адляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑ляціце; зак.

1. Летучы, перамясціцца, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. на пэўную адлегласць. Дзяцел толькі глянуў скоса, адляцеў за пару сосен і пачаў «тук-тук» нанова. Вось і ўся яго размова! Дубоўка.

2. Вылецеўшы, пакінуць якое‑н. месца; паляцець. Самалёты адбамбіліся і адляцелі на захад. Сабаленка. Калі Аляшкевіч расказаў пра старое вялізнае гняздо чорных буслоў і пра тое, што яны яшчэ не адляцелі, а ўжо надышоў кастрычнік, я яму не паверыў. Самусенка. // перан. Мінуць, адысці, знікнуць (пра час, мары, надзеі і пад.). Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мы даўно не тыя, — адляцелі, нібы сны, мары маладыя. А. Вольскі.

3. Адскочыць, адкінуцца ўбок ад моцнага ўдару, штуршка. [Хлапчук:] — Ды каб я крутнуўся, яны [дзяўчынкі] на дзесяць крокаў адляцелі б. Рунец.

4. Разм. Адарвацца, зваліцца, адпасці (пра што‑н. прымацаванае). Раптам адляцела кола, пакацілася з дарогі. Вось схілілася дадолу, чырканула, як парогам. Дубоўка. Лісты ў спякоту не жаўцелі — Згарнуліся ў колер свой І адляцелі без надзеі На кроплю праўды дажджавой. Пысін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таі́ць, таю, тоіш, тоіць; незак., каго-што.

1. Трымаць што‑н. у тайне, скрываць ад іншых. [Саша:] — Марыя Сяргееўна! Вы нічога не таіце ад мяне. Я ўсё хачу ведаць. Шамякін. Сурова і гнеўна выступалі суддзі... Яны абвінавачвалі Варатніцкага не толькі ў тым, што быў паліцэйскім, але і ў тым, што таіў сваё мінулае, хлусіў. Дадзіёмаў. // Захоўваць у сабе, у сваёй душы, не паказваючы перад другімі, хаваючы ад другіх (пачуцці, думкі). І раптам .. [Астаповіч] пачаў бачыць, што ўсё тое, што ён толькі для самога сябе таіў у душы, вядома ўсім. Чорны. Макараў .. скінуў парашут і, тоячы незвычайнае хваляванне і радасць, цвёрдым крокам падышоў да Кудлача, збіраючыся выпрасіць яшчэ адзін палёт. Алешка.

2. Мець, заключаць у сабе што‑н. знешне непрыкметнае, яшчэ не выяўленае. [Дзед Талаш] востра ўглядаецца ў далечы маўклівых балот. Яны тояць штось невядомае, вострае і цікавае. Колас. Ніводнаму, нават самаму магутнаму розуму не ўдалося яшчэ дасюль разгадаць, колькі нявыкрытых дзіў і магчымасцей тоіць у сабе наша зямля. Лужанін. І колькі яшчэ тоіць .. [Урал] у сабе нязведанага! Шынклер.

•••

Няма чаго граху таіць; што (чаго) грэх таіць — нечага скрываць, трэба прызнацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́снасць, ‑і, ж.

1. Тое, чым валодаюць, што знаходзіцца ў поўным распараджэнні каго‑, чаго‑н.; маёмасць, якая належыць каму‑, чаму‑н. Сацыялістычная ўласнасць. Прыватная ўласнасць. □ — Гэта ваш сабака? — .. спытаў палкоўнік. [Гунава:] — Гэта ўласнасць князя. Самуйлёнак. Каб не разбураны вакзал ды яшчэ вінзавод — уласнасць аднаго ўвішнага панка з колішніх лоўкіх аконамаў, дык можна было б падумаць, што наогул на свеце не было ніякай вайны. Васілевіч. Славутая артыстка не можа нічога зрабіць, каб спыніць гандаль здымкамі — яны з’яўляюцца ўласнасцю кампаніі. Новікаў. / у перан. ужыв. Сваё месца .. [дзень] аддаваў у поўную ўласнасць цёмнай ночы, якая неадступна крочыла за ім і ўсе прасторы напаўняла маўклівай цішынёй. Кавалёў.

2. Прыналежнасць каго‑, чаго‑н. каму‑, чаму‑н. з правам поўнага распараджэння. Пасля вайны з гітлераўскімі захопнікамі ў пушчы засталося ўсяго шаснаццаць зуброў. З’яўляліся яны ўласнасцю Польскай рэспублікі. Краўчанка. Збудаваная за панам халупіна на водшыбе .. засталася цяпер Агею ва ўласнасць, ніхто ў яго яе не забіраў. Крапіва.

•••

Кааператыўна-калгасная ўласнасць — адна з форм сацыялістычнай уласнасці: уласнасць асобных калгасаў і кааператыўных аб’яднанняў.

Сацыялістычная ўласнасць — грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, аснова вытворчых адносін сацыялістычнага грамадства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантраба́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Тайны правоз або перанос цераз дзяржаўную граніцу тавараў, каштоўнасцей і інш., забароненых або абкладзеных пошлінай. Змагацца з кантрабандай.

2. зб. Тавар, каштоўнасці і інш., якія тайна правозяцца або пераносяцца праз дзяржаўную граніцу. Яны [чужыя людзі] хавалі тут кантрабанду. Колькі часу патрацілі, колькі страху набраліся! Колас. Якая яму была справа, падшывальцу Андрэю, што ён, Лупянок, вазіў кантрабанду... Лынькоў.

3. у знач. прысл. кантраба́ндай. Тайна, употай. Наносілі мы поўныя вышкі асенняга лісця, .. здабывалі кантрабандай канюшыны ўлетку, нажынаючы яе сярпом. Дубоўка.

[Іт. contrabando ад contra — супраць і bando — урадавы ўказ.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

матлашы́ць, ‑лашу, ‑лошыш, ‑лошыць; незак., каго-што.

Разм.

1. Рваць на шматкі, кавалкі. Сабакі матлошаць зайца.

2. Прыводзіць у бязладны стан. Матлашыць вецер Пракопаву бараду і псуе работу яму: засыпае сцежку белымі струменьчыкамі дробнага, пухкага, як мука, снегу. Колас.

3. Біць, дубасіць, нішчыць. Бывала, даўней, як завядзецца бойка — усё сяло калоціцца. Пабяруць калы і пачнуць матлашыць адзін аднаго. Колас. [Юзік:] — І калі мы раз наступілі на .. [урангелеўцаў] ды, закрычаўшы ўра, пачалі матлашыць іх штыкамі ды прыкладамі, дык яны кінуліся наўцёкі, а некаторыя здаліся. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Рухаючыся ў адным кірунку з кім‑, чым‑н., апынуцца наперадзе; абагнаць. Мартын раптам скідае з сябе павольнасць. Абагнаць Аўгіню, апярэдзіць яе і першым даплыць да забітай качкі! Колас. // Зрабіць што‑н. раней за другога. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.

2. перан. Дасягнуць лепшых вынікаў у параўнанні з кім‑, чым‑н.; апынуцца наперадзе каго‑, чаго‑н. у якіх‑н. адносінах; перавысіць. Апярэдзіць графік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абшчы́на, ‑ы, ж.

1. У дакласавым і як перажытак у класавым грамадстве — форма аб’яднання людзей, якой характэрна калектыўная ўласнасць на сродкі вытворчасці, сумесная праца з ураўняльным размеркаваннем, а таксама частковае або поўнае самакіраванне. Першабытная абшчына. Сямейная абшчына. Сялянская абшчына. □ Рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты хоць і былі сацыялістамі-утапістамі, бо марылі перайсці да сацыялізма праз сялянскую абшчыну, мінаючы капіталіам, аднак яны карэнным чынам адрозніваліся ад сацыялістаў-утапістаў Заходняй Еўропы. Ларчанка.

2. Добраахвотнае аб’яднанне для сумеснай дзейнасці; брацтва, садружнасць, арганізацыя. Раскольніцкая абшчына. Абшчына хрысціян.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што і без дап.

Выклікаць радасць, прыносіць радасць. Але ў той жа час Кузняцова радавала тое, што з такім чалавекам можна ісці любой дарогай, нават самай цяжкай... Пташнікаў. [Ад’езд] і радаваў — дома мяне чакала сустрэча з уласнымі дзецьмі, і крышачку засмучаў. Васілевіч. Тым часам разведка збірала апошнія звесткі. Яны не радавалі. Дзенісевіч. // (у спалучэнні з назоўнікамі «вока», «слых», «сэрца» і пад.). Быць прыемным, даваць асалоду. За імі [праспектамі] ўзрунелыя густа палі Зялёнымі хвалямі радуюць вока. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ратава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Пазбаўляць ад якой‑н. небяспекі, пагрозы, гібелі; берагчы. Ратаваць жыццё. □ [Жанчына] працягнула дзіця. — Людзі добрыя! Дарагія мае!.. Ратуйце дзіця!.. Вазьміце сына майго. Яны гоняцца за намі... Шамякін. [Зіна:] — Я прашу падняць шклянкі за таго, з кім мы білі акупантаў... Хто нас ратаваў харчамі ў блакаду. Грамовіч. // Хаваць, засцерагаць ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. Ратаваць сена ад дажджу. □ Ад гарачыні не ратуе нават лес — ён стаіць узбоч дарогі, бы нежывы, цёмны, змораны, вялы. Сачанка.

•••

Няхай бог ратуе гл. бог.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.

1. Зрабіць больш чыстым; прывесці ў парадак. Гулка забубнілі па зямлі раптоўныя ліўні; яны то аціхалі, то наляталі зноў і ўсё абмылі, усё падчысцілі, сагналі мутнымі пераваламі з двароў і палеткаў бруд, трэскі, салому. Лужанін. Падчысціць бы.. [рэчы], падрамантаваць, дык і пайшлі б у ход. Кулакоўскі.

2. Сцерці, саскрэбці (напісанае, надрукаванае).

3. Разм. Усё дачыста, без астатку забраць, з’есці і пад. [Маці:] — А ў каморцы і мышам ужо няма чаго есці — надоечы я ўсё да апошняй крупінкі падчысціла. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)