бяссле́дны, ‑ая, ‑ае.
Які не пакідае пасля сябе ніякіх слядоў. Бясследнае знікненне.
бясслёзны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае слёз. Бясслёзная журба.
бяссло́ўны, ‑ая, ‑ае.
Выказаны без слоў. Бясслоўны дакор. // Пра чалавека, які не любіць гаварыць; маўклівы. [Лагуновіч:] — Але тут [у калгасніц], акрамя ўсіх бядот, якія ты [Якавенка] ведаеш, яшчэ і іх асабістая — старшыня. .. На выгляд — так, бясслоўнае стварэнне, цялё рахманае. Мележ.
бяссме́ртнік, ‑у, м., зб.
Назва рада травяністых раслін з сухімі кветкамі, якія не вянуць; імартэль, сухацвет. Пад акном разросся куст бэзу, дацвіталі вяргіні і бяссмертнікі. Сабаленка.
бяссме́ртны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вечна жыве: неўміручы. Народ бяссмертны.
2. Выс. Які застаецца назаўсёды ў памяці людзей; незабыўны. Бяссмертны подзвіг. □ Ён [Ленін] — жывы, ён — бяссмертны, ён — вечны. Глебка.
бяссме́рце, ‑я, н.
1. Вечнае існаванне, няспыннае бытаванне. Бяссмерце прыроды. □ А ў несмяротнасці справы — і наша бяссмерце. Брыль.
2. Выс. Пасмертная слава. Узняла касачы Над табою [пра Максіма Багдановіча] жыццё, Над тваім незгасаючым сэрцам, Узняло, як мячы, Каб працяць небыццё І ахоўваць паэта бяссмерце. Аўрамчык.
бяссне́жны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены снегу, скупы на снег. Бясснежная зіма.
бяссо́нечны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены сонца, сонечнага святла. Бяссонечны дзень. Бяссонечны клімат Ірландыі.
бяссо́нне, ‑я, н.
Разм. Тое, што і бяссонніца. Людзі, стомленыя, знясіленыя ад бяссоння і трывогі, адразу валіліся на зямлю і засыпалі. Мележ.
бяссо́ннік, ‑а, м.
Разм. Той, хто не хоча спаць уначы. У вагоне было неяк.. зусім ціха. Мо таму, што заядлыя бяссоннікі матросы, якія ўвесь вечар гаманілі і ляскалі ў даміно, стуліўшыся, ківалі галовамі. Сачанка.