собіч не любіў гэтага чалавека, вяртлявага, цыбатага, быстравокага, з тоненькімі моднымі вусікамі. Скрыган.
2. Ніткападобныя атожылкі на сцябле некаторых паўзучых раслін, якімі яны прымацоўваюцца да іншых прадметаў. У прыбудоўцы сенцах гаспадарыць адзін толькі неспакойны вецер,.. пакалыхваючы дзікі вінаград, што моцна ўчапіўся за тонкія дошкі, за кроквы, пераплёўшы іх сваімі цапкімі вусікамі. Колас.
3. Членістыя прыдаткі на галаве ў членістаногіх жывёл.
4. Спец. Доўгія тонкія выступы якой‑н. дэталі, прыстасавання ў выглядзе спружынак, дроцікаў. [Язэп] захапіў рукой жыта і раптам убачыў міну і два драцяныя вусікі, што тырчалі ў розныя бакі. Асіпенка.
вуснапаэты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да вуснай народна-паэтычнай творчасці.