трахеі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да трахея. Трахеічны размер у антычным вершаскладанні.
трахе́й, ‑я, м.
Спец. Двухскладовая стапа ў антычным вершаскладанні; харэй.
[Грэч. trochaios — хуткі.]
трахейнады́хальныя, ‑ых.
Падтып членістаногіх жывёлін, якія дыхаюць пры дапамозе трахеяў.
трахе́йны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да трахеі (у 1 знач.). Трахейная трубка.
трахе́я, ‑і, ж.
Спец.
1. Дыхальнае горла.
2. толькі мн. (трахе́і, ‑яў). У членістаногіх — дыхальныя трубкі, якія адкрываюцца на паверхні цела.
3. толькі мн. (трахе́і, ‑яў). Сасуды ў раслін.
[Грэч. trachéia.]
трахі́т, ‑у, М ‑хіце, м.
Вулканічная горная парода зярністай структуры і светлай афарбоўкі (выкарыстоўваецца як будаўнічы матэрыял).
[Ад грэч. trachýs — шурпаты.]
трахі́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да трахіту, уласцівы яму. Трахітавая парода. Трахітавая структура.
тра́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм.
1. Упасці з размаху, з сілай. [Крукаў:] — Я і без таго не сказаць каб дужа ўжо моцна трымаўся на нагах, а тут такая каўзота, што калі б і цвярозы быў, дык і то, можа, не адзін раз трахнуўся б вобзем. Васілёнак.
2. Моцна, з сілай стукнуцца аб што‑н. Прабыла булава ў небе гадзіны тры і ляціць назад. Удовін сын выставіў правую далонь. Булава трахнулася аб далонь і пераламалася напалам. Якімовіч.
тра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Моцна, з сілай стукнуць каго‑, што‑н. або чым‑н. Трахнуў Юрка кулаком і жонку па галаве. Гарэцкі. Іван Мацвеевіч схапіў чайнік і трахнуў аб сцяну. Фарфоравыя асколкі разляцеліся ў розныя бакі. Каршукоў. Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. [Гаспадар:] — Не выцерпеў брыгадзір, паехаў у газету, знайшоў таго карэспандэнта, дый гаворыць: «Вось як трахну табе той рукой, якой у мяне няма, дык будзеш ведаць, як трэба пісаць!» Гурскі.
2. Выстраліць па кім‑, чым‑н. І раптам, як гром з нябёс, Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў. Напэўна, соллю ў кагось. Караткевіч. // Забіць, застрэліць каго‑н. — І што са старастам? Трахнулі яго? — спытаў Сцёпка. Хомчанка. — То-та, я гляджу, учора мне якраз у Грозаве казалі: пана Вранеўскага трахнулі. — Як трахнулі? — Ну, як — забілі! Скрыган. // Утварыць рэзкі гук пры выстрале. Прылажыўся ён [дзед] і бахнуў, Бліснуў іскрамі агонь; Як пярун, стрэл гэты трахнуў. Колас.
3. Выпіць спіртных напіткаў. [Генька:] — Даруй мне! Сёння нядзеля. Я шкляначку трахнуў! Гарбук. // З прагнасцю з’есці што‑н. [Пятрусь:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы, вось тут бы я трахнуў так, каб аж... Васілевіч.
трахо́ма, ‑ы, ж.
Заразнае хранічнае захворванне слізістай абалонкі вока.
[Грэч. tráchoma ад tráchys — шурпаты.]