Жу́ржа1 ’дзіцячая цацка: косць з парасячай ці авечай нагі, у якой пракручваецца дзірка, у дзірку зацягваецца нітка. Нітку накручваюць і расцягваюць; расцягваючыся, нітка раскручваецца і прыводзіць у рух костачку. Костачка круціцца і вурчыць, «журжыць»’ (Бяльк.). Параўн. рус. раст. журже́лка ’дзіцячая цацка з косці’, ’бабка для гульні’. Параўн. жужу́лачкі ’цацкі з касцей’, жураўка ’калодка з дзіркай у прыладах’. Тлумачэнне рэаліі вядзе да сувязі з дзеясловам *журжаць (параўн. рус. варонеж., кур. журжать ’гусці’), але ці не народная гэта этымалогія, асабліва калі ўлічыць словы жураўка, жужулачкі? Ці няма тут адлюстравання і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ з пашырэннем ‑r‑ (Покарны, 1, 393–397)? Параўн. літ. gauras, лат. gauri ’валасы на целе’, літ. ’ільняное валакно’, с.-іран. gūaire ’кучары’, нарв. kaure ’тс’. Няясна. Гл. яшчэ жу́ржа2.

Жу́ржа2 ’распусніца’ (Бяльк.), ’непаседлівая жанчына’ (Юрч., Нар. вытв. сл.). Рус. валаг., перм., сарат. журжа ’распусніца, каханка’, без месца ’буркун’, калуж. журжавый ’бурклівы’. Значэнне ’непаседлівасці’, а таксама пашыранасць там жа, дзе журжа1 ’цацка, што круціцца’, вядзе да сцвярджэння аб сувязі гэтых амонімаў паводле «паводзін». Аднак рус. значэнне ’бурклівы’ вядзе да магчымай сувязі з «гукавым» бокам цацкі, а пашырэнне на далёкіх рус. арэалах, дзе не зафіксавана адпаведная цацка, дазваляе нават меркаваць аб самастойным развіцці там слова журжа на базе дзеяслова тыпу журить з экспрэсіўным падваеннем зычнай: *журжить ’бурчаць’, а магчыма, і ’многа гаварыць’. Параўн. кубан. журба ’журлівы чалавек’. Калі ж журжа2 — агульнае ўсх.-слав. слова, сувязь з журжа1, відаць, другасная, а першаснае значэнне журжа2, магчыма, ’каханка’ (’тая, пра якую журбота, клопат, туга’), адкуль ’распусніца’. Фіналь ‑жа можна разглядаць і як суфікс (параўн. любжа ’зёлкі для любві’, Гарэц.; Сцяцко, Афікс. наз., 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жужу́лачкі ’самаробныя цацкі з касцей, у якіх прадоўбваюць дзірачкі і ўцягваюць нітачкі’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. журжа1 ’тс’ (?), жураўка ’калодка з дзіркай (у прыладах)’. Параўн. яшчэ рус. тул. жижо́лка ’вяроўка’. Калі па сувязі з дзеясловам, што мае значэнне ’гусці’, магчыма суадносіць з коранем жужэць (гл.). Некаторыя іншыя магчымасці гл. журжа1. Фіналь ‑ачкі яўна суфіксальнага характару (< *‑ъk‑ьk‑i). Калекцыю агульнаслав. слоў на *‑i‑ гл. Мейе, Études, 2, 412–421; корань *geu‑ ’згінаць, скручваць’ мог мець пашырэнне ‑l‑ (Покарны, 1, 396–397; гл. жулёмак), першае жу‑ можа быць экспрэсіўным паўтарэннем. Гл. яшчэ жужалкі. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́жалкі ’частка кумпяка (бядра)’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. жужулачкі, журжа1 ’назвы цацак, што робяцца з касцей парасячай ці авечай нагі’. Параўн. рус. дыял. раст. журжелка ’цацка з косці’, ’бабка (для гульні)’, ’доўгая, худая нага’, кур. жижки ’калені’ (націск?). Жу‑, як і ў іншых згаданых словах, можа ўзыходзіць да і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ (> *žu‑), прадстаўленага, напр., у літ. gur̃nas ’шчыкалатка; пятка; костка, што тарчыць’, лат. gùrns ’сцягно, кумпяк, костка сцягна, кумпяка’, хец. ku‑u‑tar (kuttar) ’верхняя частка пляча’, ісл. kjũka ’частка пальца’. Другое ж можа быць ці рэфлексам старога пашырэння ‑g‑, як у названай ісл. форме, ці паўтарэннем, ‑l‑ стары суфіксальны элемент, ‑ьk‑ новы суфікс. Покарны, 1, 393–398; Фрэнкель, 178–179.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жура́ўка1 ’калодка з адтулінай (дзіркай) у верхнім камені жорнаў, у якую ўстаўляецца млён’ (Сл. паўн.-зах.; свісл., Шатал.), ’выемка ў ткацкім станку, куды закладаецца навой’ (петрык., Шатал.). Рус. пск. журавка, журавль ’рукаятка руля, румпель’. Магчыма, перанос назвы птушкі, вядомы для намінацыі прылад у рус. дыялектах: кур. жураве́ль ’дэталь прасніцы — драўляная дошчачка’, ленінгр. жура́в ’верацяно’. Тут, аднак, акцэнтуецца наяўнасць адтуліны, дзіркі, выемкі, што збліжае з назвамі самаробных цацак, зробленых з косці з дзіркай: жужулачкі, журжа1, у той час як перанос назвы журавель хутчэй на доўгі, высокі прадмет. Можа, перанос паводле функцыі часткі прылады для калодзежа, але гэта менш верагодна. Няясна.

Жура́ўка2 ’дзіцячая гульня’ (Бяльк.). Рус. смал. жура́вль ’абрадавая гульня для сустрэчы жураўлёў’, укр. жураве́ль ’від танца’, польск. дыял. żóraw ’гульня’ (Карловіч). У бел. для назвы гульні выкарыстоўваецца форма ж. р. назвы птушкі. Цікава, што і ў балтыйцаў назва жураўля выкарыстоўваецца як назва гульні (Мюленбах-Эндзелін, 1, 548; LKŽ, 3, 272), а ў балт. мовах назва птушкі ж. р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)