валачы́цца, ‑лачуся, ‑лочышся, ‑лочыцца; незак.
1. Цягнуцца па зямлі, падлозе і пад. За трактарамі валачыліся прывязаныя да іх счэпы з плугоў, баран, культыватараў, сеялак. Хадкевіч. Крывая тонкая шабля паручніка валачылася па зямлі. Скрыган. // Хадзіць услед за кім‑н. Я быў на сёмым небе і пачаў валачыцца за ім след у след, як абнаджаны шчанюк. Лужанін.
2. Разм. Вандраваць, блукаць; бадзяцца. Курачка валачыўся па вёсках і хутарах пад выглядам шаўца. Чарнышэвіч. [Мікола:] — Валачыцца тут [Капейка] хутка год. А хто, адкуль — так і не дойдзеш да ладу. Брыль. [Бацька:] — Дзе ты ноч у ноч валочышся? Навуменка.
3. за кім. Разм. пагард. Заляцацца. А што за.. [Варай] валочыцца і пры кожнай сустрэчы чэпіцца да яе гэты белабрысы брыгадзір Даніла Анішчык, Вара і не вінавата. Дуброўскі.
4. Зал. да валачыць (у 4 знач.).
валачы́ць, ‑лачу, ‑лочыш, ‑лочыць; незак.
1. каго-што. Тое, што і валачы; розніца толькі ў тым, што валачыць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова і ў розны час. Валачыў воўк, павалаклі і ваўка. Прыказка.
2. што. Разм. Насіць (пра адзенне). Скінь лахманы, што доўгія векі, Ты валачыла з кастры, з палыну. Купала.
3. перан., што. Весці бязрадаснае, цяжкае жыццё. [Старац:] Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна. Купала. Гэта была гнедая, яшчэ не да смерці худая кабылка, якраз тая гарапашніца, што валочыць сялянскую горкую долю. Брыль.
4. што. Спец. Рабіць валачэнне. Валачыць дрот.
валачэ́нне, ‑я, н.
Спец. Апрацоўка металу шляхам працягвання праз конусападобныя адтуліны. Валачэнне дроту, труб.
валейбалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Ігрок у валейбол.
валейбалі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да валейбаліст.
валейбо́л, ‑а, м.
Спартыўная гульня ў мяч, які перакідваецца цераз сетку ад адной каманды да другой.
[Англ. volley-ball.]
валейбо́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да валейбола. Валейбольная пляцоўка. Валейбольны мяч. Валейбольняя каманда.
вале́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. валіць (у 6 знач.).
вале́нтнасць, ‑і, ж.
Спец. Уласцівасць атама аднаго элемента далучаць да сябе пэўную колькасць атамаў другога элемента. Дадатная валентнасць. Ніжэйшая валентнасць.
[Ад лац. valens, valentis — які мае сілу.]
...валентны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Другая састаўная частка складаных слоў, якія абазначаюць: здольны злучацца з атамамі іншага элемента ў прапорцыі, вызначанай у адносінах да вадароду і паказанай першай часткай слова, напрыклад: аднавалентны, двухвалентны, полівалентны.