абагна́ць, абганю, абгоніш, абгоніць; заг. абгані; зак., каго-што.
1. Выперадзіць, рухаючыся хутчэй. Якраз у гэтым месцы калону абагналі грузавікі, напакаваныя вайсковай маёмасцю. Чорны. // Вырасці большым, вышэйшым за каго‑, што‑н. на працягу аднаго і таго ж часу. [Мятлічка] ростам абагнала ўсіх. Грамовіч. // перан. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑, чым‑н. Абагнаць таварыша ў вучобе.
2. Сагнаць каго‑н. адкуль‑н. (звычайна пра насякомых, птушак). Абагнаць мух.
3. З дапамогай плуга-акучніка абгарнуць зямлёю радкі бульбы, буракоў і пад. Праязджаючы на сваё поле, [Мікуць] кожны дзень бачыў, як наўздзіў расла ў градусах калгасная бульба. Абагналі яе добра з гэтага боку. Чорны.
4. Зняць, садраць. Абагнаць кару.
5. Прагнаць каго‑н. вакол чаго‑н.
•••
Абагнаць (раннюю) расу — устаць вельмі рана, на золку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абараня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Адбіваць напад, засцерагаць ад нападу, непрыязных або варожых дзеянняў. Маладыя калгаснікі пайшлі ў Чырвоную Армію са зброяй у руках абараняць сваю радзіму. Колас. // Адстойваць чые‑н. інтарэсы, правы, погляды. Паэт, які з самага дзяцінства зведаў нягоды і пакуты сялянскага жыцця, рашуча абараняў прынцып дэмакратызму ў паэзіі. Шкраба. // Быць заслонай ад шкоднага дзеяння чаго‑н. Іх [эўкаліптаў] магутныя сцены абараняюць сады ад вятроў, яны азаніруюць паветра. Самуйлёнак.
2. Выступаць на судзе ў якасці абаронцы. [Марыся:] — Хутка будзе суд, а пан Крукоўскі падкупіў адвакатаў, якія будуць абараняць Рыгора. Бажко.
3. На спецыяльным пасяджэнні дабівацца прызнання вартасці навуковай працы, дыпломнага праекта з мэтай атрымаць адпаведную кваліфікацыю. А калі Русаковіч абараняў дыплом, дык за яго хваляваўся не толькі Даніла Мікалаевіч, але і генерал. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аблама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго-што.
1. Ломячы, аддзяліць частку, кавалак чаго‑н. Абламаць сук. □ Конь абламаў капытамі тонкі лядок ля самага берага, ступіў колькі крокаў па халоднай вадзе і, коўзаючыся, узышоў на паром. Чыгрынаў. // Паабломваць усё або многа чаго‑н. Абламаць парасткі на ствале дрэва. □ Выбраў [Міканор] з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Мележ.
2. перан. Пазбавіць каго‑н. сілы, волі, мужнасці. [Лагута:] Будуць вызваляць ад старшыні... За тое, што авёс згнаіў.., што не даўся яму ў рукі, а ён [Верамейчык] хацеў абламаць мяне і зрабіць паслухмяным... Губарэвіч. // Разм. Схіліць каго‑н. на ўступку, дабіцца ад каго‑н. згоды; уламаць.
•••
Абламаць (зламаць) зубы — пацярпець няўдачу, імкнучыся асіліць што‑н.
Абламаць (пазбіваць) рогі — уціхамірыць, утаймаваць, падпарадкаваць каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́нік 1, ‑а, м.
1. Памянш.-ласк. да конь (у 1 знач.); невялікі конь. Конік быў не такі ўжо і благі на выгляд. Маленькі, як жарабя, сівай масці. Якімовіч.
2. Дзіцячая цацка, падобная на каня, конскую галаву. Дзеці дзьмуць у .. конікі. Дзірачкі пальчыкамі перабіраюць. Бядуля.
3. Дзіцячая гульня — язда вярхом на палачцы. Гуляць у конікі.
•••
Марскі конік — трапічная і субтрапічная марская рыбка, галава якой падобная на конскую.
Быў конік, ды з’ездзіўся — тое, што і была кабылка, ды з’ездзілася (гл. кабылка).
Выкінуць коніка гл. выкінуць.
ко́нік 2, ‑а, м.
1. Насякомае, якое скача і стракоча крыламі. Луг зялёны жыццём дыша — Конікі трашчаць. Колас. Кузьма сеў на кучу свежай саломы, з якой за ўсе бакі пырснулі маленькія конікі. Дуброўскі.
2. Птушка сямейства сітаўкавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кру́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае форму круга, шара, кола, цыліндра або падобны да іх па форме. Круглае бервяно. Круглы стол. Круглы мячык. □ Над табою месяц круглы У ясным небе ціха плыў. Колас. // Тоўсты, сыты, поўны (пра чалавека, яго фігуру, твар). Шарсцяны світэр шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы. Мележ.
2. У спалучэнні са словамі «год», «дзень», «суткі» абазначае: увесь, цэлы. Волеччын голас, калі яна паганяла каня, чуўся па полі круглы дзень. Чорны. Брыгады гэтыя працуюць круглыя суткі. Кулакоўскі.
3. Разм. Поўны, абсалютны. Круглы выдатны. Круглая сірата. // У спалучэнні са словам «дурань» абазначае: абсалютны, закончаны. Толькі круглы дурань, хіба, прачытаўшы гэты ліст, не ведаў бы, што рабіць. Самуйлёнак.
•••
Круглыя лічбы гл. лічба.
Круглыя дужкі гл. дужка.
За круглым сталом гл. стол.
Круглая сума гл. сума.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́дні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца ззаду проціл. пярэдні. Заднія ногі каня. Задняе кола. □ Коля з Мішам занялі месцы на задні лаўцы. Якімовіч. // у знач. наз. за́дні, ‑яга, і за́дняя, ‑яй, ж. Пра чалавека, які рухаецца; стаіць і пад. ззаду за кім‑, чым‑н. Увагу Дзмітрыя прыцягнуў натоўп каля пакгаўза. Заднія ўзнімаліся на дыбачкі, выцягвалі шыі, падскоквалі. Беразняк.
2. Накіраваны назад (пра напрамак руху). Шафёр развярнуўся і заднім ходам падаў машыну да самых дзвярэй. Пальчэўскі.
•••
Задні праход гл. праход.
Адысці на задні план гл. адысці.
Без усякай задняй думкі гл. думка.
Даць задні ход гл. даць.
Заднім днём гл. дзень.
Заднім розумам моцны гл. моцны.
Ляжаць без задніх ног гл. ляжаць.
Спаць без задніх ног гл. спаць.
Хадзіць (стаяць) на задніх лапках гл. хадзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
залама́ць 1, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак.
1. што. Сагнуўшы, надламаць. Заламаць галінку на дрэве.
2. Разм. Крута павярнуць убок. Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у падворак Юркі Труса, з надворка заламаў у вулачку. Колас.
3. што. Разм. Надта дорага запрасіць. Зарослы сівой шчацінай дзед, перш чым перавезці Сяргея цераз Прыпяць, заламаў дзвесце рублёў. Навуменка.
•••
Асінку заламаць — даць зарок не рабіць чаго‑н., палажыць канец чаму‑н.
Заламаць залом (уст.) — зблытаць і заламаць на чыім‑н. полі пук жытніх сцяблоў з мэтай паклікаць бяду на гаспадара поля (з павер’я забабонных людзей).
Заламаць рукі — моцна загнуць каму‑н. рукі назад, за спіну.
Заламаць шапку — надзець шапку набакір або ссунуць яе на патыліцу.
залама́ць 2, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак.
Разм. Пачаць ламаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запі́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Лісток паперы, на якім што‑н. напісана; кароткае пісьмо. Пакуль Міхась гаварыў, у прэзідыум сходу адна за адною перадаваліся запіскі. Паслядовіч. Ільіч зноў сеў, узяў паперу, нешта хутка напісаў, паклаў запіскі перш у адзін канверт, а потым у другі, заклеіў. Гурскі.
2. Кароткі пераказ у пісьмовай форме якой‑н. справы; афіцыйнае паведамленне аб чым‑н. Тлумачальная запіска. Дакладная запіска.
3. толькі мн. (запі́скі, ‑сак). Занесеныя на паперу чые‑н. назіранні, нататкі, успаміны. Алік разгарнуў сшытак і прачытаў першыя радкі: «Я спяшаюся расказаць у сваіх запісках усё, што ведаю пра гэтага чалавека». Шашкоў. // Літаратурны твор у форме запісаў, дзённіка, успамінаў.
4. толькі мн. (запі́скі, ‑сак). Як частка назвы некаторых навуковых выданняў — зборнікаў артыкулаў. Вучоныя запіскі Інстытута славяназнаўства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змясці́ць, змяшчу, змесціш, змесціць; зак., каго-што.
1. Знайсці месца для каго‑, чаго‑н.; умясціць. Навагранскі рынак не змясціў усіх кірмашоўцаў. Сабаленка. Ты адчуў, колькі шчасця і сілы Можа ў сэрцы змясціць чалавек. Прыходзька.
2. Даць памяшканне для жылля; пасяліць. Маці Васілька змясцілі ў хлеве. Гэта быў даўгі цагляны будынак. Маўр. // Даць месца, размясціць дзе‑н. [Прыяцель] змясціў сакаляня ў клетцы на даху сваёй хаты. В. Вольскі.
3. Уладкаваць, аддаць куды‑н. (на вучобу, службу і пад.). Змясціць у школу. Змясціць у бальніцу.
4. Надрукаваць, апублікаваць дзе‑н. Змясціць артыкул у часопісе. □ За той жа час побыту ў школе Аленка змясціла два свае вершыкі ў газеце. Колас.
5. Разм. Зняць, звольніць з пасады. Бюро райкома вынесла Байкову вымову і змясціла з камандзіра. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ляні́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які схільны да ляноты, ухіляецца ад працы. Хітрым чалавекам стаў сын Амяльяніхі. Ды не толькі хітрым, але і лянівым. Кавалёў. [Барабаха:] — [Наймічка] на ўсе штукі здатная, толькі да работы лянівая. Якімовіч. / у знач. наз. ляні́вы, ‑ага, м. Цяжкая праца толькі для лянівых. Бічэль-Загнетава. Санлівага не дабудзішся, а лянівага не дашлешся. Прыказка. // Які выяўляе ляноту. — Цяпер маю ахвоту ў цяньку пасядзець пад гэтымі дубамі — лянівым і рахманым голасам сказаў Іван Мацкевіч. Бядуля.
2. Вялы, павольны (пра рухі, паходку і пад.). Праз паўгадзіны сяброўкі пляліся ўжо лянівай паходкай людзей, якім няма куды і няма чаго спяшацца. «Звязда». // перан. Які павольна, слаба дзейнічае. Спакойнае мора задумана і ціха плёскала на берагі лянівай белапеннай хваляй. Самуйлёнак. Недалёка за імшыстымі стваламі дрэў паблісквае лянівымі хвалямі рэчка. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)