шуга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Гарэць яркім полымем з успышкамі агню. На горад безупынна сыпаліся бомбы, кругом шугалі пажары. Няхай. [Юновіч] расказаў пра дровы, што шугаюць у печы, пра акно, ружовае ад ранішняга сонца. М. Стральцоў. Ярка шугалі падпаленыя імі [немцамі] саламяныя стрэхі, рассыпаючы вакол траскучыя іскры. Якімовіч. Маўчыць незнаёмы... Лучына шугае; Дзеці ў куточку сядзяць; Слёзы кабета рукой абцірае. Чарот. // Палаць, гарэць інтэнсіўна (пра полымя, агонь). Весела шугаў агонь, патрэскваў яловы сухастой. Паўлаў. Там, за лесам, полымя шугае, Цягнуцца пад неба языкі. Тармола. // Вырывацца, вылятаць адкуль‑н. (пра полымя і пад.). Высока ў неба ляцелі іскры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны. Новікаў. Шугаюць хвалі полымя з вокнаў і ўваходаў вестыбюля вакзальнай камяніцы. Шынклер. // Вылучаць гарачыню, абліваць гарачынёй. Ліпнёвае сонца шугае, Завялі на ліпах лісты. Грахоўскі. // перан. Праяўляцца, праходзіць бурна, імкліва. На дварэ шугала вясна — чуваць было, як дружна ціліўкалі птушкі, кудахталі куры. Гроднеў. [Яругін] добра зведаў, як кепска быць эвакуіраваным, бо ўся сям’я тады галадала, хоць жыла не на правым беразе Волгі, дзе шугала вайна, а на левым, дзе вайны не было. Карамазаў. Навокал шугаў май, шугаў пышна, усімі фарбамі, усімі пахамі вясны. Новікаў. На дварэ шугала навальніца. Сачанка.

2. Выпраменьваць яркае святло, свяціцца яркім няроўным святлом; палымнець. Палярнае ззянне шугала Вясёлкавым дзіўным святлом. Хведаровіч. За акном не пераставала шугаць бліскавіца, грымеў пярун. Броўка. Уперадзе, недзе, мабыць, пад Мінскам, чуліся выбухі, шугала крывавае зарава... Ставер.

3. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угору (пра полымя, дым, іскры і пад.). З вокнаў валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх. Гурскі. Час ад часу з трубы цягніка шугалі залацістым роем іскры. Машара. З труб .. [парахода] шугаў чорны дым. Ус.

4. Прыліваць да твару (пра кроў). Кроў шугае ў твар, даўкі камяк перасядае ў горле — і адразу цяжка, невыносна цяжка дыхаць. Савіцкі.

5. Моцна, парывіста дзьмуць; урывацца куды‑н. (пра вецер, туман, пару і пад.). Калючы парыўны вецер агнём шугаў у твар Люсі. Шашкоў. У твар байцам шугала гарачае паветра, над галавой свісталі асколкі. Шамякін. Цяпло шугае ў твар, весяліць цела і сэрца. Любата! Васілевіч. / у безас. ужыв. На Валю шугае туманам. Брыль. // Біць, моцна сячы (пра снег, дождж і пад.). Некалькі разоў па дарозе находзілі хмаркі і шугаў дождж. Кулакоўскі. Слухала [князёўна], як шуміць за акном вецер, як шугае па аканіцах снег, як час ад часу спяваюць пеўні. Лупсякоў.

6. Калыхацца, хвалявацца, біць, шумець і пад. (пра мора, хвалі). І хмары, здавалася, нават, радзелі, і хвалі нібыта шугалі не так. А. Вольскі. Пырскі б’юць нам у твары, ляцяць з Байкала, мора слаўнае наша шугае да скал. Русецкі.

7. каго-што. Падкідаць каго‑н. на руках; гушкаць. — На ўра! На ўра! Пісара падхапілі на рукі і пачалі шугаць. Колас. // Гайдаць, калыхаць што‑н. або чым‑н. А .. [рака] холадна шугала нястрымныя хвалі свае. Шынклер. Пыхала нядужая бліскаўка, і шугаў рабінаю вецер. Гарэцкі.

8. Хутка, рэзка падымацца ўгору; узлятаць. І ледзь паспявалі птушкі шугаць угару з-пад ног, калі сваёй лапатушкай дзед падцінаў мурог. Макарэвіч. // Хутка, імкліва лётаць, праносяцца ў паветры і пад. Шугаюць веерам ля хат чароды розных птушак. Ставер. // перан. Узнімацца ўверх, высіцца. Паабапал чыгункі тырчаў рэдкі жухлы хмызняк, толькі сям-там у неба шугалі велічныя ў сваёй адзіноце гонкія сосны. Васілёнак. У неба шугае касцёл. Сіпакоў.

9. Разм. Ісці, выбірацца адкуль‑н. Бацька пагладзіў Уладзіка. — Ідзі, сынку, дамоў. Толькі, як з лесу выйдзеш, шугай асцярожна. Ідзі жытам. Бядуля. — Добра, скажы, праз мінут дзесяць буду. [Абходчык:] — І шугай адсюль. Пабочным па палатне хадзіць забаронена. Курто. // Насіцца, вельмі хутка перамяшчацца. Між галля яна [вавёрка] шугае, Як маланка, лётае. Агняцвет. Там недзе нячутна шугаюць за спажываю вялізныя, як бярвенні, ненажэрныя шчупакі. Брыль.

10. Узмахваць (звычайна крыламі). / у вобразным ужыв. Бач, як над светам вясна Ўжо крыламі шугае! Чарнышэвіч.

11. Развявацца, лунаць, рэяць, трапятаць. Сёння сцяг наш над Мінскам шугае, Горад любы ізноў ажыве. Астрэйка. Ды сцяг, Што хацелі фашысты Тут ботам тупым растаптаць, У небе шугаў, прамяністы, Паспеўшы ўжо полымем стаць. Гаўрусёў. // перан.; каго. Разм. Трэсці, калаціць. Гаварыў Сымонка з імі [авечкамі], Дый самога страх шугаў. Колас.

12. Добра расці, хутка развівацца; буяць. Каноплі там шугалі, лён, Пшаніца, бульба, грэчка, віка, Ды бушавалі буракі. Валасевіч. Сухое сучча абрэжа нечы клапатлівы нож, а то і проста птушкі паабломліваюць, і дрэўца зноў пачне шугаць. Лобан. / у перан. ужыв. Яшчэ ніколі маладыя паэтычныя парасткі не прабіваліся так напорыста і паўсямесна і не шугалі так хораша і дружна, як у самы апошні час, як сёння. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хало́дны в разн. знач. холо́дный;

х. ве́цер — холо́дный ве́тер;

х. пот — холо́дный пот;

х. клі́мат — холо́дный кли́мат;

х. суп — холо́дный суп;

~ная кватэ́ра — холо́дная кварти́ра;

~нае паліто́ — холо́дное пальто́;

~нае со́нца — холо́дное со́лнце;

~ныя фа́рбы — холо́дные кра́ски;

х. адка́з — холо́дный отве́т;

~ная клёпка (прака́тка)тех. холо́дная клёпка (прока́тка);

~ная вайна́ — холо́дная война́;

~нае сэ́рца — (у каго) холо́дное се́рдце (у кого);

х. шаве́ц — холо́дный сапо́жник;

х. душ — холо́дный душ;

пакры́цца (аблі́цца) ~ным по́там — покры́ться (обли́ться) холо́дным по́том;

~най вадо́й аблі́ць — холо́дной водо́й окати́ть (обли́ть)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Вёдра ’добрае надвор’е (Інстр. II). Укр. ве́дро ’яснае надвор’е’, рус. вяц. вёдрецо, арханг. ве́дрие, смал., пск. ведри́на ’яснае сонечнае надвор’е’, ст.-рус. ведро ’тс’ (з XII ст.); ’гарачыня, спякота, засуха’ (з XII ст.), ст.-польск. wiadro, wiodro (з XV ст.) ’спякота, гарачыня’, н.-польск. wiadro ’надвор’е, стан паветра’, каш. vʼodro ’надвор’е, паветра’, палаб. vedrü ’надвор’е’; ’сонца’, н.-луж., в.-луж. wjedro ’надвор’е’, чэш. vedro ’спякота, гарачыня’, славац. уст. vedrný, vedro ’яснае надвор’е’, славен. védro, vedrína ’тс’, vę̑drtia ’вясёлка’, серб.-харв. ве̏дро, ведрѝна ’яснае, сонечнае надвор’е’, макед. ведорница, ведрина ’тс’, балг. ведрина, ведринка, ведрост ’тс’, ведър ’ясны, бясхмарны (аб надвор’і)’, ст.-слав. ведро ’добрае надвор’е’. Прасл. vedro з’яўляецца старым адпрыметнікавым назоўнікам. У балтыйскіх адпаведніках, паводле Скока, 3, 572, адсутнічае пачатковае v‑ (< і.-е. u̯e‑); параўн. літ. gaidrùs giẽdras ’ясны, светлы’, лат. gẽdrs, skaidrs ’ясны’. Праабражэнскі (1, 69) аспрэчвае роднасць балтыйскіх лексем да слав. vedro. Славянска-германская ізалекса звычайна інтэрпрэтуецца як звязаная з і.-е. *u̯e‑ і ўтвораная пры дапамозе суф. *‑dhro; параўн. таксама ст.-ісл. veðrвецер, паветра, надвор’е’, ст.-в.-ням. wetar, н.-в.-ням. Wetter ’надвор’е’, англ. weather ’надвор’е, ветранае надвор’е; шторм’. Гл. Міклашыч, 377; Праабражэнскі, 1, 69; Брукнер, 622; Голуб-Копечны, 410; Фасмер, 1, 284; Шанскі, 1, В, 84; КЭСРЯ, 72; Скок, 3, 572; БЕР, 1, 127–128. Аднак прагерм. weðra суадносіцца са ст.-грэч. (Ϝ)έτος ’год’, δυσ‑ετηρία ’дрэннае надвор’е’, ст.-інд. vatsaraḥ ’год’ і інш. Калі гэта так, тады прасл. vedro трэба лічыць запазычаннем з герм. (Мартынаў, Лекс, взаим., 56–58). Махэк₂ (681) суадносіць vedro з (s)vęd‑ ’сушыць цяплом, сушыцца, вянуць’, магчыма, сюды ст.-польск. wiądro (?), аднак цяжка звязаць з гэтым коранем прасл. vedro без назальнага ‑e‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свали́ть сов.

1. в разн. знач. звалі́ць, мног. пазва́льваць; (дерево — ещё) спусці́ць, мног. паспуска́ць; (в одно место, с повозки и т. п. — ещё) звярну́ць; (вину на кого-л. — ещё) звярну́ць;

свали́ть де́рево звалі́ць (спусці́ць) дрэ́ва;

ве́тер свали́л с ног ве́цер звалі́ў з ног;

свали́ть дрова́ в ку́чу звалі́ць (пазва́льваць, звярну́ць) дро́вы ў ку́чу;

свали́ть се́но с пово́зки звалі́ць (звярну́ць) се́на з во́за;

боле́знь его́ свали́ла хваро́ба яго́ звалі́ла;

свали́ть вину́ на друго́го звалі́ць (звярну́ць) віну́ на друго́га;

2. (уменьшиться, ослабеть) разг. спа́сці;

жар к ве́черу свали́л гарачыня́ пад ве́чар спа́ла;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

разне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. разнёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. разнясі; зак., каго-што.

1. Носячы, даставіць кожны прадмет у пэўнае месца, пэўнай асобе. А цяпер, брат, паштар у нас, з сумкай, кожную хату абыдзе, да паперачкі ўсё разнясе. Ермаловіч. Ніхто за .. [Андрэя] .. [коням] ні сена не разнясе, ні гной з-пад ног на двор да паветкі не выкіне. Пташнікаў. // Ходзячы, вандруючы, распаўсюдзіць што‑н. сярод каго‑н., дзе‑н. Разнесці заразу. // і без дап. Разм. Паведаміць многім, зрабіць вядомым усюды. Не дай бог трапіць .. [дзецям] на вока, разнясуць на ўсю вёску. С. Александровіч. На другі ўжо дзень газеты і радыё на ўвесь свет разнеслі звестку аб ашчасліўленым латарэяй чалавеку. Быкаў.

2. Размеркаваць, запісаўшы ў розных месцах; распісаць. Разнесці па графах.

3. Разм. Расцягнуць па частках, раскрасці. Зладзеі маглі б разнесці сад за два дні. Корбан.

4. Рассеяць, развеяць; разагнаць. Вецер ужо абарваў з дрэў пажоўклае лісце, разнёс яго па лесе. Ляўданскі. Вецер выдзьмуў з нечай цыгаркі зыркія іскрынкі, падхапіў іх і разнёс. М. Стральцоў.

5. Разм. Разбурыць, разбіць, разламаць. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі. Быкаў. Спрытныя суседчыны рукі ўмомант разнеслі старую арфу на трэскі. Васілевіч. / у безас. ужыв. — Разнясе станок, — усё яшчэ з разгубленым здзіўленнем на твары сказаў Піліп. Кулакоўскі. // Забіць, разарваўшы на кавалкі. Нейкія людзі, у парыве сыноўскай удзячнасці, кінулі дзве бомбы ў цара-вызваліцеля і разнеслі яго ў шматкі. Караткевіч. / у безас. ужыв. Па інструкцыі, калі міна «на батарэйку» не ўзарвецца, кранаць яе нельга: замыканне можа наступіць зусім нечакана і партызана разнясе на кавалкі. Карпюк. // Перакуліць, выкінуць (пра коней). Іншага двухгодка сам чорт у аглоблях не ўтрымае, разаб’е, разнясе ўсё, а Нямко возьме яго за повад, і адразу дзікая жывёліна становіцца рахманым кацянём. Кулакоўскі.

6. перан. Разм. Моцна аблаяць, падвергнуць знішчальнай крытыцы. Не думаў .. [Шаройка], што яго, лепшага гаспадара, могуць так разнесці. Шамякін.

7. безас. Разм. Пра ўтварэнне апухласці на чым‑н. Занылі ў вавёркі зубы. Даводзіць боль яе да згубы, Шчаку разнесла як падушку. Валасевіч. // Пра чыю‑н. празмерную паўнату. [Матруна:] — І прападзеш, калі піць не кінеш! Вунь цябе ўжо як разнесла... Зуб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Рабіць свердлам адтуліны ў чым‑н. А таго, каб так лёгка свідраваць халоднае тоўстае жалеза, нават і не ўяўляў [Васіль]. Кулакоўскі. // Бурыць адтуліны ў грунце або ў горнай пародзе. З тае пары, як пачалі свідраваць зямлю, людзі не маглі абыйсціся без гліністага раствору. «Маладосць». // Струменем вады пад вялікім ціскам прамываць адтуліны ў чым‑н. Сёння людзі навучыліся тонкім струменем вады свідраваць сталь. Броўка. На што вада, але і тая Не ўсюды роўны нораў мае: Спакойна ў ямах і заторах, Але капае дол у горах І страшна пеніцца, бушуе, І грунт каменны там свідруе. Колас.

2. Тачыць, прабіваць, рабіць адтуліны ў чым‑н. (пра расліны, жывёл і пад.). Граніт і голае каменне Свідруюць тонкія карэнні. Шукаючы жывой крыніцы, Каб чыстае вады напіцца. Грахоўскі. Чуваць, як знізу парасткі тугія Свідруюць пласт абвугленай зямлі. Аўрамчык. Сваёй вострай і моцнай дзюбай чорны дзяцел прабівае кару, свідруе драўніну, растрыбушвае шышкі. В. Вольскі.

3. перан. Пранізваць паветра, ваду рэзкім узлётам, хуткім вярчэннем. Арлы-самалёты Свідруюць прастор. Купала. Ён [параход] плыве, мінае мелі, І ваду свідруе вінт. Ліхадзіеўскі.

4. перан. Дзьмуць з вялікай сілай (пра вецер). Захавай, мой сын, прашу я, Човен у адрыне, Няхай вецер не свідруе, Няхай так не гіне. Колас.

5. перан. Непакоіць, хваляваць, мучыць (пра думкі, адчуванні). Усё гэта рабілася механічна, бо галаву свідравалі іншыя думкі. Чарнышэвіч. Да самага вечара стары не пайшоў нікуды. Мучыла, свідравала душу вострае адчуванне, што трэба неадкладна неяк старацца памагаць Ганне. Кулакоўскі. // Раздражняць слых рэзкімі гукамі. Толькі свідраваў вушы востры, пранізлівы звон, ды рэзкімі, балючымі штуршкамі біла ў скроні кроў. Шашкоў. // Раздражняць нюх рэзкім пахам. Адчуванне вярнулася немаведама ад чаго: ці ад пякельнага болю, ці ад таго, што колы вагона ляскалі, падскокваючы на стыках рэек, ці ад моцнага паху ёдаформу, які, здавалася, свідраваў нос. Сабаленка. / у безас. ужыв. А Сучка пад сталом ляжала. У беднай аж кіпела кроў: Ну так жа смачна ў носе свідравала. Корбан.

6. перан. Пільна ўглядацца ў каго‑, што‑н. Тодар адчуў, што вочы ўсяе залы ўпіраюцца яму ў спіну, свідруюць яго. Крапіва. Расказвае дзед Іван, рукой час ад часу вусы прыгладжвае. А дзеці так і свідруюць яго вачыма. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спі́на, ‑ы, ж.

1. Задняя (у жывёл — верхняя) частка тулава ад шыі да крыжа. Рыбак, які нёс сеці, выпрастаў нарэшце спіну і паварушыў плячыма. В. Вольскі. Гуз паморшчыўся — ён абдзёр спіну і плячо, калі лез пад нары. Шашкоў. Заклаўшы рукі за спіну, .. [Булай] задаволена пазіраў на квяцісты графік. Шыцік. Я схапіў сачок, ускочыў у ваду .. і ўбачыў побач з сабою доўгую цёмную спіну шчупака. Якімовіч. / у перан. ужыв. Рыбак зморана шпарыў па шырокай спіне пагорка, пакутна цямячы, што галоўнае цяпер — адбегчыся як мага далей. Быкаў. Хвалі паўзуць няўмольна, Калматыя спіны іх гнуцца. Свірка. Сонца аглядае развітальным позіркам [в]острыя спіны стрэх. Крапіва.

2. Тое, што і спінка (у 3 знач.). Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль.

•••

Вецер у спіну каму гл. вецер.

Вывезці на спіне гл. вывезці.

Выехаць на чужой спіне гл. выехаць.

Гнуць спіну гл. гнуць.

Ездзіць на чыёй спіне гл. ездзіць.

За спінай — а) каго, чыёй, у каго таемна, без ведама каго‑н. [Джвучка:] — Вы мне тут сёння ўвесь вечар чаўплі, што за маім старшынствам жыццё было. Каму? Вам! Вы нажываліся за маёй спінай. Пташнікаў; б) каго, чыёй, у каго на чые‑н. сродкі; пад апекай каго‑н. [Якуб] жа робіць вялікую справу — адвучвае такіх лайдакоў, як ты, жыць за чужой спінай. Васілёнак; в) у мінулым. У Куляшова ўзлятаюць да зорак людзі, якія маюць за спінай вялікі, вопыт барацьбы за зямлю. Бярозкін; г) за сабой, ззаду. За спінаю ў мяне апынуўся горад, а наперадзе поле. Кавалёў. [Да салдат] дайшла вестка аб тым, што непадалёку, можна сказаць, за іх спінаю, размясціліся танкавая брыгада і полк «кацюш». Сіўцоў.

За спінай каго; з-за спіны каго — ззаду каго‑н., з-за каго‑н. Стоячы за спінай свайго незнаёмага таварыша, Сцёпка то ўсміхаўся, то паціскаў плячыма, калі чуў няправільныя адказы. Колас. Уся Падвалока паказалася Івану з-за спіны старога і паплыла, паплыла, паплыла ўправа. Брыль.

Мароз па спіне ідзе (прайшоў, прабег) гл. мароз.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па спіне гл. мурашка.

Не разгінаючы спіны гл. разгінаць.

Нож у спіну гл. нож.

Павярнуцца спінай да каго-чаго гл. павярнуцца.

Стаяць за спінай чыёй, у каго гл. стаяць.

Удар у спіну гл. удар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́ра, ‑ы, ж.

1. Вецер вялікай разбуральнай сілы, звычайна з дажджом або снегам. Бура ўзнялася. Бура сціхла. □ Дзед з Сымонам пад вярбою Селі буру пераждаць. Колас. Пералівы ветру пераходзяць у буру. Бядуля.

2. перан. Пра сацыяльныя з’явы вялікай гістарычнай важнасці, якія выклікаюць істотныя перамены ў жыцці грамадства. І вось паўстаў крылаты пралетарый, — І бура ўміг з зямлі змяла цара — драпежніка арла. Крапіва. Раскаты рэвалюцыйнай буры ў пралетарскіх цэнтрах Расіі ўскалыхнулі і Беларусь. Івашын.

3. Шум, крык. Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Баранкевіч падняў у доме буру. Колас. [Насця:] — Што ж гэта, памочнікі мае дарагія, у ясны дзень буру паднімаеце? Мележ. // перан. Моцнае душэўнае хваляванне. Бура, якая бушазала ў душы [Пятра] ўсю дарогу, пакрысе сціхала. Шамякін. // перан.; чаго або якая. Яркае гарачае выяўленне пачуццяў. Пасля буры воплескаў шалёных Мы сябе не помнілі ў фінале І свае сапраўдныя імёны У ролях закаханых называлі. Непачаловіч.

•••

Магнітная бура — раптоўнае кароткачасовае, хуткае і незаканамернае змяненне магнітнага поля Зямлі, звязанае з утварэннем і развіццём па Сонцы цёмных плям.

Бура ў шклянцы вады — моцнае хваляванне, гарачая спрэчка з-за дробязных прычын.

Якой бурай прынесла — пра нечаканае з’яўленне непажаданага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калю́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які колецца, можа рабіць укол. Калючыя шыпы ліян ранілі .. рукі і рвалі вопратку. Самуйлёнак. Пад нагамі шумна зашастаў калючы ржэўнік. Якімовіч. // Які выклікае балючае адчуванне ўколу. Нізка плылі цяжкія хмары, сыпаўся калючы халодны снег. Лупсякоў. Толькі вецер ганяў калючы пясок па дарозе. Шыцік.

2. Які мае калючкі. Калючы дрот. Калючы куст. □ [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль.

3. перан. Востры, са злой насмешкай. Бацька ў роспачы, у злосці Кінуў жмут калючых слоў. Колас. // Злы, нядобры (пра погляд, вочы і пад.). Людзі слухалі паказанні, і твары іх камянелі, сухімі, калючымі рабіліся іх вочы. Лынькоў. Позірк Шамоты быў стрыманы, калючы, недаверлівы, позірк Варановіча — вясёлы, усмешлівы, з нейкай вострай думкай у вачах. Дуброўскі.

4. перан. Які непрыхільна, недаверліва ставіцца да ўсяго; нелюдзімы, злосны (пра чалавека). Паходню варта было б правучыць — занадта ён ужо порсткі і калючы стаў у апошнія гады. Хадкевіч.

5. перан. Асляпляльны, рэзкі, яркі (пра святло). Лежачы на цвёрдым белым стале, аслепленая калючым святлом, яна [Лёдзя] адчувала, што траціць апошнія сілы. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Хапаць, раніць зубамі. Сабака дужа злосны, усіх кусае. // Сціскаць, шчыпаць дзюбай (пра птушак). Гусак кусае. // Раніць джалам, хабатком (пра насякомых). Пчолы кусаюць. Мурашкі кусаюць. // Захопліваць, сціскаць зубамі, пакусваць (пры хваляванні і пад.). Алёша бліснуў позіркам у бок Раі, але яна не ўзнімала вачэй ад падручніка і кусала рог хусткі. Шамякін. Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, і нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Мележ. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. І свой жа брат цябе кусае, Бо кожны выслужыцца хоча. Колас.

2. Захопліваць зубамі, аддзяляць, адкусваць невялікімі кускамі ад чаго‑н. Лукаш апетытна еў з чыгуна бульбяную кашу, кусаў хлеб і запіваў з вялікага белага кубка малаком. Ермаловіч. // Разм. Есці. [Скіба:] Ад учарашняга абеду не кусаў нічога. Крапіва. // Разгрызаць, раскусваць што‑н. цвёрдае. Кусаць арэхі. // Адразаць кавалачкамі. Кусаць дрот.

3. Разм. Моцна раздражняць скуру, пячы (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). У школу ідзе Майка, а мароз такі кусачы, кусае і падганяе. Лынькоў.

•••

Кусаць (сабе) локці — шкадаваць аб чым‑н. упушчаным, непапраўным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)