пе́ставаць

дзеяслоў, пераходны, незакончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. пе́стую пе́стуем
2-я ас. пе́стуеш пе́стуеце
3-я ас. пе́стуе пе́стуюць
Прошлы час
м. пе́ставаў пе́ставалі
ж. пе́ставала
н. пе́ставала
Загадны лад
2-я ас. пе́стуй пе́стуйце
Дзеепрыслоўе
цяп. час пе́стуючы

Крыніцы: dzsl2007, krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

пе́ставаць несов., см. пе́сціць

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пе́ставаць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Тое, што і песціць. — Ну, цяпер мы з табою зусім прыяцелі! — жартавалі чырвонаармейцы і пеставалі Мішку, гладзілі яго, за вухам часалі. Лынькоў. Сына.. [прафесар] пеставаў, дазваляў яму шмат лішняга. Новікаў. Зусім не такія планы пеставаў у сваёй юнацкай душы маўклівы і зацяты Мікола Голуб. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пяле́гаваць (пеле́говаць) ’калыхаць на руках, няньчыць, песціць’ (Нас., Бяльк., Гарэц.), пяле́гваць ’тс’ (Шат.), пяле́гъвъць ’вельмі пеставаць, даглядаць’ (беш., Нар. сл.). Разам з пяленгаваць ’песціць, даглядаць’ (Нас.; слонім., Жыв. НС), дзе захавалася назалізацыя, лічыцца запазычаннем з польск. pielęgować ’тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 65, 68); апошняе, паводле Банькоўскага (2, 551), з першаснага pielengować ’закручваць немаўля ў пялёнкі’, якое разам з рус. дыял. пеле́говать ’даглядаць’, пелёжить ’пакрываць саломай знешнія сцены хаты на зіму’ ад рус. дыял. пелега́ ’пакрыццё, заслона’ (першапачаткова пра кару і пра пялёнкі) і ст.-польск. pielega ’пялёнка’, што звязана з *pelena ’пялюшка’, насуперак Брукнеру (408), які выводзіць названыя польскія словы з ням. pflegen ’даглядаць, песціць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пітава́цца ’харчавацца’ (Ян.), стараж.-рус., ст.-рус. питовати ’карміць’ (XIII–XIV стст. < XI ст.), питоватися ’ўжываць ежу’ (XI ст.), ’мець асалоду’ < питати < прасл. *pitati ’карміць’, параўн. рус. питать ’тс’, укр. пити́мий ’родны, блізкі’, пи́томець ’выхаванец’, славен. pítati ’карміць’, серб.-харв. пи̏тати, макед. питом ’прыручаны, свойскі’, ’лагодны, ціхі, рахманы’, питомец ’выхаванец’, ст.-чэш. pitomý ’ціхі, лагодны’, чэш. ’дурны’ (у выніку мены значэння паводле назірання за жывёламі, якіх гадуюць у няволі: яны страчваюць свае прыродныя рысы і становяцца нібы “атупелымі” — Махэк₂, 452), ст.-слав. питѣти, пазней питати ’насычаць, карміць’, якое параўноўваюць з літ. piẽtūs ’абед’, pietáuti ’абедаць, перакусваць’, ст.-інд. pitú‑(m) ’ежа’, авест. pitu‑ ’тс’, piϑwā ’тс’, ’частка ежы’, і.-е. *poi̯‑, *pi‑ (гл. пе́ставаць; пір, піць). (Покарны, 833; Фасмер, 3, 268; Бязлай, 3, 44).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́ста1 ’дзіцё, якое песціцца’ (ТСБМ, Мядзв., Касп., Мат. Гом.; пух., лаг., Сл. ПЗБ; зэльв., Жыв. сл.), ’свавольніца’ (Сцяшк. МГ), ’выпеставаны хлапчук, дзяўчынка’ (навагр., Нар. словатв.), пе́сты ’пяшчотныя, ласкавыя адносіны’ (ТСБМ), пе́стун ’пястун’ (Бяльк.), ’збалаванае дзіцё’ (Мядзв.), пе́стак ’малады воўк’ (глыб., Сл. ПЗБ); пе́стацьпеставаць’ (брасл., Сл. ПЗБ), чач. пе́стацца ’песціцца’ (Жыв. сл.), пе́ставаць, пе́стываць ’песціць’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.), пе́стовацца ’няньчыцца’ (ТС), пе́сціць, пэсьтіті ’любоўна даглядаць, гадаваць; праяўляць ласку; пялегаваць’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Бяльк.; парыц., Янк. Мат.), песціцца ’тс’ (Касп.), ’патакаць у прыхацях дзіцяці’ (Бір. Дзярж.). Укр. пести́ти, пе́стувати і пістовати (Фасмер, 3, 251), рус. пе́стать, пе́статься, польск. pieścić, piastować, в.-луж. pěsćić, чэш. pěstovati, pěstiti, славац. pestovať, славен. pẹ́stovati, старое харв. дуброўн. pjȅstovati, балг. пестя̀ ’ашчаджваць’, ц.-слав. пѣстовати. Прасл. *pěstati і *pěstiti, *pestovati. Шэраг этымолагаў (Міклашыч, 245; Мацэнаўэр, LF, 12, 344; Мее, MSL, 14, 353; Фасмер, 3, 251; БЕР, 5, 190) генетычна адносяць слова да *pitati ’карміць, выжываць’ (Бязлай, 3, 29) — гл. пітава́цца; Махэк₂ (446) разам з Міхалкам (LF, 84, 29) адмаўляе такую роднаснасць, мяркуючы, што трэба выходзіць з асновы *kep‑, якая ў выніку перастаноўкі дала *pek‑ (параўн. ст.-чэш. péči se čim ’клапаціцца аб кім’), і пасля далучыўся пашыральнік асновы суфікс ‑st‑ інтэнсіўнага характару.

Пе́ста2 ’ступа’ (гродз., Нар. сл.; Скарбы), рус. пест ’палка з патаўшчэннем на канцы; калатоўка для замешвання цеста’, ст.-рус. пест ’стрыжань з патоўшчаным круглым канцом’ (XIII ст.), польск. piasta, piazda, piauzda ’калодка кола, якая ахоплівае вось’, н.- і в.-луж. pešta ’тс’, ’песцік’, ’трамбоўка’, чэш. píst, písta ’поршань’, славац. piest ’пранік’, ’поршань’, славен. pẹ́šta, pẹ́sto, pẹ́st ’калодка кола’, харв. кайк. pešča, pešče. Прасл. *pěstъ ’прыстасаванне, якім таўкліся розныя рэчы, зерне, крупы, выбіваўся бруд з бялізны’, роднаснае літ. piestà ’ступа’, piestas ’пест’, лат. pìesta ’ступа’ (< і.-е. *poi̯s‑t‑o‑s), а таксама з літ. paisýti ’ачышчаць зерне ад мякіны’ > бел. пойсаваць (гл.). Дэрыватамі з’яўляюцца словы са значэннем ’абнімаць вакол’ — *pěstovati, *pěstiti > пе́сціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пясту́н ’спешчаны, раздураны хлопчык’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’аднагадовы воўк (у мове паляўнічых)’ (Арх. Федар.; Варл.; віл., смарг., брасл., Сл. ПЗБ), ’аднагадовы мядзведзь, што застаўся пры матцы’ (Арх. Федар., прыпіска Пяткевіча), ’мядзведзь, які даглядае дзяцей чужой мядзведзіхі’ (Шымк. Собр.), ’аднагадовы мядзведзь, што даглядае за малымі мядзведзянятамі’ (Мядзв.), пестун ’распешчанае дзіця’ (Касп., Бяльк.), укр. песту́н, пісту́н ’выхавальнік; песта’, рус. песту́н ’выхавальнік’, польск. piastun ’служка, што даглядае панскіх дзяцей; выхавальнік’, чэш. pěstoun ’выхавальнік, апякун; настаўнік; захоплены якой-небудзь справай чалавек’, в.-луж. pěston ’абаронца, апякун’, славен. pestȗn ’выхавальнік’, ст.-слав. пестоунъ ’тс’. Прасл. *pestunъ, вытворнае ад *pěstati або *pěstiti (гл. песціць), *pěstovati (гл. пеставаць), далей звязаных з *pěstъ ’таўкач, мяла’, што вобразна перадаюць падкідванне дзіцяці на руках (Варбат, Slavia, 63, 137–139, з літ-рай версій). Пра сувязь з пясць (“часто поднимать ребенка пястью, т. е. нянчить”) гл. Шымкевіч, Покажчик, 228. Гл. таксама Бязлай, 3, 29; Шустар-Шэўц, 2, 1059; ESJSt, 11, 639. Адносна спецыяльнага ўжывання ў мове паляўнічых: “Паводле народнага веравання — старыя ваўкі трымаюць пры сабе леташняе ваўчаня малых ваўчанят даглядаць, якога завуць пястун” (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)