Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯККАЦЕ́ЛЫЯ ЧАРАПА́ХІ, мяккаскурыя чарапахі,
мяккія чарапахі (Trionychoidea),
падатрад прэснаводных чарапах. 2 сям.: двухкіпцюровыя чарапахі (Carettochelyidae) — 1 від, пашыраны ў Паўн. Аўстраліі, на в-ве Н. Гвінея, і трохкіпцюровыя чарапахі, або трыоніксы (Trionychidae) — 6 або 7 родаў, 22 віды; пашыраны ў Азіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы.
Даўж. да 90 см. Цела і сплошчаны касцявы панцыр укрыты мяккай скурай без рагавых шчыткоў (адсюль назва). Галава з мяккім хабатком, на канцы якога знаходзяцца ноздры. Лапы шырокія, пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Здольныя трымацца пад вадой да 15 гадз. Кормяцца раслінамі і жывёламі (насякомыя, ракападобныя, малюскі, рыбы, земнаводныя і інш.). У Азіі — аб’ект промыслу (мяса, яйцы).
Да арт.Мяккацелыя чарапахі: 1 — трыонікс кітайскі, або далёкаўсходняя чарапаха; 2 — трыонікс калючы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Pleurodira),
падатрад паўзуноў. 2 сям.: пеламедузавыя і змеяшыйныя чарапахі, 13 родаў, 45 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі, а-воў Мадагаскара і Новай Гвінеі.
Даўж. панцыра 30—77 см. Шыя доўгая; могуць выгінаць яе ўбок і закладваць пад панцыр. Ногі пераважна пляскатыя, на пальцах плавальныя перапонкі. Кормяцца дробнымі рыбамі. Мяса і яйцы некаторых выкарыстоўваюць у ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Chelidae),
сямейства паўзуноў падатр.бакашыйных чарапах. 10 родаў, больш за 30 відаў. Пашыраны ў рэках і азёрах Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Новай Гвінеі. Найб. вядомыя З.ч.: аўстралійская (Chelodina longicollis), гідрамедузы (Hydromedusa), махрыстая, або матамата (Chelus fimbiriatus). Несапраўдная эмідура, якая жыве ў Паўд.-Зах. Аўстраліі, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. панцыра да 40 см. Характэрна доўгая шыя, якая разам з галавой закладваецца збоку пад панцыр, а не ўцягваецца ўнутр. Панцыр звычайна значна пляскаты. Адкладваюць 15—20 яец. Драпежныя. Некат. — аб’екты палявання (мяса, яйцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Emys),
род прэснаводных чарапах. 2 віды. Еўрапейская балотная чарапаха (Emys orbicularis) жыве ў Паўн.-Зах. Афрыцы і Азіі, Еўропе; амерыканская (Emys blandingi) — на ПнУ ЗША і на Пд Канады. На Беларусі зрэдку на Пд (бас. Прыпяці), ПдЗ і ПдУ трапляецца еўрапейская балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу. Жывуць у мелкіх малапраточных вадаёмах, выходзяць на сушу.
Цела (даўж. 15—25 см) укрыта касцявым і рагавым панцырам. Кормяцца рознымі беспазваночнымі, водарасцямі, рыбай. Палавая спеласць у 6—8 гадоў. Адкладваюць 5—10 яец у ямку, якую самка капае на беразе вадаёма. Зімуюць на дне вадаёмаў.