чарапа́ха

назоўнік, агульны, адушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. чарапа́ха чарапа́хі
Р. чарапа́хі чарапа́х
Д. чарапа́се чарапа́хам
В. чарапа́ху чарапа́х
Т. чарапа́хай
чарапа́хаю
чарапа́хамі
М. чарапа́се чарапа́хах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

чарапа́хавы, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгатаваны з чарапахі (у 1 знач.). Чарапахавы суп.

2. Зроблены з чарапахі (у 2 знач.). Чарапахавы грэбень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надло́бны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца над ілбом. Надлобны шчыт чарапахі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарапашаня́ і чарапашанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня чарапахі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўзу́н, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Той, хто не ўмее яшчэ хадзіць, а толькі поўзае (разм.).

2. Дэталь механізма, якая слізгаецца ўзад і ўперад па чым-н. у прамалінейным напрамку (спец.).

3. мн. Клас пазваночных жывёл, якія перамяшчаюцца пераважна паўзком (змеі, яшчаркі, кракадзілы, чарапахі).

|| прым. паўзу́нны, -ая, -ае (да 2 знач.; спец.).

П. механізм.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

яйцо́, -а́, мн. я́йцы і (з ліч. 2, 3, 4) яйцы́, яе́ц, н.

1. Жаночая палавая клетка чалавека, якая развіваецца ў новы арганізм пасля апладнення; яйцаклетка.

2. У птушак, паўзуноў і яйцародных млекакормячых: такая клетка авальнай формы ў шкарлупіне, абалонцы.

Несці яйцы.

Качынае я.

Я. чарапахі.

Змяінае я.

3. Прадмет такой формы.

Крыштальнае я. (прадмет упрыгожання).

4. У насякомых: такая клетка ў выглядзе невялікіх крупінак.

Мурашыныя яйцы.

5. Курыныя яйцы як прадукт харчавання.

Крутое я.

|| памянш. яе́чка, -а, мн. -і, -чак (да 2—5 знач.).

|| прым. яе́чны, -ая, -ае (да 2 і 5 знач.).

Яечнае мыла (прыгатаванае з курыных яец).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

няўклю́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Пазбаўлены зграбнасці, лоўкасці ў рухах; непаваротлівы. Паўнатвары, у ватоўцы, у зімовай шапцы і ў цёплых чаравіках,.. [хлапчук] нагадваў няўклюднае медзведзянё. Хадкевіч. На сушы цюлені няўклюдныя, як чарапахі. Хомчанка. // Пазбаўлены зграбнасці; нялоўкі (аб рухах і пад.). Няўклюдная хада. / Аб рэчах, прадметах. Наш вялікі і няўклюдны аўтобус з радыёапаратураю грымеў на выбоінах палявых дарог. Грахоўскі. Са сталоўкі ўжо выкінулі адну з доўгіх няўклюдных лавак. Нядзведскі.

2. перан. Дрэнна, недастаткова апрацаваны, адшліфаваны; няскладны. І так паварочваў [Валодзька] сказ, і гэтак — атрымлівалася нешта няўклюднае і незразумелае. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яйцо́, а́, мн. я́йцы (з ліч. 2, 3, 4 яйцы́), яе́ц; м.

1. Захаваная ў шкарлупіне авальнай формы сукупнасць бялка і жаўтка, з якіх утвараецца зародак птушак і некаторых жывёл (ужываецца як прадукт харчавання). Качынае яйцо. Яйцо чарапахі. Несці яйцы. Садзіць курыцу на яйцы. Выпіць сырое яйцо. □ Маці давала.. [бацьку] хлеб, сыр, крутое яйцо. Бядуля.

2. Зародак лічынкі насякомых, чарвей і пад. у выглядзе невялікай крупінкі, звычайна авальнай формы. Яйцы саранчы. Мурашыныя яйцы.

3. У біялогіі — жаночая палавая клетка чалавека і жывёльнага арганізма; яйцаклетка.

•••

З-пад сучкі яйцо ўкрасці гл. украсці.

Не варты выедзенага яйца гл. варты.

Яйцо курыцу вучыць — з адценнем неадабрэння: малады павучае старэйшага, не пагаджаецца са старэйшым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жаўлак1 ’зацвярдзенне, пухліна’, ’акруглы кусок мінералу’, жевла́к ’тс’ (Нас.). Рус. дыял. жевла́к ’пухліна, гуз, жаўлак’, ’нарыў’, ’яйка’, ’валляк у курыцы’, желва́к ’жаўлак’, смал. жевло́ ’пухліна’, укр. жо́вна, жо́вно ’пухліна, зацвярдзенне ў людзей, жывёл, раслін’, ’мускулы’, серб.-харв. жу̑љ ’мазоль’, ’цяжкая праца’, славен. žulj ’мазоль’. Параўн. рус. желва́к ’жаўлак’, балг. желва́к ’белы кварцавы каменьчык’ (Гераў), чэш. žluna ’залатуха’ (Фасмер), славен. žę̑lva ’нарыў са свішчом; залатуха’, ’чарапаха’. Апошняе слова са знач. ’чарапаха’ прадстаўлена ў польск., н.-луж., в.-луж., чэш., балг. (гл. жаўлак2). Ст.-рус. желвакъ ’пухліна’ (з XVIII ст.), желы або желвь ’тс’ (Лаўр. л.), жолвачокъ (XVII ст.) ’заменнае яйка ў гульні’, желватый ’пра расліну з выступамі, патаўшчэннямі’ (1519 г.), желва і г. д. ’чарапаха’. Паводле Шанскага (1, Ж, 280–281), рус. желвак утвораны з суф. ‑ак ад асновы желва, паралельнай да желы. Фасмер (2, 41) піша: «верагодна, да жолвь ’чарапаха’…». Трубачоў (ВСЯ 2, 33–34) пацвярждае гэта аб’яднанне, а таксама дадае да гэтага кораня галава, жалеза, залоза. Трэба, аднак, улічыць іншую магчымасць. Яшчэ Зубаты (Studie, 1, 2, 128) адзначыў цяжкасці семантычнага аб’яднання ’чарапахі’, ’галавы’ і ’жаўлака’. Фасмер пераканаўча адкідвае асобныя тлумачэнні слав. слоў для ’жаўлака’ і ’чарапахі’, аднак семантычныя цяжкасці іх аб’яднання застаюцца. Серб.-харв. і славен. žulj ’мазоль’ тлумачыцца ў сувязі з gula (Скок, 1, 632; Безлай, 1, 186); гл. гуля. Гэта слова ўзводзіцца да і.-е. кораня *gou‑, *gəu‑ ’згінаць’ (Покарны, 1, 393) з падаўжэннем ‑l‑; пры чаргаванні галосных корань прымае форму *geul‑ і дае назву мазаля жуљ. Форма жаўлак < *ževl‑akъ можа быць дыялектным адлюстраваннем *geu̯l‑ (параўн. жаўрэць). Корань узаемадзейнічае з *želū‑ ’чарапаха’ (< ’касцяное’) і так узніклі формы тыпу рус. желвак. Слав. дзеяслоў на базе кораня *geul‑ або *geuəl‑ прадстаўлен, відаць, у словах тыпу славен. žaliti ’муліць, націраць’. Гл. Праабражэнскі, 1, 225; іначай БЕР, 1, 523 (з тлумачэннем балг. желвак ад жила); Мяркулава, Этимология, 1981, 64.

Жаўла́к2 ’чарапаха’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 175). Польск. żółw, н.-луж. žołw, в.-луж. źołwja, чэш. želva, балг. жълва, ц.-слав. жєлъвь, жєлъва, ст.-рус. желва, желвь ’чарапаха’. Прасл. *žely < і.-е. *ghelū ’чарапаха’ (Покарны, 1, 445); параўн. грэч. χέλυς ’чарапаха’. Сувязь з жоўты, аб якой пісаў Мейе (Études, 268), слушна адкідваў Фасмер (2, 41), як і падобнае меркаванне Зубатага (Studie, 1, 2, 124, 128, 133). Першаснае *ghel‑ суадносіцца з галава, жалеза і мела значэнне ’цвёрдае, касцяное, камень’ (Трубачоў, ВСЯ, 2, 33–34). Сувязь з жаўлак, мае хутчэй другасны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

раскало́цца, ‑калюся, ‑колешся, ‑колецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяліцца, разваліцца на часткі ад удару або ціску, даць трэшчыну. Раскалолася, як цацачная, і рухнула каменная лазня, выбуховай хваляй скінула з рэек вагон. Навуменка. Лёдавая паверхня мора раскалолася і была падобна на панцыр гіганцкай чарапахі. Бяганская. / у перан. ужыв. І раптам увесь гэты гарачы і ясны дзень раскалоўся ад свісту. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Распасціся на дзве або некалькі груп у выніку рознагалоссяў. Свет раскалоўся на два лагеры. □ Народніцтва раскалолася на прыхільнікаў і праціўнікаў палітычнай барацьбы. «Полымя».

3. перан. Разм. Выдаць, расказаць тайныя, сакрэтныя звесткі. Спачатку [Косцік] хацеў падгаварыць і Воўку, каб разам .. ісці ў лес, потым перадумаў. Воўку — не. Скнара ён і размазня. Зловяць немцы, прыціснуць Воўку, ён і расколецца. Арабей. Пан Мазурэцкі глядзеў на Рыгора і думаў сабе: «Гэты расколецца, нідзе дзенецца». Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)