пераслаць 1, перашлю, перашлеш, перашле; перашлём, перашляце; пр. пераслаў, ‑слала; заг. перашлі; зак., каго-што.

Паслаць атрыманае далей, у другое месца. Я напісаў ліст, аддаў Марыльцы, каб яна пераслала, хоць сам і не быў упэўнены, што-гэты ліст дойдзе. Сабаленка. [Саша:] — Калі пісьмо .. прыйдзе, дык вы абавязкова перашліце мне. Шамякін. // Паслаць, адправіць праз каго‑н., кім або з кім‑н. Бацька не прыехаў таго дня, толькі пераслаў суседам паўтара рубля грошай. Мурашка. — Я ад вашай мамы. Гасцінец прынёс. Скароміны пераслала. Мыслівец.

пераслаць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; пр. пераслаў, ‑слала; заг. перасцялі; зак., што.

1. Паслаць нанава, інакш. Пераслаць пасцель. // Наслаць нанава; зрабіць новы насціл. [Пракаповіч і Стахаў] перанеслі тахту і сервант бліжэй да ўвахода, на тое месца, дзе Пракаповіч пераслаў падлогу. Радкевіч.

2. Аддзяліць чым‑н. адзін рад прадметаў ад другога; перакласці. Пераслаць рады яблыкаў саломай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)