флажко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які ўтвараецца флажкамі, з дапамогаю флажкоў. Флажковая сігналізацыя.
флажо́к, ‑жка, м.
Памянш. да флаг (у 1 знач.); невялікі флаг. Пафарбаваны ў вішнёвы колер, з гірляндамі кветак на кабіне, на кузаве, з флажком на радыятары.. [самазвал] зіхацеў і іскрыўся. Карпаў. // Кавалачак паперы ў выглядзе флага, прымацаваны да шпількі, доўгай ніткі і пад. Флажкі на карце. Ёлачныя флажкі.
флако́н, ‑а, м.
Невялікая бутэлечка, пераважна для духоў. Жонка ўсміхнулася. Падала флакон з парфумаю «Лілія». Баранавых. Каля.. [мальберта], на зямлі, была расчынена скрыначка з фарбамі, флаконамі. Ракітны.
[Фр. flacon.]
флако́нчык, ‑а, м.
Памянш.-ласк. да флакон. Можна купіць там [у інтэрнаце] флакончык адэкалону, мыла, зубны парашок, шчотку, ніткі, іголкі і іншыя рэчы. Кулакоўскі.
флама́ндскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Фламандыі, фламандцаў, які належыць, уласцівы ім. Фламандская мова. Фламандскае мастацтва.
флама́ндцы, ‑аў; адз. фламандзец, ‑дца, м.; фламандка, ‑і, ДМ ‑дцы; мн. фламандкі, ‑дак; ж.
Народ, які насяляе поўнач Бельгіі і частку французскай Фландрыі.
флама́стэр, ‑а, м.
Карандаш, у якім пішучым элементам з’яўляецца порысты стрыжань, насычаны фарбавальнікам.
[Англ. flowmaster.]
фламі́нга, нескл., м.
Трапічная і субтрапічная вадзяная птушка з бледна-ружовым апярэннем, доўгай шыяй і высокімі нагамі. На зарослай лілеямі, зацягнутай раскаю водмелі стаяць ружовыя, лірычна маўклівыя фламінга. Брыль.
[Партуг. flamingo.]