Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трафе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца трафеем, захоплены як трафей. Трафейная зброя.

трафі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да жыўлення органаў і тканак, да абмену рэчываў. Трафічная функцыя нервовай сістэмы. // Звязаны з расстройствам жыўлення, абмену рэчываў. Трафічная язва.

трафны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да трэфу, з’яўляецца трэфам.

трах, выкл.

1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння моцнага адрывістага гуку, трэску. Узмахнула гадзюка Даўжэзным хвастом, Зачапіла палац, Грук і стук, грах і трах. Бядуля.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. трахаць — трахнуць і трахацца — трахнуцца. Прыйшлі яны ў лес, князь і кажа хлопцу: «Лезь на дрэва і паглядзі, ці не відаць адсюль твая хата». Залез той на хвою і крычыць: «Не, не відаць, ясны пане!» — «Ну і не пабачыць табе яе больш», — прамовіў князь і трах са стрэльбы. Хлопец зваліўся на зямлю. С. Александровіч. Двое салдат залазілі на бервяно і пачыналі біць адзін аднаго падушкамі .. Трах, бах падушкай, яшчэ ўдар, і бацька зляцеў з бервяна. Хомчанка.

3. у знач. вык. Разм. Ужываецца для абазначэння якога‑н. нечаканага дзеяння, учынку. Разаля ж — трах! — за капітана Раптоўна выйшла месяцы праз два. Корбан. [Дубель:] — За тое, што зайца забіў, дык ледзь са свету не зжыў [Палын]. Вымову без усяго ўсякага трах з занясеннем у асабовую справу. Ермаловіч.

траха́, прысл.

Разм. Чуць, амаль. Касніцкі ўскінуў на плечы граблі і вілы і рушыў ісці, цень яго быў гэтакі доўгі, што галава ўпіралася ў былы папоўскі сад, а граблі з віламі каб траха, дык дайшлі б да самай царквы. Чорны. Затое мы самі назвалі пастку лаўком, гэты лавок нагадваў цыліндр даўжынёю не болей за метр, а дыяметрам траха меней паўметра. Масарэнка.

•••

Траха не... — чуць не, амаль не. Дачка акінула бацьку такім ледзяным позіркам, што таго траха не скаланула, але ён не падаў выгляду, што адчувае сябе няёмка. Чарнышэвіч.

Траха што — амаль што. Ды траха што і ўсе выкладчыкі мелі дачыненне да друку — былі аўтарамі першых беларускіх падручнікаў. Якімовіч.

трахамато́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трахомы. Трахаматозны вірус.

2. Хворы трахомай. Трахаматозны хворы. // Пашкоджаны трахомай. Трахаматознае вока.

тра́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да трахнуцца.

тра́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да трахнуць.

трахеатамі́я, ‑і, ж.

Спец. Хірургічнае аперыраванне трахеі з увядзеннем у яе спецыяльнай трубкі для ўстанаўлення дыхання.

[Ад грэч. trachéia — дыхальнае горла і tomē — рассячэнне.]

трахеі́т, ‑у, М ‑хеіце, м.

Запаленне слізістай абалонкі трахеі.