дані́на, ‑ы, ж.
1. Натуральны або грашовы падатак, які ў старажытныя і сярэднія вякі збіраўся князем, феадалам і пад. са сваіх падданых або пераможцам з пераможанага народа. Абкласці данінай. Збіраць даніну. □ Як аднаму з буйнейшых гарадоў старажытнай Русі, у свой час, па дагавору, выплачваў даніну Полацку нават сам Царград. Васілевіч.
2. Ахвяраванне, дар каму‑, чаму‑н. Нік цярпліва чакае. Потым знімае кепку і абыходзіць усіх, прымаючы даніну. Лынькоў. Ксяндзы і панкі, калі не ўсе падпісваліся на газету, то давалі пэўную даніну на яе выданне. Колас. // перан. Тое, што неабходна аддаць як належнае, заслужанае. Даніна павагі. □ Поля добра разумее, што.. ўзнагарода — даніна вялікай бацькавай рабоце, яго прафесарскай годнасці. Мікуліч. Я ў сэрца прагнае ўбіраю Даніну удзячнасці людской Майму спагадліваму краю, Маёй Радзіме дарагой. Гілевіч. // Вымушаная або мімавольная ўступка чаму‑н. Даніна модзе. Даніна часу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дол, ‑у, м.
1. Паверхня зямлі, зямля. Схіліцца к долу. Апусціцца на дол. □ Расце земляны вал, ніжэй у дол уваходзяць землякопы. Колас. Лугавінай, чвякаючы чаравікамі па мокрым доле, хлопцы дабіраюцца да ручая. Навуменка. // Падлога ў памяшканні, звычайна земляная. Укрыты металічнымі плітамі дол падмецены, паліты вадою. Карпаў. І толькі самае малое не зважала ні на што, поўзала сабе ракам сярод хаты па земляным доле. Лобан.
2. Даліна, нізіна. Сцяжынкі ад усіх хутароў, якія стаяць на доле, бягуць сюды, на ўзгорак, як бы на якую параду. Броўка.
3. Магільная яма. Толькі тады, як цалаваў апошні раз матчыны халодныя вусны, я закрычаў як сам не свой і ледзь не кінуўся следам за труною ў халодны глыбокі дол. Сабаленка. Хавалі бацьку летнім пагодлівым днём. На новым могільніку, пад маладымі бярозамі. На пагорку выкапалі дол. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
захлыну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Задыхнуцца ад вады, якая набралася ў рот, горла, вушы і пад.; заліцца. Вада віравала, а памагчы не было як і не было чым, каб хоць перарэзаць гужы. Кабыла захлынулася, ледзьве выратаваўся і сам бацька. Скрыган. // Адчуць цяжкасць у дыханні, захапіўшы ў грудзі зашмат паветра. [Таццяна] схапілася рукамі за грудзі і прагна глынула марознае паветра, захлынулася ім. Шамякін. // Задыхнуцца, захлябнуцца ад прыліву пачуццяў, думак і пад. Стары раптам захлынуўся ад жаху, як малое дзіця, убачыўшы так блізка ад сябе варожых салдат. Паслядовіч.
2. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Калі дзот будзе падаўлены, атака можа захлынуцца. Кулакоўскі.
3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Пятро Мажэйка не чуў ужо, як захлынуўся дот, як партызаны загаспадарылі на «жалезцы». Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
Весці размову, гутарку; гаварыць з кім‑н. Ніколі не бачыла [Марыя] раней гэтага чалавека, нічога не ведала пра яго, а размаўляла ўсю дарогу як з даўнім знаёмым. Кулакоўскі. Я ведаў з уласнага вопыту, што ў такім выпадку найлепш размаўляць з селянінам сам-насам, без сведак. Карпюк. // Разм. (звычайна з адмоўем). Падтрымліваць сувязь, мець зносіны з кім‑н. Спрачаліся на пераменках, спрачаліся пасля ўрокаў, хто-ніхто ўжо дэманстрацыйна адварочваўся ад суседа па парце, не жадаючы размаўляць. Б. Стральцоў. Іншы раз .. [Кашыны] не размаўлялі па два-тры дні і трымалі сябе так, нібы ў доме нікога не было наогул. Карпаў. // Разм. Гаварыць, выказваючы незадаволенасць, пярэчыць. — Чакай, чакай, кіпяток ты гэтакі! Дзе тут рукі выцягнеш? — Не размаўляць! Вылазь, пакуль не прыстрэліў! — і лейтэнант тыцкаў у грудзі аўтамат. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разыгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Іграючы сумесна, выканаць (музычны твор, тэатральную п’есу). Разыграць квартэт. Разыграць спектакль. // У каманднай гульні выканаць якую‑н. камбінацыю. Разыграць мяч.
2. Давесці якую‑н. гульню да канца, прымяняючы тыя або іншыя спосабы, хады і камбінацыі. Разыграць сіцыліянскую абарону.
3. Прысудзіць або размеркаваць шляхам латарэі, жэрабя і пад. Як падраслі .. [дзедавы] сыны, ён чатыры дзесяціны зямлі пароўну падзяліў на трох сыноў, а будынкі разыграў, хто які выцягне. Кавалёў.
4. Прадставіць што‑н. як рэальнае; састроіць з сябе каго‑, што‑н. — Ён нічога пра ўцёкі не гаварыў! — разыграў шчырую нявіннасць брат і нават узняў плечы: — Я сам здзівіўся, калі яго не стала! Карпюк. Сальнікава ўдала разыграла ролю стомленай, няшчаснай жанчыны. Пятніцкі.
5. Разм. Паставіць у недарэчнае становішча шляхам падману; абдурыць. — Можа, разыграў хто Васількова, падрабіўшы дырэктарскі голас? Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́зыка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.
1. Магчымая небяспека, пагроза чаму‑н. З вялікай рызыкай друкавалі часамі .. патрыёты антыфашысцкія лістоўкі, якія потым распаўсюджваліся па горадзе. Няхай. — Здаецца, пара зразумець табе, дзяўчына, што ў нас на кожным кроку рызыка. Машара. — Задумана смела, я сказаў бы, занадта смела, — Кіеня гаварыў нібы сам з сабой, — але і рызыка вялікая. Шыцік.
2. Дзеянне наўдачу ў якой‑н. справе з надзеяй на шчаслівы канец. [Камандзір:] — Без рызыкі на вайне не бывае. Якімовіч. Гэта была рызыка, але ці ж разумная, рызыка з добрым гаспадарчыя разлікам — добрая справа. Краўчанка. — Як можна без разумнай рызыкі? — пытаўся Кавалеўскі, беручы Максіма Сцяпанавіча пад руку і крыху заходзячы наперад. Карпаў.
3. Абл. Ганарлівасць, фанабэрыстасць. Голы, як бізун [Лявон], а рызыкі столькі, што носа не дастанеш. Чарнышэвіч.
•••
На сваю рызыку (страх) — на сваю адказнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́ба, ‑ы, ж.
Абл. Рабрына. Паламаны скабы і крануты лёгкія... З парванымі лёгкімі многа не нахліпаеш... Пташнікаў. / Пра вельмі худую жывёлу. Пасля таго як тут прайшоў фронт, .. [каня].. — адны скабы — калгаснікі падабралі на дарозе. Сабаленка.
скаба́, ‑ы́; мн. ско́бы, ‑аў; ж.
1. Сагнутая паўкругам металічная паласа, якая ўбіта ў што‑н. і служыць для прымацавання чаго‑н., трымання, апоры пры пад’ёме і пад. Спускавая скаба. □ Ціхон сам зрабіў з тоўстага дроту скабу і забіў яе ў шула. Пальчэўскі. Падышоў да краю пляцоўкі, намацаў скобы на вагоннай сцяне і, як па лесвіцы, палез на дах. Карпаў. // Сагнутая пад вуглом жалезная паласа ці дрот, што служаць для сашчаплення якіх‑н. частак. Сашчапленне бярвення скобамі.
2. Разм. Тонкая падковападобная металічная пласцінка, якая набіваецца на абцасы абутку; падкоўка.
•••
Вымяральная скаба — падковападобны інструмент для кантролю размераў дэталей машын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
1. Выказваць скаргу (у 1 знач.), незадавальненне. Ды яшчэ збіраліся пажылыя дзядзькі: скардзіліся адзін аднаму на свой лёс, расказвалі дзіўныя гісторыі, каб забыць хоць на час пра сваё шэрае жыццё. Шахавец. Не раз і старыя .. скардзіліся на нявестку. Васілевіч. Ля каменя ўпала Цярплівая маці ў знямозе, У роспачы скардзіцца стала Знаёмай дарозе. Куляшоў. Прыходзіць і прыязджае ў бальніцу многа людзей, што скардзяцца найбольш на боль галавы. Пестрак.
2. Падаваць, прыносіць скаргу (у 2 знач.). Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны. Але скардзіцца Ільюк не пайшоў: Шэметы ніколі не скардзіліся, самі разбіраліся са сваёю крыўдай. Лобан.
3. Разм. Даносіць, нагаворваць. «Сам вінаваты, а бяжыць скардзіцца». Шыловіч. — Ідзі, ідзі, скардзіся!.. Мала я дбаю, што ты пажалішся. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спла́віць 1, сплаўлю, сплавіш, сплавіць; зак., што.
1. Злучыць шляхам плаўлення. Сплавіць жалеза з хромам.
2. перан. Аб’яднаць у непадзельнае цэлае; злучыць. Каб сплавіць іх характары, рысы і звычкі ў адно, то вельмі можа быць, што ў такога хлопца .. [Маша] закахалася б адразу, такі набліжаўся б да яе ідэалу. Шамякін.
спла́віць 2, сплаўлю, сплавіш, сплавіць; зак.
1. што. Адправіць уплынь па цячэнню ракі (лес і пад.). [Немцы] спяшаліся, каб да замаразкаў сплавіць лес. Гурскі.
2. перан.; каго-што. Разм. Імкнучыся пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н., адправіць або ўладкаваць яго куды‑н. Вопытная настаўніца, палічыўшы .. [Барыса] безнадзейным, пастаралася сплавіць яго Лене. Няхай. Мы сплавілі .. [кабылу] артылерыстам: можа ў кампаніі з іншымі коньмі будзе цягнуць гармату. Лужанін. // Збыць, прадаць што‑н. [Бялькевіч:] — Я і сам яго [сома] не пакаштаваў нават. Жонка ў раён сплавіла. Прадалі. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
судзі́цца, суджуся, судзішся, судзіцца; незак.
1. Звяртацца ў суд, мець справу з судом. Пятрусь хадовы чалавек, судзіцца ўмее. Брыль. // Весці судовую цяжбу з кім‑н. Не бярэ ніхто да сэрца, Што ні зробяць прастачкі; З імі біцца Ці судзіцца Не заведзена ў народзе. Жычка. Казалі, што неяк сорам судзіцца за дзесяць снапоў аўса. Крапіва. Нечым халодным, як асенняя шэрань, абдало тады Яніну ад гэтай размовы. Яна ўявіла сабе, як сорамна будзе ёй судзіцца з беднымі людзьмі. Кірэенка. Сам .. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны.
2. Быць пад судом, мець судзімасць.
3. таксама зак. Прадвызначыцца, пашанцаваць. [Мушка-зелянушка:] — «Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі, — Што мяне і не сваталі ніколі?» Багдановіч.
4. Зал. да судзіць (у 2, 3 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)