бясе́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Збор гасцей з пачастункам. Ды краска бяседа не ўзорамі, А ласкавымі прыгаворамі; Не ядвабнымі абрусамі, А ласкавымі прымусамі. Багдановіч. Сталы на бяседы ў Сцешыцах людзі заўсёды пазычалі адзін у аднаго. Пташнікаў. // зб. Удзельнікі пачастунку. Спявала ўжо ўся бяседа. Нават я, хоць мне, як той казаў, яшчэ ў дзяцінстве вол наступіў на вуха, і я быў глухі да мелодый. Сабаленка.
бясе́днік, ‑а, м.
Разм. Удзельнік бяседы. Бяседнікі ядуць і стравы хваляць. Якімовіч.
бясе́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да бяседы. Бяседны стол. Бяседны шум.
бяска́рны, ‑ая, ‑ае.
Які застаўся без пакарання, не пакараны. Бяскарны ўчынак.
бяскве́ткавыя, ‑ых.
Расліны, у якіх не бывае кветак і насення і якія размнажаюцца спорамі; споравыя.
бяскла́савасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бяскласавага. У процілегласць буржуазным нацыяналістам — апалагетам бяскласавасці і беспартыйнасці — Купала паслядоўна праводзіў у сваёй творчасці прынцып рэвалюцыйна-дэмакратычнай партыйнасці. Івашын.
бяскла́савы, ‑ая, ‑ае.
Які не падзяляецца на грамадскія класы, не мае класаў. Бяскласавае камуністычнае грамадства.
бяско́лернасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бясколернага; адсутнасць колераў.
бяско́лерны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае колеру, не афарбаваны. Бясколерная вадкасць. □ Чысты алмаз бясколерны, з моцным бляскам, ён вельмі добра праводзіць электрычны ток. «Маладосць». // Выцвілы, невыразны. І цётка Палагея, не то любуючыся скопам, не то сваёй работай, усміхнулася Антону сваімі некалі сінімі, як васількі, а цяпер бясколернымі вачамі і ўсім сваім маршчыністым, але ззяючым прыемным тварам. Сіўцоў. // перан. Пазбаўлены яркіх рыс, нічым не адметны; невыразны. Мову бясколерную, розныя канцылярскія звароты і штампы прынеслі ў мастацкую літаратуру людзі абыякавыя і сумныя. Шкраба.