разыгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Іграючы сумесна, выканаць (музычны твор, тэатральную п’есу). Разыграць квартэт. Разыграць спектакль. // У каманднай гульні выканаць якую‑н. камбінацыю. Разыграць мяч.
2. Давесці якую‑н. гульню да канца, прымяняючы тыя або іншыя спосабы, хады і камбінацыі. Разыграць сіцыліянскую абарону.
3. Прысудзіць або размеркаваць шляхам латарэі, жэрабя і пад. Як падраслі .. [дзедавы] сыны, ён чатыры дзесяціны зямлі пароўну падзяліў на трох сыноў, а будынкі разыграў, хто які выцягне. Кавалёў.
4. Прадставіць што‑н. як рэальнае; састроіць з сябе каго‑, што‑н. — Ён нічога пра ўцёкі не гаварыў! — разыграў шчырую нявіннасць брат і нават узняў плечы: — Я сам здзівіўся, калі яго не стала! Карпюк. Сальнікава ўдала разыграла ролю стомленай, няшчаснай жанчыны. Пятніцкі.
5. Разм. Паставіць у недарэчнае становішча шляхам падману; абдурыць. — Можа, разыграў хто Васількова, падрабіўшы дырэктарскі голас? Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)