Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

брыльянці́сты, ‑ая, ‑ае.

Падобны колерам на брыльянт. Серабрыцца снег, мігацяць незлічоныя мільёны брыльянцістых іголак. Лынькоў. Здавалася, вось-вось.. [вербы] заварушацца, і тады дождж брыльянцістых рос сыплецца на водную гладзь. Пестрак.

брыля́сты, ‑ая, ‑ае.

З вялікім брылём (у 1 знач.). Зноў папаліся лісічкі — раз, другі, а потым у бярэзніку на ўзбалотку знайшоў я абабак і брылястыя чырвоныя сыраежкі. М. Стральцоў.

бры́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм. зневаж. Пра таго, хто без патрэбы ходзіць, сланяецца, нічога не робіць. Эх, брында ты, брында! Не слухаеш старога — скулу мець будзеш. Колас.

бры́ндаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Хадзіць, совацца без патрэбы; сланяцца, нічога не робячы. [Ева:] — А прыйшоў [сын] з вайны калекам — купіў ружжо ды ўнадзіўся хадзіць па лесе: брындае цэлы дзянёчак. Масарэнка.

бры́нза, ‑ы, ж.

Сыр з авечага малака.

[Рум. brinzē.]

бры́нканне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. брынкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

бры́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Адзывацца пры ўдары гукам, падобным да лёгкага звону; дзвынкаць. Брынкае шыба. // Выклікаць ударам такі гук. Нехта доўга брынкаў на кухні пасудай.

2. на чым. Няўмела або ляніва іграць на якім‑н. музычным інструменце. Андрэй Шыбянкоў, як зазвычай, сядзеў, фарсіста закінуўшы нагу за нагу, і брынкаў на вечнай сваёй гітары. Зарэцкі. Я ўжо ўмеў чытаць ноты, сяк-так брынкаў на раялі, і таму вучоба музыцы не была для мяне вялікім цяжарам. Хомчанка.

брынклі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Надтрэснуты (пра гук, голас). Дзядок бадзёра выйшаў на сцэну і, моцна прыстукваючы кіем аб падлогу, пачаў нешта натужліва крычаць тонкім, брынклівым голасам. Краўчанка.

бры́нкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да брынкаць.

брынча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Разм. Тое, што і брынкаць (у 1 знач.). Я ўсю дарогу не зводжу вачэй з пагнутага парожняга вядра, што брынчыць ззаду на дзедавым возе. Сачанка. Кроплі па даху брынчалі, Бегла дарогі рака. Лось.