Пылю́шнік ’расліна Thalictrum L.’ Няясна, магчыма, да пыліць ’пускаць пылок’; адносна гэтай і іншых назваў расліны гл. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 26–27.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́тнік ’расходнік, Sedum L.’ (Кіс.). Семантычна непразрыстае слова (Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 28), параўн. іншыя назвы адцытнік, сыць; магчыма, да сыты, параўн. накосіла сытніку кобану (ПСл), або да сытны ’тлусты’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ачы́так ’расходнік, Sedum’ (мін., Кіс.), очыток (Бесар.), укр. очиток, рус. очиток. Згодна з Мяркулавай, Очерки, 109, укр. і рус. формы з очисток (у сувязі з яго лекавымі, ачышчальнымі якасцямі), аднак пры гэтым цяжка вытлумачыць выпадзенне ‑с‑; параўн. іншыя назвы расліны адцытнік, сытнік (захад Беларусі, гл. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 28), да семантыкі гл. польск. дыял. odczynić ’вылечыць’, odczyna ’нейкая расліна’ (Карловіч); геаграфія слова не дазваляе звязаць яго з чыты ’цвярозы’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талакня́нка1 ’вечназялёная паўзучая расліна з чырвонымі ягадамі’ (ТСБМ), ’расліна Arctostaphylos Adans.’ (Кіс., Бяльк.), ’расліна мядзведжыя вушкі, Arctostaphylos uva-ursi (L.) Spreng’ (Дары); іншыя назвы талакня́нік (Сл. ПЗБ), талако́ннік, талача́льнік (Шмярко). Параўн. укр., рус. толокня́нка ’тс’. Вытворныя ад талакно (гл.), паколькі плод расліны ўяўляе шарападобную мучністую касцянку, што адлюстравалася і ў іншай народнай назве мучаннік (гл. мучан), параўн. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 30–31. Спробы Штэйнгольд (Этимология–1994–1996, 135–140) вывесці назву расліны з рус. сіб. талага́нник (ад якуц. талах ’расліна гарчак’) не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прале́ска, прале́шка ’травяністая лясная расліна з сіне-фіялетавымі кветкамі, Hepatica Mill. nobilis gartsult’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Дэмб. 1, Сцяшк. Сл., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Кіс.), ’кураслеп, Anemone nemorosa L.’ (віц., брэсц., Кіс.), ’сон раскрыты, Pulsatilla potens L.’ (мін., Кіс.), ’падснежнік, Gallanthus nivalis L.’ (Касп., Сл. ПЗБ). Рус. проле́ска, переле́ска ’расліна Mercurialis, Iris, Scilla’, укр. про́ліска, підліска, перелі́ска ’Hepatica’, чэш. podleska, podlíška, ст.-чэш. podléščka, польск. przelaszczka, przylaszczka, przedlaszczka ’расліна Hepatica’. Этымалогія застаецца няяснай. Праабражэнскі (2, 131) лічыць вытворным ад лес. Махэк (Jména, 48), зыходзячы са ст.-чэш. і польск. форм, узводзіць слова да прасл. *lěska ’лясны арэх’, г. зн. ’расліна, якая расце pod lískou’, і параўноўвае з ням. Hasselblaume < Hassel ’арэх’. Гэтаму пярэчыць батанічная характарыстыка расліны, паводле якой яна расце на палянах і адкрытых месцах у лесе. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 374; ЕСУМ, 4, 596; Банькоўскі, 2, 857–858. Пра іншыя назвы раслін гл. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 25–26.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вятро́ўнік ’Filipendula Mill., рус. лабазник’ (Кіс.), вятроўнік, ’Spiraea L.’, вятроўніца ’Spiraea L.?’, рус. таволга’ (БРС, РБС, КТС). Цяжка зразумець, якую расліну мелі на ўвазе складальнікі БРС, таму што рус. таволга адпавядае розным лац. тэрмінам. Параўн. Лек. расл., 6, 205, дзе рус. таволга і лабазник з’яўляюцца сінонімамі (ВСС, 1, 374, 845 і інш.). Кісялеўскі (125) рус. таволга разумее толькі як ’Spiraea L.’ Гэтыя ваганні тэрмінаў адлюстраваны і ў народнай мове; параўн. назвы спірнік, спірэй, спірэя лясная для Filipendula hexapetala Gilib. (Spiraea filipendula L.), гл. Кіс., 54; параўн. Макавецкі, Sł. botan., 153–154, 357. Бел. вятроўнік можна параўнаць з паўн.-рус. ветрянка ’дубец’, ветерье ’куст’, якія лічацца роднаснымі ст.-інд. vētráḥ ’чарот’, славен. vȋtra ’скрутак, лаза, парастак’; гл. Фасмер, 1, 307, якія далей да вить, ветвь. Да гэтага магчыма дадаць чэш. дыял. vitra ’жгут, дубец’ (< vi‑ti; гл. Махэк₂, 692–693). Бел. вятроўнік, магчыма, прымыкае да адзначаных слоў. Гэта пацвярджаецца яшчэ і наступным. Рус. лабазнік, тоеснае бел. вятроўнік, немагчыма аддзяліць ад рус. лабазка ’Spiraea ulmaria’ (Фасмер, 2, 443, іншая назва гэтай расліны — Filipendula ulmaria Maxim.). У сваю чаргу лабазка лічыцца роднасным словам тыпу рус. лабазина ’дубец, палка’, укр. лабуз ’сцяблы пустазелля’, польск. łobozg ’пустазелле’, łabuź ’вадзяныя расліны, трыснёг, чарот’; гл. больш ’падрабязна Фасмер, 2, 442–443. Параўн., дарэчы, у Даля: «Более известна под именем таволги Spiraea crenata, коей тонкие и крепкие прутья идут у нас на шомпола и кнутовища» (Даль, 4, 709) і назвы для Spiraea ulmaria — чертогрыз, топырка (Даль, 1, 135). Больш верагодным уяўляецца, аднак, што бел. вятроўнік утворана іншым шляхам. Параўн. укр. лем. вітерник ’хвароба, калі на скуры з’яўляюцца прышчы, высыпка’ і ’расліна для лячэння гэтай хваробы’. Аналагічна рус. дыял. ветреник ’Anemone silvestris L.’; ’расліна, якая ўжываецца для лячэння свербу’; ’Pulsatilla patens Mill. (= Anemone patens L.)’, якой лечаць жывёл ад свербу, ветренка (прострел!) ’Pulsatilla patens Mill.’, адвар і настой якога — добры сродак ад рэўматызму, ветрунок ’тонкія пялёсткі бяросты, якія калышуцца на ветры і якія выкарыстоўваюць як сродак ад фурункулаў’ (СРНГ). Бел. вятроўнік ’Filipendula ulmaria Maxim.’ ужываецца пры рэўматызме, падагры, хваробах скуры; гл. Лек. расл., 6, 209. Іншую матывацыю знайсці цяжка (параўн., праўда, лац. Anemone і рус. ветреница, гл. Заверуха, Квіти, 53), хаця, безумоўна, ёсць розныя прычыны, па якіх расліна можа атрымаць назву з такой асновай. У балгарскай мове, напрыклад, шмат назваў з асновай вятър‑ абазначаюць зусім розныя расліны: купену, валошку, зарніцу, касцянец, эспарцэт, букашнік і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)