Су́са ’наўскач’: кабылка прэ cyca (Сержп. Казкі), даў cyca ’задаў стракача’ (Сержп. Прымхі). Запазычана праз польск. sus, szus ’доўгі скачок’ з ням. Schuss ’скок’ (Брукнер, 558; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 376; ЕСУМ, 5, 481). Магчыма, пасрэдніцай выступала мова ідыш, параўн. sus ’конь’ (Астравух, Ідыш-бел. слоўнік, 726), гл. таксама Штэрн, Wörterbuch, 211.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тахлява́ць (тахлева́ць) ’марнатравіць’ (Нас.), ’марнатравіць, перапрадаваць, спекуляваць’ (Чач.), тахлёва́ты ’мантачыць, растрачваць’ (Арх. Вяр.). Параўн. польск. дыял. tachlować ’перапрадаваць, махлярыць’. З ідыш táxl(j)even ’праматаць, прамотваць; растраціць, растрачваць’, што да tachles ’канкрэтная мэта, вынік, карысць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 791), апошняе ўзыходзіць да бібл.-гебр. taḵlī̱t ’завяршэнне, крайнасць’ (Вінер, ЖСт., 1895, 1, 67; Штэрн, Wörterbuch, 211).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скапэ́раціся (скапэратісе) ‘памерці’ (беласт., Сл. ПЗБ), скапарэ́ць ‘змерзнуць, закачанець’, скапу́рыцца ‘памерці’ (Сцяшк. Сл.). Сюды ж, відаць, укр. скапа́ри́тися ‘знікнуць, прапасці’ (няяснага паходжання; гл. ЕСУМ, 5, 265). Няясна. У Сл. ПЗБ (4, 438) параўноўваецца з літ. nusikaparaóti ‘памерці’. Гарачава (Этимология–1985, 63–64) узводзіць да *kopyrěti (адсутнічае ў ЭССЯ, 9) з развіццём семантыкі ‘змерзнуць’ → ‘памерці’. Хутчэй да шырокавядомага ідышызму капорэ (гл. капора2), што з ідыш kapóres, kapures ‘канец, пагібель, капут’, першапачаткова з герм. kappārā ‘пакутная ахвяра’ (гл. Штэрн, Wörterbuch, 106; ЕСУМ, 2, 369, 378).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́кша ‘хто мочыцца пад сябе’, ‘падлетак’ (Федар. 4), ‘запальчывы чалавек’ (Нас.), ‘запальчывая жанчына’ (Байк. і Некр.). Паводле Карскага (2–3, 38), утворана пры дапамозе суф. ‑ша ад сікаць (гл.). Параўн. таксама рус. пск. сику́ша, сикту́ха ‘сярдзітая сварлівая баба’. Аднак не выключаны ўплыў на семантыку польск. аргат. siksa ‘дзяўчына-падлетак, смаркачка’, ‘маладая прастытутка’, што выводзіцца з ідыш szikse, ням. Schicks(e) ‘дзяўчына; кабета лёгкіх паводзін’ < іўр. shikse (šigsa) ‘дзяўчына не яўрэйка’ (Штэрн, Wörterbuch, 180; Каня, Słownik, 199). Горбач (Арго школярів, 29) падае зыходнае іўр. šiqcāh ‘тс’ для ўкр. аргат. сікса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ла-се́ла! — выклічнік, зварот да курыцы, якую хочуць злавіць (ашм., Стан., Бяльк., Федар. 4): sieła, cipaczka, sieła (Пятк. 1); се́ла‑се́ла, се́лка‑се́лка, се́лачка‑се́лачка ‘тс’ (Юрч. Вытв.), села‑пала́ ‘тс’ (Нік. Очерки). Паводле Карскага (2–3, 378), форма прошлага часу ад сесці (гл.), што выкарыстоўваецца для выражэння жадання, якое абавязкова павінна здзейсніцца: села, курачка, села! аналагічна да пашлі вон! Меркаванне пра няяснасць паходжання гл. у ESSJ SG, 2, 597. Магчыма, замацавалася пад уплывам мовы ідыш, параўн. бібл.-гебр. selā ‘гатова! вырашана! застаецца на месцы’ (выкарыстоўваецца ў якасці заканчэння пры чытанні псалмаў, гл. Штэрн, Wörterbuch, 206). Гл. таксама Сафарэвіч у Зб. Ісачанку, 348.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́дар ‘мяшок’, ‘абед, які бяруць з сабой’ (Мат. Гом.), ‘заплечны мяшок або наогул усё тое, што вязеш з сабой’ (Ян.), ‘вялікая сумка, з якой арыштант вандруе па этапах’ (Наша Ніва, 1996, 2 верас.), сідор ‘клунак з ядою’ (Куч.). Паводле Барташэвіча (Rozprawy Slawistyczne, 1993, 7, 63 і наст.), рус. си́дор ‘мяшок’ ад уласнага імя Сидор < Исидор, параўн. больш матываванае ўкр. аргат. мі́хась, міха́лок ‘мех, мяшок’. Збліжэнне з уласным імем другаснае; з ідыш seder ‘святочная ежа, якую ў першыя дзве ночы Пасхі (пэйсаха) бяруць з сабой’, што з с.-гебр. seder ‘парадак’, параўн. Штэрн, Wörterbuch, 206. Рускае слова, хутчэй за ўсё, з беларускага сідар ці ўкраінскага сідор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туфта́ ‘хлусня’ (ТС), тухта́ ‘падман’ (Краязн. газета, 2013, 12, 6). Пранікненне з турэмна-лагернага жаргону, параўн. укр. аргат. туфта́ ‘падробка, фальшыўка’ (Горбач, Арго школярів), рус. туфта́, тухта́ ‘хлусня, падман, ашуканства’, ‘фальсіфікат, падробка’, туфте́ть ‘ілгаць, падманваць’ (Шчарбакова-Бруева, Соц.-корп. лексика), польск. tufta ‘кабета’, ‘прастытутка’, ‘падман’ (з рус., Каня, Słownik). Без пэўнай этымалогіі. Выводзяць з фін. tohko ‘гнілое дрэва’, фін. дыял. tohta ‘розныя рэчы, транты, смецце’, што з улікам асноўнага значэння жаргоннага слова ‘махлярства, калі замест дабраякаснай рэчы прадаюць падробку’ тлумачыць семантыку слова (Вострыкаў, Этим. иссл., 3, 37–38; Гарачава, Этимология–1982, 168; Арол, 4, 122; Анікін, РЭС, 2, 284). Горбач (Арго школярів, 27) параўноўвае з цюрк. takta ‘дошка’ як фігуральнае абазначэнне пачкі паперы, што выдаецца махлярамі замест упакаваных у банку асігнацый; на мажлівую цюркскую крыніцу арыентуе і балг. аргат. ту́фтя, туфти́свам ‘хлусіць’, ту́фа ‘крадзеж’, та́фя, та́фим ‘красці, хлусіць’, таф ‘хлусня, абман’ < тур. tav у розных значэннях, у тым ліку і ‘падман’, параўн. Стойкаў, Соф. ученич. говор, 24, 51. Былыя вязні сталінскіх лагераў бачаць у слове абрэвіятуру ТФТ (рус. «тяжёлый физический труд»), якая ў 1930‑я гады пранікла з лагернай зоны на волю (Шыдлоўскі, Рысы майго пакалення, Мінск, 2001, 126). Урэшце, з улікам сфер ужывання, варта звярнуць увагу на фармальнае падабенства з ід. tuft(e), toft(e), duft(e) ‘выдатны, цудоўны, першакласны’, адносна якога гл. Штэрн, Wörterbuch, 83.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слімаза́рны, слімазу́рны ‘запэцканы слінай; малы, хілы’, ‘марудлівы, дробязны (аб працы)’ (Нас.), слімаза́рны ‘няўдалы, нязграбны’ (Сцяшк. Сл.), ‘плюгавы’ (Янк. 2), ‘мізэрны’ (Сержп.; кам., ЖНС), слемаза́рны ‘ўбогі, варты жалю, слёз’ (Нар. Гом.), слямаза́рный ‘дробны’ (Сл. Брэс.), слімаза́рнік, слімазу́рнік ‘гадкае запэцканае дзіця’, ‘благі працаўнік, рамеснік’ (Нас.), слімаза́рнік ‘неахайны, апушчаны чалавек’ (Чач., Касп., Федар. 4), слімазу́рыць ‘пэцкаць’, ‘марудліва займацца нечым’ (Нас.), слімаза́ ‘плакса’ (КСП). Параўн. укр. арг. шлямаза́рник ‘вучань, што нестаранна піша’, польск. ślamazarny, szlamazarny, ślimazarny ‘павольны; расхлябаны, бездапаможны; вялы’, ślamazara ‘няўклюда, няздара, недарэка’, каш. slamaza ‘марудны, пазбаўлены энергіі чалавек’. Сцяцко (Афікс. наз., 41) слімаза́ разглядае як назоўнік агульнага роду, утвораны пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑з‑(а), што характарызуе асобу па негатыўнай працэсуальнай прыкмеце, ад слі́маць ‘плакаць’ (КСП) па тыпу раўцірэўза. Да падобнай версіі паходжання каш. slamaza схіляецца Борысь (SEK, 4, 308), мяркуючы пра зыходныя формы *ślimaza, ślimaga, якія пазней зблізіліся з запазычаным ślam < ням. Schlamm ‘глей, мул, гразь’, ад якіх выводзіць польскія словы Брукнер (530). У якасці словаўтваральнай асновы прымаецца *slim‑ ‘слізь, сліна’ < прасл. *slimъ або *slima, гл. SEK, 4, 311; Бязлай, 3, 260; параўн. слім, слімень (гл.). Аднак аргатычнае ўжыванне дапускае і іншую версію паходжання слова ці, ва ўсякім выпадку, уплыў на семантыку славянскага слова з боку яўр.-ням. (ідыш) schlimasel ‘злы лёс’, як гэта меркаваў Карскі (Белорусы, 173). Шульман (Полымя, 1926, 8, 216) лічыць крыніцай беларускага сьлімазальнік ‘пэцкаль, мурза, няўдачнік’ ід. Schlimesalnik ‘тс’. Гл. таксама Альтбаўэр, JP, 17, 49 і наст. Горбач (Арго школярів, 35) украінскі аргатызм выводзіць ад ма́зати, гл. мазаць, і яўр. šlim‑mazzalnik ‘няўдачнік, бедалага’ з ням. schlimm ‘дрэнны’ і яўр. mazzal ‘доля, шчасце’. Сучасны аргатызм шлемазл ‘няўдачнік’ (гл. Евреи Гродно, Гродно, 2000, 118) < ід. Schlafnassel ‘цяжкая, заблытаная сітуацыя, пры якой індывід церпіць прыкрую няўдачу’, што з біблейскага яўр. Schla > Schlau + ід. Massel ‘шчасце’, для якога дапускаецца кантамінацыя з ням. Schlimm ‘дрэнны, паганы’ (Штэрн, Wörterbuch, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)