ша́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Гаварыць невыразна, шапялявячы. Вось яны [дзяўчаты] адважылі хлеб старому чалавеку, бадай што дзядулю. У яго трэсліся рукі, калі браў хлеб, і нешта шамкаў бяззубы рот, відаць, дзякаваў дзяўчатам. Лынькоў. [Журко:] — Мог выказаць сваю нязгоду і на камітэце. А то стаіць, шамкае нешта. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прафі́т ’прыбытак, польза’ (ТСБМ), про́фіт ’харчаванне’ (Гіст. мовы, 2, 264), дыял. прахві́т, про́хвіт ’мізэрнае штодзённае харчаванне’. Калі браць пад увагу акцэнтуацыю, то запазычанне адбывалася двума шляхамі: праз рус. профи́т (> прафіт, прахвіт) і польск. profit (профіт, прохвіт). Крыніца слова ў франц. profit ’прыбытак’, якое ўзыходзіць да лац. profectus, дзеепрым. ад proficere ’ісці на карысць’ (Голуб-Ліер, 395; Банькоўскі, 2, 780–781).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галя́чка ’ігла’ (Нас.). Паколькі, здаецца, няма дадатковых даных аб гэтай лексеме, то магчыма толькі выказаць меркаванне (даволі гіпатэтычнае) аб этымалагічнай сувязі з укр. го́лка ’ігла’. Бел. слова, мусіць, паходзіць з *голячка, дзе ‑ячка з’яўляецца суфіксам (у якой функцыі?), а гол — аснова, што ва ўкр. гол‑ка, рус. игла, іголка. Не выключаецца і сувязь з голы (тады, магчыма, гэта нейкая метафарычная або жартоўная назва).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Булдоўка ’расліна Nuphar luteum Sm., гарлачык жоўты’ (Інстр. II, Кіс., там і крыніцы). Паколькі расліна мае «пузатыя» кветкі, то яна часта носіць назвы тыпу ба́нька (< ба́нька ’пузатая пасудзіна’), глечыкі, кушынкі, жбанкі (гл. пад банька і іншыя падобныя назвы). У дадзеным выпадку выступае аснова булд-, якой часта называюць пузатыя, круглыя, выпуклыя прадметы (гл. булд-, булдава́, булды́га, булды́р, бульды́р). Параўн. яшчэ назвы кветак тыпу булдоўнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́дніць ’шчымець, даваць пякучы боль (у выніку ранення, раздражнення скуры, апёку і пад.)’ (ТСБМ), садні́ць ’тс’ (Бяльк.), садне́ць ’тс’ (Мат. Гом.). Рус. садни́ть ’тс’. Дзеяслоў утвораны ад прасл. *sadъno ’пляма, нацертае месца’, якое ад садзіць; гл. Шанскі, ЭИРЯ, 1, 72. Калі ўлічыць лінгвагеаграфію і тое, што садно́ (гл.) не мае гэтага значэння, то можна меркаваць, што дзеяслоў са́дніць — гэта пранікненне з рускай тэрыторыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

верхаво́дка 1, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм. Жан. да верхавод.

верхаво́дка 2, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Падземная вада, якая залягае паблізу ад зямной паверхні. — Вада тут павінна быць смачная, — заўважыў Міша. — Чаму, Мішачка? — Бо глыбока. Не верхаводка якая. Лобан.

2. Разм. Верхавая вада. [Паласа снегу] стала шырэйшай, па ёй пайшла верхаводка і размыла пратаптаную сцежку. Курто. Заліла верхаводка Каляіны, дарогі. Танк.

верхаво́дка 3, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Невялікая прэснаводная рыба сямейства карпавых. Пасярэдзіне стаяла закопчанае вядро, у якім пад аерам у вадзе ляжала некалькі ўжо нежывых рыбак — ці то верхаводак, ці то плотак. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Жаласна стагнаць, крычаць ад болю. [Старая] ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць так, што сэрца разрываецца. Васілевіч. Енчылі непрыбраныя раненыя. Мележ. // Гаварыць з енкам, скардзячыся. — Братачка, паміраць збіраемся, — дрыжачым голасам енчыла жонка старога Хвядоса Пастарунка. Кавалёў. // Абзывацца крыкам, гукамі, падобнымі да енкаў. Журчала рака, і над ёй чалавечым голасам енчыла кнігаўка. Пташнікаў. Заблытаўшыся ў снезе, вецер енчыць. Сумётамі дарогу замяло. Макаль.

2. перан. Разм. Назойліва, надакучліва прасіць аб чым‑н.; ныць. Рыпелі вазы, папіскваў гармонік, жаласліва енчыў жабрак, выстаўляючы перад сабой аголеныя абрубкі рук. Мікуліч. Многія [мяцежнікі] падалі на калені, енчылі і прасілі літасці. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бадзя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. У пошуках чаго‑н. весці вандроўнае, без пэўнага занятку і прыстанішча жыццё. Можна сабе ўявіць, якое шчасце мець свой кут і не мець вечнай патрэбы бадзяцца па свеце, каб зарабляць хлеб у чужых людзей! Чорны. Два гады бадзяўся Тодар па маёнтках, бяздомнік, беззямельнік. Чарнышэвіч.

2. Марна траціць час, сланяючыся без справы. Сын трымаўся адзін, нудзеў, бадзяўся з кута ў кут і да ўсяго быў халодны і абыякавы. Чорны. // Бязмэтна блукаць дзе‑н. Я прыйшоў у лес без якой там пэўнай мэты ці пільнай патрэбы. Проста бадзяўся па аглухлых палянах, дыхаў сыраватым паветрам. Ігнаценка. [Ігнат] бадзяўся то па агародзе, то па вуліцы, не знаходзячы месца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

1. Сказаць жарт. Усе пакочваюцца з рогату, дзед умее пажартаваць. Лужанін. Воранаў прыняў земляка ветліва, нават пажартаваў: «На чужой старонцы рад сваёй варонцы». Пальчэўскі. // з каго-чаго, (рэдка) над кім-чым і без дап. Сказаць або зрабіць што‑н. дзеля жарту; пасмяяцца з каго‑, чаго‑н. Зноў захацелася [Таццяне] пажартаваць з.. [Жэні], падражніцца, паспрачацца, як калісьці ў школе. Шамякін. Цяпер мне здаецца, што нехта вельмі злосна пажартаваў нада мной, прызначыўшы за брыгадзіра. Асіпенка.

2. Жартаваць некаторы час. А жыццё сабе ішло. Патроху пачало ўсё ўваходзіць у норму. Збіраліся [сяльчане] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́ча, ‑ы, ж.

1. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, у беспарадку наваленых адзін на другі. Куча камення. Куча галля. // Вялікая колькасць чаго‑н. сыпкага, зваленая горкай на адным месцы. Куча пяску. □ Жыта ссыпаюць проста ў кучу на брызент каля вагі. Васілевіч.

2. Гурт людзей, жывёл. — Разыдзіцеся, хлопцы, не збірайцеся ў кучы! — загадаў начальнік дэпо. Лынькоў. Вось коцяцца, як клубкі, авечкі, то рассыпаючыся, то збіваючыся ў густую кучу. Якімовіч.

3. Разм. Мноства; вялікая колькасць. Мець кучу грошай. Куча непрыемнасцей. □ Цяпер дзве Іванавы сястры замужам, старэйшы брат Спірыдон ажаніўся, сваіх дзяцей куча. Чарнышэвіч.

•••

Валіць (усё) у адну кучу гл. валіць.

Куча мала — вокліч у дзіцячай гульні, па якому ўдзельнікі падаюць адзін на аднаго.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)