Каро́бка ’невялікая скрынка’ (ТСБМ), ’пасудзіна вялікіх памераў для ссыпання збожжа’, ’шырокая пасудзіна сярэдніх памераў з лазы для захавання мукі, круп і іншых рэчываў’, ’шырокая пасудзіна для сяўбы ўручную’, ’кошык для збірання грыбоў, ягад’, ’спецыяльная, шчыльна сшытая з ліпавай кары пасудзіна для збору мёду’ (З нар. сл.), ’прылада для лоўлі ўюноў’ (З нар. сл., Шатал., Крыв., Рам.), ’скрыначка, пенал’ (Бяльк.). Найбольш ужывальнае вытворнае ад кораб (гл.) слова. Параўн. укр. коробка, рус. коробка, чэш. krabka, польск. krobka. Паўднёваславянскіх паралелей да вытворных з суфіксацыяй на ‑ъка няма, бо такая суфіксацыя не характэрна для іх. Вядома, што паўд.-слав. мовы аддаюць перавагу сінанімічнаму суфіксу таго ж паходжання ‑ica: серб.-харв. кра̏бица ’каробачка’, славен. krábica ’каробка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катэ́лка ’хлебны, гліняны шарык’ (Касп.). Не вельмі яснага паходжання; няма, здаецца, падобных форм у іншых мовах (гл. СРНГ, Даль, Трубачоў, Эт. сл.). Зыходзіць трэба, магчыма, з вядомага ўтварэння, празрыстага марфалагічна *katalъka (ад *katati; з элементам ‑l‑, што сустракаецца ў дзеепрыметніках мінулага часу). Параўн. у Даля: ката́лка ’што качаюць, дзіцячыя цацкі на колах; чым качаюць, качалка для качання бялізны; на чым катаюцца, каток, горка, рагожка для катання’ (гл. яшчэ СРНГ, 13, 121–122). Магчыма, калісьці націск быў на першым складзе (параўн. рус. ка́талки ’гульня ў шар’). Пры перанясенні націску на другі склад нібы аднаўляецца вакалізм «э» пад націскам. Параўн. чаргаванне ў бел. мове эа ў залежнасці ад месца націску.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каха́ць ’мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць’. Ст.-бел. кохати (вядомае ў помніках ужо на пачатку XVI ст.) лічыцца запазычаннем з польск. kochać. Гл. Булыка, Запазыч., 173; Гіст. лекс., 94; Фасмер, 2, 356; Брукнер, 242; Бернекер, 1, 538; Кюнэ, Poln., 66; Слаўскі, 2, 311–313; Трубачоў, Эт. сл., 10, 110–111. Слова запазычана з польск. і ва ўкр. мове. Магчыма, прамым паланізмам трэба лічыць і каха́нне (< польск. kochanie). Здаецца, прасл. *koxati было ў прасл. часы дыялектным словам: яго не зналі бел. і ўкр. мовы. Адносна рус. коха́ть Трубачоў, там жа, мяркуе, што яно шырока прадстаўлена ў гаворках і, магчыма, з’яўляецца спаконвечнай лексемай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кацаве́йка ’кароткая кофта на ваце, футры або на падкладцы, кабат з рукавамі’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кацаве́йка ’кароткая куртка, кофта’, укр. кацаве́йка, кацаба́йка, куцба́йка. Паводле Фасмера, 2, 212–213, запазычанне праз польск. kucbaja, kuczbaja (і, магчыма, формы, узятыя з укр., kacabajka, kacawejka) з ням. мовы. Параўн. ням. Kutzboi ’грубае сукно’ (якое мае далейшыя сувязі ў ням. лексіцы). Гл. яшчэ падрабязна ў Слаўскага, 2, 11–12. Да гэтай групы слоў адносіцца і бел. кучбай ’тканіна з шэрсці’ (Нас.). Шанскі (2, К, 103) мяркуе, што ўкр. кацаве́йка (якое было формай-пасрэднікам і для некаторых форм іншых моў) узнікла з кацабайка пад уплывам дзеяслова веять, развеваться, з якім, быццам па народнай этымалогіі, было звязана.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кле́шчы1 ’шчыпцы для захопу і трымання гарачага металу, абцугі’ (ТСБМ, Бяльк., Мат. Гом., З нар. сл., КЭС, лаг., Жыв. сл., Нар. словатв., Яруш.). Укр. кліщі, рус. клещи ’тс’, балг. клещи, макед. клешти, серб.-харв. кле́шти, славен. kléšče ’тс’, польск. kleszcze, чэш. kleště, славац. kliešte, в.-луж. kléšče, палаб. kleštă ’тс’. Прасл. klešči вытворнае ад klěskati (гукапераймальнае) (Махэк, Slavia, 28, 2, 268; Махэк₂, 255) або да klěščiti ’сціскаць’ (Слаўскі, 2, 212). Гэтыя версіі ў аднолькавай меры ненадзейныя (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 10, 21–22).

Кле́шчы2 ’драўляная частка хамута’ (ТСБМ, Мат. Гом., Бяльк., Касп., Маш., Маслен., КЭС, лаг., Сержп. Грам.). Гл. клешчы1.

Кле́шчы3 ’ўключыны’ (Мат. Маг.). Гл. клешчы1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клуміць ’тлуміць, дурыць, шумець’ (Нас., Гарэц., Юрч., Мат. Маг., Бяльк., Др.-Падб.), клуміць галаву ’задурваць, валакіціць, падманваць’ (Юрч. Фраз. 2). Насовіч (237) гаворыць аб тым, што клуміць аднаго паходжання з глуміць і тлуміць. Да клум (гл.). Супастаўляючы з клуміць не толькі тлуміць, але і глуміць. Насовіч, відаць, мае на ўвазе кантамінацыю тлуміць і глуміць. З гэтым тлумачэннем нельга пагадзіцца, паколькі рус. глумить, бел. глуміць маюць таксама значэнне ’дурыць, падманваць’. Трэба таксама ўлічваць, што лексемы tłum, tłumić толькі польскія і іх этымалогія няясная. Таму, па-першае, не абавязкова прымаць пераход t > k на беларускай глебе для тлумачэння бел. шум, шуміць, можна меркаваць і аб адваротным працэсе (гл. глум, глуміць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ком1 ’круглаваты зацвярдзелы кавалак рыхлага рэчыва’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Ян., Нар. лекс., Яшк., Яруш.). Укр. кім, рус. ком ’тс’, польск. kom ’тс’, славен. kom ’круглаваты прадмет’, балг. комина, серб.-харв. ко̏м, ко̏мина ’жамерыны’, чэш. kominy ’тс’. Бліжэйшыя адпаведнікі: лат. kams ’ком’, літ. kamuolỹs ’клубок’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі больш праблематычныя. Калі прызнаць адзінае паходжанне для ўсіх славянскіх форм, то можна разглядаць прасл. komъ як рэгулярны апафанічны адпаведнік да незафіксаванага на славянскай моўнай глебе дзеяслова *kemti. Параўн. літ. kim̃šti ’напіхваць’ і прасл. čęstъ ’густы’ (Бернекер, 1, 557; Трубачоў, Эт. сл., 10, 180).

Ком2 ’бульбяная каша, камы’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Сл., Жыв. сл., З нар. сл.). Гл. ком1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Круці́ць1 ’прыводзіць у кругавы рух’ (ТСБМ, Шатал., Мат. Гом.), ’віць’ (Касп.). Укр. крутити, рус. крутить ’тс’, польск. kręcić, чэш. kroutiti, славац. krútiť ’тс’. У іншых славянскіх паралелей іншыя значэнні. Параўн. серб.-харв. кру́тити ’рабіць цвёрдым, крэпкім, моцным’, балг. къртя ’адрываць, адломваць, валіць’ і адпаведныя з сербскахарвацкім значэннем н.-луж. kšuśiś ’рабіць цвёрдым, моцным’, в.-луж. krućić ’тс’. З аднаго боку, цяжка звязаць сербскахарвацкае і балгарскае значэнні, з другога — цяжка гэта зрабіць для паўднёва- і паўночнаславянскіх значэнняў. Дакладных адпаведнікаў у іншых індаеўрапейскіх мовах няма. Параўн. круты1 і круты3 (гл.).

Круці́ць2 ’маніць, ашукваць’ (Нас., Шат., КЭС, лаг., Яруш., Ян., Сл. паўн.-зах.). Гл. круціць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́гнік1 ’хвароба скуры, высыпка на твары (ад прастуды)’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Бір. Дзярж., КЭС, Жд., 1, Шн., 1, Арх. ГУ; нараўл., Інстр. II, Сцяшк., Мат. Гом., Шатал.). Рус. о́гник, дыял. во́гнік, укр. во́гник ’тс’, польск. ognik ’чырвоны прышчычак, запаленне’, чэш. oheň ’тс’, серб.-харв. ógnjica ’хвароба’, балг., макед. о́гница ’гарачка, ліхаманка’. Да агонь (Махэк₂, 410; Скок, 2, 546). Чэкман (SFPS, 13, 118 і наст.) звязвае таксама з *gniti, *gnojь, *ogniti ’быць у ліхаманкавым стане’. Аб сувязі з агнём гл. таксама Сержп., Пр., 199.

Во́гнік2 ’сушаніца лясная, змеявік’ (Гарэц.). Да вогнік1, таму што парашком з лісця і кветак расліны прысыпаюць мокнучы лішай (Гарэнні, 43).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́рчык1 ’барак, пры дапамозе якога запрагаюць каня ў плуг; брусок з жалезным крукам на сярэдзіне, за які зачэпліваюцца пастронкі’ (БРС, КТС, Нас., Касп., Гарэц., Бяльк., Др.-Падб., Мядзв., Сцяшк.). Рус. о́рчик ’перакладзіна, барак для пастронкаў вупражы каня’, укр. во́рчык, польск. orczyk ’тс’. Запазычана з с.-в.-ням. ortschit, н.-в.-ням. Ortscheit ’тс’ праз польск. мову (Міклашыч, 225; Мацэнаўэр, 265; Більфельдт, 29). С.-в.-ням. слова ўтворана з ort ’вастрыё, канец’ і schit ’палена’ (Фасмер, 3, 155). Праабражэнскі (1, 659) дапускае магчымасць зваротнага ўздзеяння польск. orczyk на ням. і набліжае орчик да арчак (гл.), о́рчак ’лука, драўляны каркас сядла’, што менш верагодна.

Во́рчык2 ’прыпрэжаны конь’ (Мат. Гом.). Гл. варчык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)