Сты́гнуць ‘стыць’ (Гарэц., Нар. Гом.), сты́гці ‘стынуць; зябнуць’ (Нас.), ‘астываць’ (шальч., паст., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сти́гнути ‘халадзець, зацвердзяваць, згушчацца’, рус. сты́гнуть, дыял. пск. сту́гнуть ‘тс’, польск. stygnąc ‘тс’ (з XVIII ст., гл. Борысь, 585). Паводле Бязлая (3, 338), ад таго ж і.-е. кораня, што і ў *stydnǫti (гл. стынуць), але з іншым дэтэрмінатывам: *(s)teu‑g‑, *(s)teu‑d‑. Да *stydnǫti, параўн. польск. stydnąć ‘тс’ (XVI ст., Брукнер, 523), узводзяць Міклашыч (327), Сабалеўскі (РФВ, 62, 234). Сумненні ў Фасмера (3, 789), які следам за іншымі аўтарамі набліжае слова да літ. stū́gti ‘тырчаць, рабіцца жорсткім’, грэч. στυγέω ‘ненавіджу, пагарджаю, баюся’, ст.-грэч. στύγε мн. л. ‘ледзяны холад’. Гл. таксама Коген, УЗ БГУ, 1, 190–194; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 81–82 (гутарка ідзе пра пазнейшую інавацыю).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́дарга ’сутарга’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк.; ашм., Станк.), су́дорга ’тс’ (ТС), су́дырга ’тс’ (Бяльк.); з адсячэннем ‑га су́дар ’сутарга’ (Шат., Бір. Дзярж.; віл., Сл. ПЗБ; дзярж., З нар. сл.), су́т(а)ргі ’корчы, кіданне’ (Некр. і Байк.). Укр. су́дорга ’сутарга’, дыял. су́дорога ’рабізна на вадзе ад хуткага цячэння’ (Чарапанава, Геогр.), рус. су́дорога ’сутарга’, дыял. су́дорга ’тс’. Рус. і ўкр. словы ўзводзяцца да су- і *drъgati ’торгаць’, параўн. дзёргаць (Нас.), укр. дергати, рус. дёргать, параўн. літ. sudìrgti ’раззлавацца’; Міклашыч, 42; Брукнер, KZ, 48, 216; Фасмер, 3, 796. Гл. сутарга. Меркаванне пра запазычанне з рускай або ўкраінскай моў у кантактных зонах мае неабавязковы характар, паколькі магчыма азванчэнне ‑т‑ у сутарга ў інтэрвакальным становішчы. Варбат (Слав. языкозн., VII, 105) для беларускіх і ўкраінскіх слоў узнаўляе прасл. *sǫdьrga, для рус.*sǫdorga.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́ранікі ’аладкі з бульбы, дранікі’ (Ян.), адз. л. та́ранік ’тс’, та́ранка ’бабка’ (Мат. Гом.), та́рнікі ’аладкі’ (Сцяшк.). Утворана ад та́раны ’цёрты на тарцы’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), гл. тарыць. Запрудскі (дыс., 112) параўноўвае з серб.-харв. тара̀на ’цёртае цеста’, макед. тарана ’сушаныя крупы з цеста і ежа з іх’ (відаць, памылкова, бо гэта балканскі турцызм з тур. tarhana ’тс’; Скок, 3, 444) і (з пытальнікам) рус. та́рань ’зброд, вырадкі’ (без пэўнай этымалогіі, гл. Фасмер, 4, 22); фармальна супадае з серб.-харв. та́рањ ’бандарны інструмент для стругання клёпак’, што, паводле Скока (3, 512), звязана з tr̥ti (тр̏ти), гл. церці. Магчыма, сюды і чэш. дыял. taraňa ’сухія грушы, размятыя ў малацэ’ (Махэк₂, 636: няясна). Незвычайная рэфлексацыя слова можа сведчыць пра польскі ўплыў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарас1, ст.-бел. тарасъ ’рухомае абложнае прыстасаванне; заслону’ (1568 г., КГС), ’заслона; турма’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. та́ра́с ’хмызняк; галлё для гаці’, рус. та́рас ’апора’, ст.-рус. тарасъ ’рухомае прыстасаванне пры аблозе’, польск. taras ’штучны насып; тэраса; вежа, турма’. Выводзяцца праз польскую мову з с.-в.-ням. tarraz ’земляны насып’, франц. terrasse ’тс’ з нар.-лац. *terrācea ад лац. terra ’зямля’ (Брукнер, 565; Булыка, Лекс. запазыч., 190; Трубачоў, Дополн., 4, 23; ЕСУМ, 5, 521; Махэк₂, 636). Параўн. тэраса, гл.

Тара́с2пра жанчыну або дзяўчыну, што сваім выглядам або паводзінамі падобна да мужчыны’ (мазыр., Грыгор’еў, вусн. паведамл.). Да мужчынскага імя Тарас (< грэч. Τεράσιος), магчыма, пад уплывам Кур’ян (Бірыла, Бел. антр. 2), суадноснага з кур’ян ’курыца з прыкметамі пеўня’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тата́рнік ’аер, Acorus calamus L.’ (лельч., Жыв. сл.; Бейл., ТС, ПСл; стол., лельч., ельск., ЛА, 1), ’расліна Onopordon L.’ (Кіс.). Укр. тата́р ’аер звычайны, Acorus calamus L.’, дыял. татара́к, тата́рка ’тс’, польск. tatarak, tatarnik ’тс’, дыял. tatar ’тс’, чэш. tatarak ’тс’. Ад этноніма тата́рын, тата́ры, гл. Найбольш распаўсюджанае меркаванне пра паходжанне слова: расліна аер завезена татарамі (ЕСУМ, 5, 527; Жаримбеков, РР, 1975, 3, 107–111; Пастусяк, Pogranicze, 317), што не зусім адпавядае рэальнасці, паколькі расліна calamus у тым жа значэнні згадваецца яшчэ ў Плінія і Катона (234–149 г. да н. э.), гл. Ванякова, Studia Etym. Brun. 6, 404. Хутчэй прывязка да этноніма ў пераносным значэнні ’не свой, чужы’ тлумачыцца рэзкім пахам расліны, параўн. укр. жидівські лепехи ’аер’ аналагічна да тата́рське зі́лля, польск. tatarskie ziele ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тнуць1 ’пранізваць, прабіраць (пра холад, вецер, боль і пад.)’ (ТСБМ), ’сячы, рэзка выказвацца’, ’ударыць, рубануць; упікнуць’ (Нас.), ’кусаць, джаліць’, ’ссякаць’ (Сцяшк.), ’кусаць, пячы’ (Яруш., Федар. 6, Скарбы, Сл. ПЗБ), тні́ті, тну́ты ’разбураць, рубаць, сячы’ (Булг.). Другасны інфінітыў, утвораны шляхам абагульнення асновы спрагальных формаў дзеяслова цяцьтну < прасл. *tęti*tьnǫ, параўн. рус. тятьтну, польск. ciaćtnę, славен. дыял. tẹ́titnèm, ст.-слав. тѧтитьнѫ, дзе прадстаўлена ніжэйшая ступень кораня і.-е. *ten‑, захаваная ў літ. tìnti ’адбіваць касу’ (Коген, Запіскі, 2, 241; Фасмер, 4, 66; Векслер, Гіст., 224). Іншая ступень чаргавання выступае ў *тон, параўн. адным тном ’адным чынам’ (пух., Жд. 1). Гл. цяць.

Тнуць2 ’іграць’ (Скарбы), ’заўзята іграць’: тне гармонік (Сцяшк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне на базе тнуць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тузе́мец ‘карэнны жыхар якой-небудзь краіны, мясцовасці, абарыген’ (ТСБМ), ст.-бел. туземець: ꙗко…родивыисѧ оу васъ (Скарына, ГСБМ), сюды ж тузе́мскі ‘мясцовы паводле паходжання, прадукцыі’ (Нас.), тузе́мшчына ‘мясцовы выраб’ (там жа). Запазычана з ц.-слав. тъземьць ‘мясцовы жыхар’ (Арол, 4, 114), параўн. укр. тузе́мець, рус. тузе́мец, польск. tuziemiec, чэш. tuzemec ‘тс’. Паводле Праабражэнскага (Труды ИРЯ, 1, 14), Фасмера (4, 115), лексема ўтворана ад ту‑ ‘тут’ і земьць ‘прыродны жыхар’. Не выключана, аднак, утварэнне ад тъ ’гэты’ < прасл. *tъ ‘тс’ і земьць ‘жыхар’ (< *zem‑ьcь ад *zemь ‘зямля’) — ‘жыхар гэтай зямлі’, параўн. аналагічнае рус.-ц.-слав. сеземьць ‘туземец’ (Сразн., 3, 324), стараж.-рус. тоземьць ‘жыхар той зямлі’. Апошняе схіляе да думкі пра першасную форму з *tъ‑, а формы з *tu‑ — вынік народнай этымалогіі (ESJSt, 17, 1004).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тхліць ‘даводзіць да гніласці’ (Нас.). Да ту́хлы (гл.) з варыянтным вакалізмам < прасл. *tъxlъ (Фасмер, 4, 128), параўн. тхлявы ‘тухлы’ (Шат.), тхля ‘тухласць’ (Ласт.), тхло ‘тухлы, гнілы пах’ (ТСБМ), ‘душна без паветра (пра рыбу пад тоўстым лёдам)’ (полац., Шн. 2), ‘недахоп кіслароду ў вадзе (на возеры)’ (глыб., Сл. ПЗБ), ‘прыдуха, задуха, замор рыбы ў возеры’ (гарад., Нар. сл., Рэг. сл. Віц.), ‘палонка, прасечаная ў лёдзе, куды выходзіць затохлая рыба’ (полац., Ялік.), ‘адтуліна, праз якую вычэрпваюць затохлую рыбу’ (полац., З нар. сл.); тхлі́ца ‘мор рыбы ад недахопу паветра’ (гродз., ЖНС), тхлі́на ‘тухлы гнілы пах’ (ТСБМ; беласт., Сл. ПЗБ), ‘гніласць’ (Байк. і Некр.), тхлосць ‘застаялы пах’ (Вушац. сл.). Параўн. рус. дыял. тхли́ца ‘рыба, якая задыхнулася ў рацэ’, паводле Фасмера (4, 129) — з *тъхлъ або *дъхлъ, гл. тохнуць, дохнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́паць ‘ісці, тупаць’, ‘хадзіць няпэўна (пра дзіця і старых)’ (ТСБМ, Янк. 2, Яўс.). Параўн. польск. tępać ‘тупаць’ (Борысь, 654: з другасным насавым), н.-луж. tepaś ‘тс’, балг. дыял. те́пам ‘ісці марудна ад старасці ці па-дзіцячы’. Гл. тупаць; форма з экспрэсіўным або варыянтным вакалізмам, што можа ўзыходзіць да прасл. *tъpati, параўн. тыпаць, гл. Аднак большасць даследчыкаў звязваюць яе з прасл. *tepti, роднасным з літ. tèpti ‘мазаць’, лат. tept ‘тс’ з асноўным значэннем ‘біць, стукаць’, да якога праз чаргаванне ўзыходзяць і тупаць, тупат, гл. (Фасмер, 4, 45; Шустар-Шэўц, 1504; ЕСУМ, 5, 548; ВЕР, 7, 949). Гл. наступнае слова. Сюды ж тэ́пало ‘той, хто тэпае’ (Янк. 2), тэ́паць ‘лапаць, сандаля’ (Яўс.), тэ́пці ‘хатні абутак’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), тэ́пкацца ‘дыбаць, ісці’ (Кал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палі́ць 1, палю, паліш, паліць; незак.

1. каго-што. Знішчаць агнём, спальваць. Гарадок, што быў райцэнтрам, гарэў у сорак першым годзе, палілі яго немцы і пры адступленне. Шахавец. Мы ўсе пахлі дымам, смалою — мы сцягвалі і палілі галлё, і рукі ў мяне млява шчымелі і нылі. Адамчык. // Вымушаць гарэць, загарацца (часцей з мэтай асвятлення або ацяплення). Адзін паліў запалкі, другі растапырыў на сабе шынель, каб і не тухла і каб заўважыць агонь нельга было чужому воку. Чорны. Слухае Міколка... Бацька яшчэ раскажа і пра нафту, якую таксама паляць на паравозе... Ён раскажа і пра паравоз, і пра чыгуначныя рэйкі, і пра розныя сігналы. Лынькоў. // Разм. Запальваць cвятло. У хаце яшчэ не палілі агню. Быў вечар-шчэдрык. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана. Баранавых. Карызна доўга не паліў святла. Ён сядзеў цішком, стуліўшыся па канапе. Зарэцкі. // Разм. Курыць папяросы, люльку і пад. У цяньку прысеў на лаву, Паліць люльку дзед. Зарыцкі.

2. у чым, што. Распальваць і падтрымліваць агонь у печы, пліце і пад. Гаспадыні паляць у печы — гатуюць снеданне мужчынам, што збіраюцца ў лес. Мяжэвіч. Васіль памагаў машыністу, паліў топку, — качагар з яго быў вельмі ўвішны і неспакойны. Мележ. // Абаграваць, награваць памяшканне, раскладваючы агонь у печы, пліце і пад. У бібліятэцы, відаць, яшчэ не палілі, і Наташа амаль не валодала пасінелымі ад холаду рукамі. Ракітны. Пакуль мужчыны палілі лазні, дзяўчаты і жанчыны мылі ў хатах падлогу, прыбіралі ў сенцах. Асіпенка.

3. што. Разм. Апрацоўваць агнём, жарам; абпальваць. Абрам па-старому цэглу паліць, толькі ўжо на добра абсталяваным заводзе арцелі. Лынькоў.

4. каго-што і без дап. Моцна пячы, абдаваць жарам, прыпякаць (пра сонца, полымя і пад.). Полымя [топкі] паліць твар, горача. Барашка. Сонца па-ранейшаму паліць нясцерпна. Рэдка ў пачатку лета бываюць такія гарачыя дні. Навуменка. // перан. Выклікаць адчуванне апёку; апякаць. Холад роснай дарогі Паліць босыя ногі. Жычка. [Дзеці] ўпокат ляжалі на палку. І не было каму падаць ім нават вады. Смага паліла іх маленькія грудзі. Краўчанка. / у безас. ужыв. Гарэлі шчокі, у грудзях паліла нібы агнём. Хомчанка.

5. Разм. Страляць (звычайна часта або залпамі). Чорная на фоне снегу варожая лава, бязладна паляць па лесе з вінтовак і аўтаматаў, пагрозна набліжалася ўсё бліжэй да замаскіраваных партызанскіх акопаў і завалаў. Казлоў. Тах! — коратка бухае карабін. Скурай на плячах і патыліцай адчуваю, што паляць па мне. Карпюк.

6. перан.; каго-што. Хваляваць, трывожыць, мучыць. Жаль і смутак чорны Паляць мне душу. Бядуля. Мяне, як агнём, паліла страшнае пачуццё, якому назвы я не знаходжу цяпер. Чорны. Гора, цяжкае, нясцерпнае гора паліла ў той час сэрца Івана Кабушкіна. Новікаў.

палі́ць 2, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. паліў, ‑ліла, ‑ліло; заг. палі; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым каго‑, што‑н.; намачыць. Паліць вуліцу вадою. □ Надзежда Іванаўна паліла мне на рукі з конаўкі і падала новенькі ручнік, якім, напэўна, ніхто яшчэ не выціраўся. Шамякін. // Увільгатніць, арасіць глебу для лепшага росту чаго‑н. Паліць грады. Паліць кветкі. □ Пакуль [Лена] прыбрала ў клубе, у бібліятэцы, пакуль змяніла фіранкі, паліла вазоны.. — звечарэла. Ваданосаў. [Пазняк], бадай, не горш другога агранома ведаў, дзе трэба [участкі] прапалоць, дзе паліць, дзе падкарміць. Дуброўскі.

2. Пачаць ліць (у 2 знач.). Да поўначы разам з другімі.. [маці] хадзіла па бары, па кустах ля ракі, пакуль не паліў буйны дождж. Якімовіч. Ударыў пярун, дождж паліў як з вядра. Ляпёшкін.

3. што. Спец. Пакрыць палівай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)