трая́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Разм. Прадмет, які мае тры аднолькавыя часткі або складаецца з трох аднолькавых частак. Траянка баравікоў. Траянка арэхаў.
2. Абл. Мука з сумесі грэчкі, пшаніцы і ячменю. Пазычыць кулёк траянкі.
3. Абл. Страва з пшанічнай мукі. яец і салодкага малака, у якую мачаюць бліны. Смачней за траянку стравы не знойдзеш.
трая́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Троі. Траянская вайна.
•••
Траянскі конь гл. конь.
трая́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Грашовы знак вартасцю ў тры рублі. Маючы ў кішэні скамечаную траячку, дарожны майстар завярнуў у рэстаранчык, каб трохі сагрэцца і падняць настрой. Навуменка.
трог, ‑а, м.
Спец. Горная даліна карытападобнай формы, утвораная дзейнасцю леднікоў.
[Ням. Trog — карыта.]
тро́е, траі́х, ліч. зб.
Тры (падліковага значэння не мае, ужываецца з назоўнікамі мужчынскага, ніякага або агульнага роду, якія абазначаюць асоб. маладых істот, а таксама з назоўнікамі, якія маюць толькі мн. лік, і з асабовымі займеннікамі ў мн. ліку). Трое братоў. Трое ягнят. Нас было трое. Трое дзвярэй. У нас траіх. / у знач. наз. тро́е, траі́х. У сярэдзіне дня да нас у музей зайшло трое. Кавалёў.
тро́ечнік, ‑а, м.
Разм. Вучань, студэнт, які пастаянна атрымлівае тройкі за вучобу.
тро́ечны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тройкі (у 4 знач.); прызначаны для язды на тройцы. Троечны экіпаж.
тро́йка, ‑і, ДМ тройцы; Р мн. троек; ж.
1. Лічба 3. Напісаць тройку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 3 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 3.
2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем пасрэдна. Клава думала .. пра тыя тры валы, якія яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта тройка па пісьму і чацвёрка па хіміі. Кавалёў. Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік: А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.
3. Ігральная карта, дошчачка даміно з трыма ачкамі. Казырная тройка.
4. Трое коней, запрэжаных поруч у адзін экіпаж. Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў: Дзед Мароз, Зіма ў кароне І Сняжыначкі з бакоў. Галіноўская. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. // Экіпаж з трыма запрэжанымі ў яго коньмі. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч.
5. Група з трох чалавек, кіруючая група, створаная для выканання пэўнай работы. Тройка па барацьбе з паводкай. Аператыўная тройка. □ ЦК ЛКСМБ строга патрабаваў ствараць невялікія групы — тройкі, пяцёркі, якія маглі лепш захоўваць канспірацыю. Дзенісевіч. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Нам дзве гадзіны назад прыслала тройка загад — спусціць з рэек гэты цягнік... Чарот.
6. Касцюм (мужчынскі або жаночы), у які ўваходзіць пінжак (жакет), штаны (спадніца) і камізэлька. Пашыць тройку.
7. Разм. Тры рублі.
•••
На тройках ехаць гл. ехаць.