Лю́бжа, лю́бша ’замова на каханне’, ’нагаворнае зелле’ (Гарэц.), ’ятрышнік, зязюлька плямістая, Orchis maculala L.’ (Растарг.), ’чараўнік, Platanthera bifolia L. C. Rich’ (Кіс.). Укр. любжа ’ятрышнік’, рус. смал., арл., кур. любжа ’ятрышнік’, ’чараўнік’. Утворана ад любіць (Сцяцко, Афікс. наз., 79). Матывацыя (Махэк, Jména, 299): расліна мае два клубні, якія нагадваюць яйцы, таму існавала павер’е, што прырода нібыта сама ўказала на тое, што гэта расліна служыць для павышэння патэнцыі (параўн. чэш. vstavač, польск. storczyk), выклікаючы каханне. Іншыя назвы звязаны з зязюляй (параўн. бел. зязюлька, чэш. žežhulka, zezulka, kukačka), бо яна (паводле фальклорных песень) мае адносіны да кахання і плоднасці. Прасл. lʼubьža (Трубачоў, Эт. сл., 15, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Любжа́ць ’кахаць, любіць’ (ашм., Сцяшк. Сл.). Да лю́бжа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́ржа1 ’дзіцячая цацка: косць з парасячай ці авечай нагі, у якой пракручваецца дзірка, у дзірку зацягваецца нітка. Нітку накручваюць і расцягваюць; расцягваючыся, нітка раскручваецца і прыводзіць у рух костачку. Костачка круціцца і вурчыць, «журжыць»’ (Бяльк.). Параўн. рус. раст. журже́лка ’дзіцячая цацка з косці’, ’бабка для гульні’. Параўн. жужу́лачкі ’цацкі з касцей’, жураўка ’калодка з дзіркай у прыладах’. Тлумачэнне рэаліі вядзе да сувязі з дзеясловам *журжаць (параўн. рус. варонеж., кур. журжать ’гусці’), але ці не народная гэта этымалогія, асабліва калі ўлічыць словы жураўка, жужулачкі? Ці няма тут адлюстравання і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ з пашырэннем ‑r‑ (Покарны, 1, 393–397)? Параўн. літ. gauras, лат. gauri ’валасы на целе’, літ. ’ільняное валакно’, с.-іран. gūaire ’кучары’, нарв. kaure ’тс’. Няясна. Гл. яшчэ жу́ржа2.

Жу́ржа2 ’распусніца’ (Бяльк.), ’непаседлівая жанчына’ (Юрч., Нар. вытв. сл.). Рус. валаг., перм., сарат. журжа ’распусніца, каханка’, без месца ’буркун’, калуж. журжавый ’бурклівы’. Значэнне ’непаседлівасці’, а таксама пашыранасць там жа, дзе журжа1 ’цацка, што круціцца’, вядзе да сцвярджэння аб сувязі гэтых амонімаў паводле «паводзін». Аднак рус. значэнне ’бурклівы’ вядзе да магчымай сувязі з «гукавым» бокам цацкі, а пашырэнне на далёкіх рус. арэалах, дзе не зафіксавана адпаведная цацка, дазваляе нават меркаваць аб самастойным развіцці там слова журжа на базе дзеяслова тыпу журить з экспрэсіўным падваеннем зычнай: *журжить ’бурчаць’, а магчыма, і ’многа гаварыць’. Параўн. кубан. журба ’журлівы чалавек’. Калі ж журжа2 — агульнае ўсх.-слав. слова, сувязь з журжа1, відаць, другасная, а першаснае значэнне журжа2, магчыма, ’каханка’ (’тая, пра якую журбота, клопат, туга’), адкуль ’распусніца’. Фіналь ‑жа можна разглядаць і як суфікс (параўн. любжа ’зёлкі для любві’, Гарэц.; Сцяцко, Афікс. наз., 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)