Не́ма 1 ’моцна, роспачна (крычаць)’ (Сл. ПЗБ, Жд. 1), не́мо ’страшна, дзіка; глуха’: немо гораць ногі; удырыло не́мо (ТС). Супрацьлеглыя значэнні аб’ядноўваюцца зыходнай семантыкай прыметніка не́мы ’страшны, замагільны’, гл.
Не́ма 2 ’тварам да зямлі’ (Чач.). Калі гэта не развіццё семантыкі папярэдняга слова (’глуха’ > ’тварам да зямлі’), то можна меркаваць пра глыбокі архаізм, які грунтуецца на старажытным проціпастаўленні верх — ніз, неба — зямля, гэты свет — той (падземны) свет і г. д., пры гэтым для першага элемента проціпастаўлення характэрна наяўнасць голасу, для другога — немата, параўн. чэш. věhlas ’свядомасць, дасведчанасць’ і nevěglas ’недасведчанасць; язычнік’, таксама тураўск. неве́глас ’смерць’ (гл.), г. зн. ’тое, што належыць таму свету, які не ведае голасу (= нямому)’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Ненька 1, нэнька ’калыска’ (Сл. Брэс.), ’калыска (толькі вісячая)’ (брэсц., Нар. лекс.), параўн. таксама нянька ’вісячая калыска’ (кобр., ДАБМ), укр. валын. нэнька, нянька, нанька ’калыска’, апошняе знаходзіць дакладную адпаведнасць у балг. нанкъ ’тс’. Тыповае ўтварэнне на базе дзіцячай мовы, як сведчыць балг. пана ’спаць (пра дзіця)’, макед. нани‑нани ’выклічнік пры калыханні дзіцяці’ і пад., гл. Грыцэнка, Ареальне вар. лекс., Київ, 1989, 207.
Не́нька 2 (нэнька?) ’рыбалоўная рухомая пастка з адным адкрытым заходам (звычайна лазовая)’ (палеск., Крыв.). Відаць, да папярэдняга слова, што тлумачыцца падабенствам рэалій (форма, матэрыял пляцення і пад.), параўн. колыска ’кломля, рыбалоўная рухомая пастка з адкрытым заходам для лоўлі рыбы ўдваіх на неглыбокіх месцах’ (там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Не́падабень ’пра непрыгожую, неахайную асобу’ (жлоб., Жыв. сл.). Да падо́бны ’уласцівы, прыстойны’, параўн. ніпадобны ’брыдкі, неахайны’ (там жа), ’непрыстойны, неўласцівы; неверагодны’ (Нас., Яруш.), усё да падаба́ць ’любіць, мець прыхільнасць’ (гл.). З іншым значэннем непадо́бны ’які не мае падабенства да каго-небудзь ці чаго-небудзь’ (Гарэц., ТСБМ), развіццё семантыкі зыходнага падобны ад ’падыходзячы’ да ’маючы падабенства’. Іншае развіццё значэння дэманструе хойн. непадобнасць (нэпадобнасць) : «вазьми ад е́тага чалавека нэпадобнасць, каторая дадзяна доўгими рука́ми» (Полес. этнолингвист. сб., 100), параўн. польск. niepodobność, niepodobieństwo, адно са значэнняў якога ’злосць, непрыстойнасць, нягоднасць’ тлумачыцца праз стадыю ’рэч немагчымая, непадобная да праўды’ (Варш. сл.), адкуль і ст.-бел. неподобность, неподобенство ’немагчымасць, неймавернасць; немагчымая, непраўдападобная рэч’ (пач. XVI ст., КГС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Непакаля́ны (непокаля́ны) ’незабруджаны, незапэцканы’ (Арх. ТС). Да пакалі́ць ’забрудзіць, запэцкаць; вымазаць’. Меркаванне Булыкі (Лекс. запазыч., 134) пра запазычанне ст.-бел. непокаляный (непокаланный, непоколяный) ’незаплямлены; бязгрэшны’ (1598) са ст.-польск. niepokalany ’тс’ грунтуецца, відавочна, на прыналежнасці да царкоўнай тэрміналогіі (параўн. niepokalane zaczęcie ’бязгрэшнае зачацце’ Брукнер, 214), аднясенні да польск. kał ’бруд, гразь’ і акцэнталагічных асаблівасцях слова, што, аднак, нельга лічыць дастаткова доказным: зыходны дзеяслоў калі́ць (каля́ць) ’мазаць, пэцкаць’ (гл.), з якога выводзіцца значэнне старабеларускага слова, мае праславянскі характар, а шырокае ўжыванне дзеяслова пакалі́ць (пакаля́ць) у народнай мове, у тым ліку і ў архаічных палескіх гаворках, якія дэманструюць значную ўстойлівасць у адносінах да польскіх запазычанняў, не дае падстаў прыняць выказанае меркаванне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́ркаць (пра крык варон), укр. каркати, рус. каркать ’тс’. Іншаславянскія паралелі маюць іншую фанетычную структуру і шэраг іншых значэнняў, якія суадносяцца толькі як гукапераймальныя: чэш. krkáti ’адрываць’, славац. kŕkať ’квакаць’, польск. karkać ’кудахтаць’, серб.-харв. kŕkati ’хлябтаць’, славен. kȓkati ’гудзець’ (аб пчолах). Агульная форма гэтых заходне- і паўднёваславянскіх слоў: kъrkati. Маюць бліжэйшую паралель у літ. kūrkti ’квакаць’. Што датычыцца ўсходнеславянскіх паралелей, то для іх нельга дакладна рэканструяваць архетып. Мы дапускаем karkati, якое цяжка суаднесці з kъrkati, з аднаго боку, і з літ. kar̃kti ’кудахтаць’, з другога; у якасці паралелі да апошняй літоўскай формы мы б чакалі бел. *карокаць і ўсх.-слав. паралелі з поўнагалоссем (Слаўскі, 2, 78).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аско́ла вісус; чалавек, што ўсюды паспявае’ (Бяльк.); параўн. рус. смал. асколок ’дзёрзкі, нахабны чалавек’, укр. дивитись оскілками ’глядзець са злобай’, польск. oskoła ’бярозавы сок’ (Брукнер). Гэта слова можна тлумачыць як семантычнае развіццё першаснага аскола таго ж паходжання, што і рус. оскол, бел. асколак, якія маглі мець значэнне тыпу ’стрэмка’. Яны развіваліся тым жа шляхам, што і рус. заноза. Іншае тлумачэнне: скажэнне слова раскол ’забойца, разбойнік; буян, нахабнік’ (Бяльк., Шат.), што адлюстроўвала ўяўленне аб раскольніках як адшчапенцах, кепскіх людзях, якое пашыралася царквой; у гэтым выпадку ўкр. прыклад, дарэчы, патрабуючы ўдакладнення, наўрад ці звязаны з бел. асколак рус. асколок. Сувязь тлумачэння з польск. oskola, відаць, ад уяўлення пра «ліпучасць» соку.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барада́. Рус., укр. борода́, польск. broda, каш. barda, broda, чэш. brada, ст.-слав. брада, балг. брада́, серб.-харв. бра́да, в.-луж., н.-луж. broda. Прасл. borda, і.-е. *bhardhā ’тс’ (вядомае толькі ў частцы і.-е. моў): прус. bordus, лат. bā̀rda, bârzda, літ. barzdà (з іншай суфіксацыяй), лац. barba, ст.-в.-ням. bart і г. д. Лічыцца ўтварэннем ад *bhar‑ ’быць вострым, рэзаць’. Бернекер, 72–73; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 196; Брукнер, 40–41; Слаўскі, 1, 43; Траўтман, 27; Махэк₂, 62. Не абгрунтаваны версіі пра запазычанне слав. слова з герм. моў (так Педарсан, IF, 5, 72). БЕР, 1, 72, выстаўляе і.-е. праформу *bhor‑dhā (ад *bher‑dh‑ рэзаць, калоць’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Басалы́га ’басяк’ (Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. рус. дыял. басалы́га ’ветраны, легкадумны чалавек, балаболка і г. д.’ Можна меркаваць пра сувязь з басала́й (гл.); тады «экспрэсіўны» суфікс ‑ыга? Але параўн. і польск. basałyk ’пуга; басяк’; basałyga ’тс’. Форму basałyga (экспрэсіўную!) Брукнер (17) лічыць вытворнай ад basałyk. Выходзіць, не выключаецца магчымасць і сувязі з ст.-бел. басалык ’пуга’, рус. басалы́к, укр. басалик (з XVII ст.), польск. basałyk, запазычанымі з цюрк. моў. Фасмер, ZfslPh, 16, 68; Фасмер (1, 130) тлумачыць іх з тур., тат. bašakly. Але ёсць і тур. форма basalik, basilik! Невядома, якую ролю пры запазычанні іграла тут польск. мова (Булыка, Запазыч., 38: праз польск. basałyk).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бая́цца. Рус. боя́ться, укр. боя́тися, польск. bać się, чэш. báti se, ст.-слав. боꙗтисѧ, балг. бо́я се, серб.-харв. бо̀јати се і г. д. Прасл. bojati sę ’баяцца’. Параўн. літ. bajùs ’страшны’, bijótis ’баяцца’, ст.-інд. bháyatē ’баіцца’ і да т. п. Траўтман, 24; Бернекер, 68; Слаўскі, 1, 25; БЕР, 1, 71; Фасмер, 1, 204; Праабражэнскі, 1, 41. Няпэўнай з’яўляецца думка (Зубаты, Studie, 1, 1, 79–90; падтрымліваюць Трубачоў, Дополн., 1, 204; Шанскі, 1, Б, 183) пра сувязь з biti ’біць’. Сюды і прасл. bojaznь (суф. ‑znь): бел. баяз́нь, бо́язь, рус. боя́знь, укр. боя́знь, польск. bojaźń, чэш. bázeň, ст.-слав. боꙗзнь і г. д. Параўн. падобнае ўтварэнне: ст.-прус. biāsnan ’страх’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мараса́, мороса́ ’імжа’, ’павольны няспешны чалавек’ (ТС), ма́рась ’дробны дождж з туманам’ (Сцяшк. Сл.), марасі́ць, мырасі́ць, марусі́ць, моросі́ць, морусі́ць, марашы́ць, марушы́ць ’імгліць, імжэць, ісці (пра дробны дождж)’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; валож., Жыв. сл.), мархаце́ць ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Рус. мороси́ть, моро́сь, моро́х, цвяр. моро́ха ’імжа’, славен. mršeti ’марасіць’, ’церушыць (аб снезе)’, mŕščati ’тс’. Самымі блізкімі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца: лат. mirdzinât, merguôt ’марасіць’, męȓga, maȓga, mārga ’дробны, ціхі дождж’, літ. mirgė̃ti ’мігаць’, ст.-грэч. βροχή, βροχετός ’дождж’, βρέχω ’раблю вільготным’, і.-е. *merg(h)‑/*morg(h)‑ (Міклашыч, 202; Траўтман, 182; Мюленбах-Эндзелін, 2, 563, 583, 602; Фасмер, 2, 657; Фрыск, 1, 267; Бязлай, 2, 203).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)