схава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Замаскіравацца дзе‑н. так, каб нельга было знайсці, убачыць. [Валянцін:] — Вунь нават і лодка .. [браканьера] стаіць на тым баку, а сам недзе схаваўся... Ляўданскі. Ра схаваўся за дрэвам і доўга разглядаў гэтае дзіўнае з’явішча. Маўр. Шпакі і азірнуцца не паспелі, як .. [верабей] ужо схаваўся дзесьці ў кустах. Шуцько. Грыбок нібы накрыўся .. [лістом], каб лепш схавацца. Брыль. // перан. Стаць незаўважаным (пра ўсмешку, пачуцці і пад.). Ледзь прыкметная ўсмешка схавалася за марозным інеем вусоў. Лынькоў. Крывая не заменіцца прамой. Двудушша не схаваецца пад грымам. Дайнека.

2. Аддаліўшыся, перамясціўшыся, перастаць быць бачным; знікнуць з поля зроку. Хлопцы заварожана пазіралі ўслед, пакуль машына не схавалася за ўзгоркам. Гамолка. [Волька] з мамай доўга стаялі і глядзелі ўслед бацьку, аж пакуль яго постаць не схавалася за будынкамі. Марціновіч. Толькі часам, з узгорка, блісне між зелянінай вада і зноў схаваецца. Маўр. / Пра нябесныя свяцілы. Вечарэла, за дальнім пералескам схавалася сонца. Хадкевіч. І месяц схаваўся за хмару. Астрэйка. // Стаць ледзь бачным сярод прадметаў, якія закрываюць, засланяюць што‑н., знікнуць у чым‑н. Недзе паміж пералескавых узгоркаў схавалася, як быццам патанула, невялічкая вёска. Пестрак.

3. Ратуючыся ад праследавання, небяспекі, знайсці сховы. Карчмар ужо хацеў разбудзіць сям’ю і схавацца з імі ў лесе, але позна... Бядуля. Косцік не раз бываў тут [у лесе] і ведаў, дзе найлепш схавацца ў выпадку небяспекі. Паслядовіч. У час арыштаў, што адбываліся ў пачатку 1882 года, некаторым рэвалюцыянерам-падпольшчыкам удалося схавацца. «Полымя».

4. Засцерагчы сябе ад чаго‑н. (страляніны, непагоды і пад.). Схавацца ад дажджу. □ Каб схавацца ад куль, штабныя сталі лепей укладацца на зямлі. Чорны. Заставацца ў адкрытым моры было нельга, да свайго порта было далекавата, і капітан прыняў рашэнне схавацца ў зручнай бухце. Б. Стральцоў. // перан. Ухіліцца ад чаго‑н., пазбегнуць чаго‑н. Дзе ж ратунак? Ад бяды Не схаваешся ж кудысь. Калачынскі. Век жывым звяр’ю не вырвацца І ад помсты не схавацца. Танк. Я не ведаў, дзе схавацца ад сораму. Бядуля.

5. (звычайна з адмоўем «не»). Выпасці з-пад увагі, прайсці па-за ўвагай, астацца незаўважаным. Ад .. погляду [Алесі] не схавалася затаенае засмучэнне маткі. Колас. У абед прыйшоў з бібліятэкі муж, ад яго не схавалася, што .. [Рыта] узбуджана. Навуменка. Відаць, нехта падгледвеў, калі Падбярэцкі ганяў лася. Ад людзей не схаваешся. Пташнікаў.

6. Змясціцца дзе‑н., у чым‑н. вялікім. С вітка такая, што з галавой схаваешся. □ Дык там, брат, такія ямішчы, што нават бацька з галавою схаваецца! Якімовіч. Не год, не год сёлета на жыта! З канём не схаваешся ў ім. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трэ́сці ‘тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Шат.; ашм. Стан., Сержп. Прым.), трэсць ‘тс’ (Нас.), ‘рэзка калоцячы, будзіць; шукаць’ (Юрч. Сін.), трасці́ ‘хістаць, калаціць, тузаць’ (ТСБМ, Касп., Некр. і Байк.), ‘абшукваць’ (Ласт.), трасты́ ‘моцна трэсці; шукаць’ (Клім.), траса́ць ‘тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), трасці́, трасты́, трясті́, трэсці́, трэсць, трэсь ‘растрасаць сена, салому, растрэсваць’ (мядз., в.-дзв., свісл., кам., Сл. ПЗБ), трастэ́ комына ‘ачышчаць комін ад сажы’ (Ск. нар. мовы), трасе́ (тра́сца) ‘ліхаманіць’ (Яруш.; Сл. ПЗБ; ЛА, 3), трасэ́ ‘кідае (эпілепсія)’ (кам., Сл. ПЗБ), трэ́сці, трэсць ‘выклікаць дрыжанне ад холаду, удараў, язды па няроўнай дарозе’ (ТСБМ, Нас.), трэ́сці кулі́ ‘вытрушваць змятую і перабітую салому’ (Жд. 1, Выг., Сл. ПЗБ), трасці́ трася́нку ‘змешваць сена з саломай’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), трэ́сці ‘растрасаць, разбіваць гной’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Шатал.; ашм., Стан.), ‘трэсці фруктовыя дрэвы’ (Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), ‘біць’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘ачышчаць ад кастрыцы’ (ТСБМ; вільн., Сл. ПЗБ), ‘пустошыць, спаражняць’ (пух., Сл. ПЗБ), ‘выбіраць (рыбу) з сеткі’ (іўеў., там жа), ‘рабіць вобыск’ (ТСБМ, Шат., Гарэц.; віл., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), трэ́сца ‘прагнуць, вельмі хацець’ (Юрч. СНЛ, Юрч. Сін.), ‘празмерна шкадаваць’, ‘моцна дрыжаць’, ‘вельмі баяцца’, ‘скупіцца, празмерна сквапнічаць’: трэ́сца над кожнаю капейкаю (Юрч. Сін., Юрч. Фраз.), трэ́сціся ‘мяняцца (аб надвор’і)’: нешта пагода трасецца, німа як ісці касіць (шчуч., З нар. сл.), ‘хістацца (пра дрэва), калаціцца (ад холаду), падскокваць, едучы па няроўнай дарозе’, ‘хвалявацца за каго-небудзь’ (ТСБМ), ‘тс’, ‘баяцца, дрыжаць’, ‘калаціцца, трапятадь (аб сэрцы)’ (Сл. ПЗБ, Нас.; ашм., Стаяк.), трасці́ся ‘дрыжаць, трэсціся’ (Бяльк.), трэ́сціса ‘тс’ (ТС), трэ́сцца ‘тс’ (Нас.), ст.-бел. трясти, трасты, трести ‘калаціць; абшукваць’, трястися, трастися, трестися ‘калаціцца, дрыжаць; баяцца; сварыцца’ (ГСБМ). Параўн. укр. трясти́, трясть, трястися ‘трэсці, калаціцца, дрыжаць’, рус. трясти́ ‘тс’, польск. trząść ‘трэсці’, ‘раскідваць, растрасаць’, ‘шукаць, рабіць вобыск’, ‘плявузгаць’, ‘вытрасаць зерне з саломы’, ‘арудаваць’, trząść się ‘трэсціся, дрыжаць’, каш. třisc, třësc ‘раўнамерна раскідваць’, ‘падкідваць на дарозе’, н.-луж. tśĕsć ‘трэсціся’, tśĕsć se ‘дрыжаць’, в.-луж. třasć, třasć so ‘тс’, чэш. třásti, třásti se ‘тс’, славац. triasť ‘трэсці’, ‘трэсці садавіну’, ‘ліхаманіць’, ‘трэсціся ад холаду, страху’, triasť sa ‘трэсціся, дрыжаць’, ‘прагна жадаць, марыць’, славен. trésti ‘трэсці’, ‘хістаць (галавой)’, ‘трэсці дрэвы’, ‘балбатаць’, trésti se ‘дрыжаць, трэсціся, уздрыгваць’, харв. trésti se ‘тс’, чак. trẽsti, серб. тре́сти ‘трэсці, устрэсваць’, ‘вытрэсваць’, тре́сти се ‘трэсціся, дрыжаць’, балг. тресѐ ме ‘мяне ліхаманіць’, макед. тресе ‘трэсці, вытрэсваць’, ‘несці лухту’, тресе се ‘трэсціся’, ‘абтрэсвацца’, ‘дрыжаць’, ст.-слав. трѧсти ‘трэсці’, трѧсти сѧ ‘трэсціся, дрыжаць’. Прасл. *tręsti (sę) ‘трэсці’ — відаць, кантамінацыя на базе блізкага значэння і.-е. *tremō і *tresō ў *trems‑, з якога, напрыклад, выводзяць гоц. þramstei ‘конік зялёны, Telligonia viridissima’ (Фасмер, 4, 113; Шустар-Шэўц, 1542; ЕСУМ, 5, 665; Борысь, 647). Да першай часткі кантамінаваных лексем узводзяць: ст.-грэч. τρέμω ‘дрыжу, трапячу’, лац. tremō ‘дрыжу’, літ. trìmti ‘дрыжэць ад холаду’, тахар. A träm‑ ‘дрыжаць’, тахар. B tremen ‘трапятанне’, алб.-тоск. trëmp, гегск. trem ‘лякаюся’, ст.-н.-ням. thrimman ‘скакаць’. Да другога элемента і.-е. *tres‑ адносяць ст.-інд. trasati ‘дрыжыць, баіцца’, ст.-перс. tars‑ ‘баяцца’, грэч. τρέο ‘трасуся, дрыжу’, лац. terreō ‘палохаю’, terror ‘страх’ і інш. (Бязлай, 4, 221; Глухак, 637; Арол, 4, 112; ESJSt, 16, 982). Сюды ж літ. trė̃sti ‘бегчы, бегчы наперагонкі’, лат. tresêt ‘бегчы, уцякаць’, tresît ‘трасціся’, ‘баяцца, палохацца’ (Карлікава, Slavia, 77, 1–3, 87). Абедзьве кантамінаваныя лексемы (*trem‑ і *tres‑) узыходзяць да і.-е. *ter‑/*tr‑ (Покарны, 1070). Адносна канкурэнцыі трасці і трэсці гл. Векслер, Гіст., 140. Сюды ж трасу́ха ‘топкае балота, дрыгва’ (навагр., Нар. сл.; Мат. Маг. 2), трасу́ха, трасу́чка ‘ліхаманка’ (ТСБМ, Нас.; рас., Шатал.; парыц., Янк. Мат.; капыл., Жыв. сл., Касп.), ‘дрыжыкі ад хвалявання’ (ТСБМ), ‘эпілепсія’ (Нар. Гом.); трасу́ха ‘від полькі’ (Касп.); ‘гноераскідальнік’ (Мат. Маг.), ‘бульбакапалка’ (Сцяшк. Сл., Жд. 3); трасу́чка ‘вуда з маленькай алавянай рыбкай (блешня) і кручком’ (Дэмб. 2, Нар. Гом.); трасу́шчы ‘які трасецца’ (Жд. 2), ‘багністы’ (маст., Сл. ПЗБ), трасу́шчый ‘трывожны, неспакойны (час)’ (Юрч. Вытв.), трася́нка ‘ўсякі стары, зношаны транспарт’ (гродз., ЖНС); трасі́лка, трасу́ха ‘бульбакапалка’ (Юрч. СНЛ); трасе́нка ‘трасянка, сена, змешанае з саломай’ (беласт., Жыв. НС), трасёнка ‘тс’ (лудз., Сл. ПЗБ), трэ́сянка ‘тс’ (бяроз., Ск. нар. мовы); тра́сачка ‘дрыжыкі, трасучка’ (гродз., Сл. рэг. лекс.), траса́чка ‘ліхаманка’ (ТС), трасу́чка ‘тс’ (Растарг.); трасе́ннік ‘той, хто займаецца вытрасаннем’ (Юрч. Вытв.), трасе́нніца, трасе́ніца, трасе́льніца ‘жанчына, якая растрасае гной’ (глыб., в.-дзв., воран., Сл. ПЗБ), трасе́льшчык ‘той, хто трасе гной’ (шальч., там жа), трасе́нё ‘гразкае месца’ (Сцяшк.), трэ́сіна ‘месцы на дарозе, якія ўвесну набракаюць вадой’ (бяроз., КЭС), трасі́лкамашына для ачысткі льнянога валакна’ (ТСБМ), тра́скі ‘які выклікае трасенне, калыванне пры яздзе’ (Адм.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. падвёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. падвядзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н.; даставіць куды‑н. Падвесці таварыша да знаёмых. □ Што тут робіцца? — недаўменна запытаў Лабановіч. Пісар узяў настаўніка за руку і падвёў да дзвярэй пакойчыка. Колас. Міколку і дзеда старанна абшукалі.. Абодвух падвялі да палкоўніка. Лынькоў. [Бумажкоў] падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Чорны. // Наблізіць адзін прадмет да другога. Падвёў [Змітрок] разец да дэталі і з-пад яго закучаравілася сталёвая стружка. Ваданосаў. // Дапамагчы ісці, дайсці каму‑н. Падвесці сляпога па дарозе.

2. Давесці пабудову чаго‑н. да патрэбнага месца, узроўню; падключыць да чаго‑н. Пачалі будаваць.. [майстэрню] на згоне зімы, падвялі пад кроквы і бадай кончаць да лета. Пташнікаў. [Газ] пакуль што прывозяць звадкаваны, у балонах, але з цягам часу падвядуць прыродны. Ермаловіч.

3. Падкласці, падставіць пад што‑н. Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці гадваліны, перабраць сцены. Мележ. Скранулася махавое кола, Мікола з Хведарам падвялі пад яго пас, пакінулі, ён зачапіўся, папоўз, правісаючы пасярэдзіне. Кудравец. // Пабудаваць, размясціць пад чым‑н. Падвесці фундамент.

4. перан. Даць тэарэтычнае абгрунтаванне, падшукаць доказы. Што значыць даць «азначэнне»? Гэта значыць перш за ўсё падвесці данае паняцце пад іншае, больш шырокае. Ленін. // Накіраваць гутарку на патрэбную тэму; прывесці да разумення чаго‑н. Падвесці да самастойнага вываду. □ Павел Паўлавіч пачаў, праўда, крыху здалёк, але падвёў да галоўнага ўдала, умела. Шамякін. // Падагнаць пад што‑н., падпарадкаваць чаму‑н. Што і казаць, умеў Казік падвесці пад усякую дробязь «вялікую палітыку». Сачанка.

5. Разм. Сваімі дзеяннямі, словамі нанесці шкоду каму‑н., паставіць у няёмкае становішча; абмануць каго‑н. [Крушынін:] Я веру і Ваяводзіну і Сасноўскаму. Гатоў з імі ісці ў любы бой, не падвядуць. Гурскі. Было вельмі балюча, што хлопец не стрымаў слова, падвёў. Сапрыка. // Не апраўдаць чыіх‑н. надзей, спадзяванняў. [Рыгор Андрэевіч:] — Машына падвяла трохі. Узялі напракат, а яна сапсавалася на паўдарозе. Пальчэўскі. Мікалая [у авіяшколу] не прынялі. Не прынялі! І на будучыню не было ніякай надзеі. Падвяло сэрца. Мележ. // Сваімі дзеяннямі дабіцца чаго‑н. непрыемнага, дрэннага для каго‑н. Падвесці суседа пад суд.

6. Абагуліўшы, зрабіць вывады; падлічыць. — Зразумела, — падвёў вынік Гарачун. — Ідэя ўсім падабаецца. Шахавец. Трэба было падвесці вынікі барацьбы і падумаць аб заўтрашнім дні. Пестрак.

7. Падмаляваць, зрабіць больш яркім, выразным. Падвесці бровы.

•••

Жывот падвяло — тое, што і жывот падцягнула (гл. падцягнуць).

Падвесці вочы — тое, што і закаціць вочы (гл. закаціць).

Падвесці пад абух каго — загубіць.

Падвесці пад манастыр каго — паставіць у вельмі непрыемнае, цяжкае становішча; падмануць.

Падвесці рысу — закончыць, спыніць што‑н., падсумаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Рабіць выстралы. [Чырвонаармеец] увесь час трымаў вінтоўку так, што ў кожны момант мог страляць. Чорны. Камендант падымаецца і страляе ў той бок, куды пабег Максім. Козел. Хлопцы ўскочылі, прабеглі колькі метраў, пасля пападалі, пачалі страляць. Новікаў. // Умець карыстацца агнястрэльнай зброяй. Партызанскае жыццё, дарогі ды сцежкі да Гомеля, хітрасці, як падмануць немцаў і паліцаяў, — вось што .. [Валя] ўведала за два гады вайны. Ды страляць навучылася. І ненавідзець. Шамякін. / Пра пуск стрэл, камянёў з лука, прашчы і пад. Алёшка так налаўчыўся страляць з .. [рагулькі], што любую шышку збіваў. Якімовіч. // Дзейнічаць (пра агнястрэльную зброю). Але як-ніяк .. [стрэльба] магла страляць, а гэта ўжо вялікая штука. Лынькоў.

2. каго. Расстрэльваць, забіваць з агнястрэльнай зброі. Была ноч, як у астрозе .. [Юра] даведаўся, што яго будуць страляць. Чорны.

3. перан. Утвараць прарэзлівыя адрывістыя гукі, падобныя на выстралы. У клубе бялелі вокны. Там дзесьці страляў рухавічок. Пыхкаў, ляскатаў, — меліся пускаць кіно. Пташнікаў. У рэдкай цішыні шумеў цягнік, а чыстай раніцаю, днём раптам пачынаў страляць матацыкл і ляскала кузавам машына, мусіць, перавальваючыся па калдобінах. Адамчык. І вось надарыцца часамі Мароз над усімі маразамі; Ідзе сярдзіта, пагражае, Па даху гонтамі страляе. Колас. / Пра агонь, касцёр і пад. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. [Вара] наладжвала вісячую лямпу, якая нешта дрэнна гарэла, страляла іскрамі і дымілася. Кулакоўскі. // чым. Ляскаць чым‑н., утвараючы адрывістыя гукі. Пастушок Сярожка ад узрушання «страляў» сваёй пляцёнкай-пугай. Краўчанка.

4. безас. Разм. Калоць (пра адчуванне вострага, пранізлівага болю). У вушах страляе.

5. Разм. Імкліва адскокваць, уцякаць. І гэты пошчак [пішучых машынак] чамусьці выклікаў у Міколавым уяўленні квяцісты сонечны луг і конікаў, што страляюць з-пад ног у розныя бакі. Гаўрылкін.

6. перан. Разм. Выпрошваць што‑н. у каго‑н. Страляць папяросы.

7. перан. Разм. Імкнуцца выклікаць прыхільнасць; заляцацца да каго‑н. [Кулік:] — Яна ж [Юзэфа] за Зарэмбам, інжынерам маслазавода, страляла .. — Ведала, што цябе не ўтрымае... Гурскі.

•••

Варон страляць — не заўважаць таго, што трэба; зяваць. [Маці:] — Ды варон не страляй, кругом прыглядайся, каб дзе пад машыну не трапіў. Якімовіч.

Страляць вачамі (вачыма) — а) кідаць хуткія позіркі на каго‑н.; выглядваць што‑н. Смык, цыбаты, даўгашыі, выходзіць да карты і пачынае плаваць туды-сюды, страляе па класе вачамі, падміргвае, каб падказалі. Сяркоў; б) какетліва паглядаць на каго‑н. Зоя з Валодзем пачалі паміж сабою горача спрачацца, перабіваць адно аднаго. Пры гэтым так шчасліва стралялі вачыма, што .. [Мая Антонаўка] ім пазайздросціла. Карпюк.

Страляць з гарматы па вераб’ях — аб залішняй траце сіл, сродкаў для дасягнення нязначнай мэты.

Хоць (у лоб) страляй — што ні рабі, што ні кажы (пра ўпартага чалавека). [Хрысціна:] — І Нічыпар колькі разоў пісаў і цяпер піша: прыязджай і прыязджай. А ты ўпёрся, як бык натурлівы, і хоць табе ў лоб страляй... Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. перадаў, ‑дала, ‑дало; зак.

1. каго-што. Аддаць, уручыць каму‑н. Перадаць дзіця на рукі мацеры. Перадаць запіску. Перадаць пасылку. □ — Скончана, — сказаў .. [Гушка], — грошы ў кішэні. Заўтра адно трэба будзе Сурвілу іх перадаць. Чорны. Калі падыходзілі ўжо да дому, Іван Міхайлавіч перадаў Сяргею сетку. Шахавец. — Ну, то хадзем наверх, да сакратара. Ты яму раскажаш усё і перадасі свой пратакол. Галавач. // што. Паслаць, падаць якім‑н. спосабам, з дапамогаю чаго‑н. Перадаць чарцёж па фотатэлеграфу. Перадаць электраэнергію запасной лініі. Перадаць шайбу нападаючым на правы край.

2. каго-што. Аддаць у чыё‑н. карыстанне. Ён [Уладан] магутнымі рукамі Горы, шахты і палі, Што бясконцымі вякамі Заняволены былі, Перадаў народу ў рукі. Грахоўскі. На поле прывялі другога парабка і загадалі Адасю перадаць яму коні. Чорны. // што. Уступіць свае правы каму‑н. Іх [рабочых калон] цвёрды закон — Перадаць над краінай Уладу Саветам. Глебка. Раманенка перадаў камандаванне танкам старшыне Ігнатаву, а сам застаўся ў вёсцы шукаць сям’ю. Шамякін. // што. Падзяліцца з іншымі сваімі ведамі, вопытам і пад. Перадаць свае веды моладзі. □ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.

3. каго-што. Аддаць на разгляд каму‑н., накіраваць у наступную інстанцыю. Перадаць справу ў суд. □ Яна не памылілася.. Машына спынілася каля турмы. Немцы з камендатуры перадалі яе турэмшчыкам. Тыя абыякава паглядзелі на паперку з камендатуры, абшукалі па звычцы, і Ніна апынулася ў камеры. Мележ.

4. што. Паведаміць, расказаць, пераказаць каму‑н. пра пачутае, убачанае і г. д.; зрабіць што‑н. вядомым. Перадаць сенсацыйную навіну. □ Пятро не ўтрымаўся і сам перадаў пану сёе-тое з таго, што пачуў ад пастушка. Пальчэўскі. Зіна не ўтрымала сакрэту і перадала ўсім. Кавалёў. // што і з дадан. сказам. Давесці да ведама чыю‑н. просьбу, даручэнне, паўтараючы сказанае. Перадаць прывітанне. Перадаць падзяку. □ Бывай здаровенька!.. Бывай! Бацькам паклон мой перадай... Колас. — Перадай Валі, каб кідала ўсё і перабіралася да нас. Якімовіч. [Мікола:] — Перадайце, што жыву нядрэнна, сумаваць няма калі, работы процьма. Краўчанка. // што. Правільна сфармуляваць сутнасць чаго‑н., пераказаць сваімі словамі змест чаго‑н. Перадаць асноўную думку аўтара. Перадаць змест апавядання.

5. што. Адлюстраваць, выразіць што‑н. якімі‑н. сродкамі. Пісьменнік здолеў характэрнае для кожнага вобраза перадаць трапным, самабытным словам. Юрэвіч. Раскажы пра цуды-верфі, Пра каралавую гаць, Каб я мог у звонкіх вершах Усё, што скажаш, перадаць. Таўбін.

6. што. Распаўсюдзіць, давесці да ведама якім‑н. спосабам. Букрэй перадаў па ланцужку каманду спыніцца. Колас. У хату ўвайшоў пасыльны і перадаў салдатам загад — збірацца. Прокша. // што. Распаўсюдзіць сродкамі тэхнічнай сувязі. Перадаць канцэрт па тэлебачанню. Перадаць загад па селектары.

7. што. Распаўсюдзіць на каго‑н. якія‑н. якасці, прыкметы. Перадаць сваю ўпэўненасць прысутным. □ Дажджлівы жнівень мала таго, што затрымаў даспяванне збажыны, дык ён перадаў яшчэ сваю плаксівасць верасню. Пальчэўскі.

8. што, чаго і без дап. Даць, аддаць чаго‑н. больш, чым трэба; перабавіць. Перадаць лішнія пяць рублёў пры разліку. □ — Даволі гуляць — молат з напільнікам чакаюць. — Або не пачакаюць яшчэ які тыдзень? — Не магу без працы. Нябось сам і хвіліны не перадасі на гульню... Гартны.

9. Разм. Перайсці меру ў чым‑н., перастарацца. [Саладуха:] — Што ты ад яго хочаш, выхадны дзень, няхай крыху адпачне. [Высоцкі:] — Не вельмі ён перадаў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дык, часціца.

1. Ужываецца ў пачатку пытальных і клічных сказаў, якія указваюць на вывады або падводзяць вынікі таго, аб чым гаварылася раней. — Дык як, Іван Данілавіч, з гэтым чалавекам? — спытаў Галаўня і з ледзь прыкметнай усмешкай дадаў: — Я думаю, няхай застаецца ў тваёй брыгадзе. Гроднеў. — Дык вось. Вера ў партыю дапамагла народу правільна разабрацца ў тых падзеях. Шыцік. / У рэпліках, якія ўзнаўляюць пачатую гутарку ці вяртаюць яе да якой‑н. тэмы. — Ну, брат Грышка, дык я еду!.. Колас. — А пра галоўнае дык ты і не пытаешся, браток. Брыль.

2. Ужываецца ў пачатку сказаў, якія ўказваюць на вынік, што выцякае са зместу папярэдніх сказаў; адпавядае па значэнню: у такім выпадку, тады. — Дзе ён? — Няма. — Дык знайсці яго. // Ужываецца ў якасці суадноснага слова ў складаназалежных сказах з даданымі часу, умовы, мэты, уступальнымі. Калі вяртаўся Лёня дамоў, дык на вуліцы, на зялёных прысядзібных участках.. займаўся дзень. Кулакоўскі. [Лютынскі:] Як толькі змеркнецца, дык ты праз акно ды ў жыта. А там — сцежкі табе вядомыя. Крапіва. — Калі любіш, дык любі, А не любіш адкажы! Танк. — Што б ні сказаў ты, браце мой, дык усё роўна мяне не здзівіш. Не тое бачылі. Зарэцкі. / У бяззлучнікавых умоўных сказах паміж аднолькавымі словамі. Працаваць, дык працаваць. Ну што ж, ісці, дык ісці.

3. Падкрэслівае наяўнасць выключных якасцей, асаблівасцей, уласцівых каму‑, чаму‑н. (звычайна пры паўтарэнні азначаемага слова). Вось будзе штука вам, дык штука! Колас. Вот зрабіў, дык зрабіў. Гартны.

4. Ужываецца пры проціпастаўленні або супастаўленні, каб вылучыць слова, якое проціпастаўляецца. — Машыне і той добры шафёр дае астыць трохі, а ты нават... — Дык то ж машына, а ты чалавек. Пальчэўскі. // Узмацняе слова або групу слоў, да якіх адносіцца. На Вайнера лічба не зрабіла ўражання, а вось перакладчык дык заікаўся, калі называў яе маёру на нямецкай мове. Шахавец. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва. Хто баіцца, Юрка Іванавіч, — гаворыць Шарэйка, — дык той заявы не пісаў. Брыль.

5. у значэнні выніковага злучніка. Ужываецца для сувязі сказаў з прычынна-выніковымі адносінамі. — У нас тут няма камуністаў, дык за ўсё павінны адказваць мы, камсамольская арганізацыя. Кулакоўскі. / Злучае сказы з умоўна-выніковымі адносінамі; дзеянне другой часткі такіх сказаў ажыццяўляецца пры ўмове, аб якой гаворыцца ў першай частцы. — Ты не панясеш, дык я занясу, — цвёрда сказала Ларыса. Кулакоўскі. [Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе. Крапіва.

6. у значэнні супраціўнага злучніка. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў з узаемным выключэннем; па значэнню адпавядае злучнікам «але», «а». Была адна надзея, дык і тая сёння прапала. Пестрак. — Сцёпка, ведаю, не адмовіўся б, дык ён у лес ходзіць у заработкі. Крапіва. — Дай.. [каню] вады. — Даваў. Дык ён адно губы памачыў. Чорны. // Злучае сказы, змест адной часткі якіх не адпавядае таму, што павінна адбыцца з пункту погляду гаворачай асобы; па значэнню адпавядае злучнікам «аднак», «але». Пара б і вучыцца, Дык школы няма. Колас. Хацеў выспацца, дык не даюць. Чорны.

7. у значэнні далучальнага злучніка. Далучае сказы з нечаканымі або непрадбачанымі падзеямі. — Я прачнуўся — дык таты няма ў хаце. Чорны. // Далучае сказы, якія ўказваюць на вывад, заключэнне ў сувязі з выказанай раней думкай. Скрыпка — хлеб твой і апора, Дык шануй яе, мой сын! Колас. — Час зараз такі, што сакратара выбраць нельга, дык вось я цябе прызначаю сакратаром гэтай арганізацыі. Шамякін. // Разам з часціцай «яшчэ» далучае сказы з дадатковымі паведамленнямі. — Мілы ты мой друг! Мала таго, што твая галава міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, — натхнёна прамовіў Лабановіч. Колас. // Далучае сказы з дадатковымі звесткамі, якія абмяжоўваюць папярэднія думкі. — Цяпер тут, значыцца, амбулаторыя? Дык нешта ж шыльды яшчэ не відаць. Брыль.

•••

А не дык гл. а ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляжа́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. Знаходзіцца ўсім целам на чым‑н. у гарызантальным становішчы (пра людзей і некаторых жывёл). Ваякі ляжалі ў самых разнастайных .. позах каля агню і ў [ш]алашах. Колас. Арон быў дома, ляжаў на ложку. Мурашка. Козлік .. ляжыць змучаны, сам не свой. Брыль. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці гэтага становішча. Ляжаць на баку. Ляжаць на спіне. Ляжаць ніцма. / У спалучэнні са словамі, якія раскрываюць прычыну ці стан такога становішча. Ляжаць у непрытомнасці. // Быць хворым, знаходзіцца ў пасцелі. Крушынскі захварэў на рак і ляжыць у ложку ўжо доўгі час. Бядуля. // (звычайна ў спалучэнні са словамі «ў зямлі», «у магіле» і пад.). Быць пахаваным.

2. Знаходзіцца, размяшчацца на якой‑н. паверхні нерухома (бакавой часткай, гарызантальна); проціл. стаяць (аб прадметах). Ляжаў пры дарозе вялікі камень. Хто ні ідзе, спыніцца каля яго, пасядзіць, адпачне, а то і падсілкуецца трохі. Якімовіч. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Паабапал дарогі, у канавах, ляжалі спаленыя нямецкія танкі, разбітыя машыны, гарматы. Шамякін.

3. Пакрываць, ахутваць сабою што‑н. На платах пышнымі шапкамі ляжалі снягі. Скрыган. На траве, на пасевах ляжала густая раса. Шамякін. / Пра маршчыны, загар, румянец, і пад. На смуглявых шчоках у дзяўчыны ляжаў румянец. Гурскі. // перан. Са словамі «след», «клопат», «адбітак» і пад. азначае: быць прыкметным, адбівацца на чым-небудзь. На .. чыстым, бялявым тварыку ляжаў прыкметны клопат. Адамчык. На ўсіх рэчах у хаце ляжаў адбітак маладой свежай дбаласці. Васілевіч.

4. Змяшчацца, знаходзіцца дзе‑н. У пячурцы ляжаў .. [дзедаў] капшук з тытунём і крэсіва. Колас. // Захоўвацца дзе‑н. Грошы ляжаць у банку. // Не знаходзіць прымянення, быць без ужытку. Новае сіта на калочку вісіць, а старое пад лавай ляжыць. Прыказка.

5. Размяшчацца, займаць якую‑н. прастору; распасцірацца. Засценак Малінаўка ляжаў на поўдні былога Слуцкага павета, дзе канчалася поле і пачыналіся балоты Палесся. Чарнышэвіч. Злева ад вёскі аж да далёкага зубчастага лесу .. ляжала прасторнае поле. Шахавец.

6. Праходзіць, пралягаць; мець напрамак куды‑н. (пра дарогу і пад.). Дарога ляжала праз луг, а потым хавалася ў невялікім беразнячку. Гаўрылкін. Машына імкліва неслася і неслася наперад, і дарога перад ёю ляжала як страла. Б. Стральцоў. Далейшы шлях ляжаў на Смольню, да брата, Язэпа Міхайлавіча. Лужанін.

7. Быць укладзеным, надзетым тым ці іншым чынам. Валасы гладка ляжаць. □ Ваенная шапка ляжала на .. [дзядзькавай] галаве брылём на патыліцу. Капыловіч. // Размяшчацца на фігуры пэўным чынам (пра адзенне). Белы халат так зграбна ляжаў на .. [прафесары], як быццам гэта быў і не халат. Шахавец.

8. перан.; на кім. Быць чыім‑н. абавязкам. Камандзір палка заўсёды быў маўклівы і хмуры, бо адчуваў тую вялікую адказнасць, якая ляжала на ім. Чорны.

9. У спалучэнні са словамі «на душы», «на сэрцы», «на сумленні» азначае: быць прадметам затоеных турбот, пастаяннай трывогі, роздуму і пад. На душы ў .. [Малашкіна] ляжаў цяжар чагосьці нявырашанага. Пестрак.

•••

Душа (сэрца) не ляжыць да каго-чаго гл. душа.

Лежма ляжаць — доўга ляжаць.

Ляжаць аблогай — пра даўно не воранае, удзірванелае поле.

Ляжаць без задніх ног — не мець сілы паварушыцца (ад стомы і пад.).

Ляжаць мёртвым грузам — быць нявыкарыстаным, непатрэбным.

Ляжаць на баку (на печы) — нічога не рабіць, гультайнічаць.

Ляжаць пад сукном — заставацца без увагі, без разгляду (пра заяву, просьбу і пад.).

Ляжаць у аснове — з’яўляцца асновай, галоўным, зыходным элементам чаго‑н.

Ляжаць у руінах — быць разбураным.

Ляжаць як пласт (пластом) — ляжаць нерухома, не маючы сіл рухацца (пра хворага).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

идти́ несов.

1. ісці́;

2. (ехать) ісці́, е́хаць;

маши́на идёт машы́на ідзе́ (е́дзе);

3. (двигаться по воде) ісці́; плы́сці, плыць;

лёд идёт лёд ідзе́ (плыве́);

4. (сдвигаться с места) разг. ісці́, пасо́ўвацца;

сунду́к тяжёл и не идёт с ме́ста ку́фар ця́жкі і не ідзе́ з ме́сца;

5. (устремляться на приманку) бра́цца;

о́кунь хорошо́ идёт на червяка́ аку́нь до́бра бярэ́цца на чарвяка́;

6. (протекать во времени, проходить) ісці́, міна́ць;

шли дни ішлі́ (міна́лі) дні;

7. (вдвигаться внутрь, приходиться впору) ле́зці;

сапо́г не идёт на́ ногу бот не ле́зе на нагу́;

8. (тянуться — о горах, лесе и т. п.) ісці́, цягну́цца;

9. (падать, литься) ісці́;

снег идёт снег ідзе́;

вода́ идёт вада́ ідзе́;

10. (быть подходящим) разг. пасава́ць, падыхо́дзіць; (быть к лицу) быць да твару́; (иметь отношение) даты́чыцца, мець дачыне́нне;

зелёное не идёт к голубо́му зялёнае не пасу́е (не падыхо́дзіць) да блакі́тнага;

ей очень идёт кра́сный цвет ёй ве́льмі да тва́ру чырво́ны ко́лер;

э́то не идёт к де́лу гэ́та не даты́чыцца (не ма́е дачыне́ння) да спра́вы;

11. (принимать какое-л. течение) ісці́, бра́цца; (клониться) хілі́цца;

де́ло идёт к сва́дьбе спра́ва ідзе́ да вясе́лля;

пого́да шла на мете́ль бра́лася на мяце́ліцу;

идти́ на у́быль ісці́ на змяншэ́нне (на спад);

идти́ ко дну ісці́ на дно;

идти́ впрок ісці́ на кары́сць;

не идёт с ума́ не выхо́дзіць з галавы́;

не идёт на ум не ідзе́ (не ле́зе) у галаву́;

идти́ в сравне́ние ісці́ ў параўна́нне;

речь, вопро́с, дело́ идёт о… гаво́рка, пыта́нне, спра́ва ідзе́ аб (пра)…;

сон не идёт сон не ідзе́ (не бярэ́);

куда́ ни шло! ≅ дзе маё (на́ша) не прапада́ла;

идёт! до́бра!, зго́да!, няха́й так!;

де́ло идёт хорошо́ спра́ва ідзе́ до́бра;

идти́ на что ісці́ на што;

идёт, как коро́ве седло́ погов. падыхо́дзіць, як каро́ве сядло́;

всё идёт прекра́сно усё ідзе́ цудо́ўна;

голова́ идёт кру́гом галава́ кру́ціцца;

идти́ на у́дочку ісці́ на ву́дачку, паддава́цца падма́ну;

идти́ на попя́тный ісці́ (адступа́ць) наза́д.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

стан 1, ‑у, м.

1. Тулава, постаць чалавека. Назаўтра раніцою каля калонкі я сустрэў жанчыну гадоў пад пяцьдзесят, але на дзіва маладжавую, са стройным станам. Дуброўскі. Смуглы твар і гібкі стан дзявочы У красуні, што на першым радзе, Нават трошачкі падобны вочы Да вільготных чорных вінаградзін. Аўрамчык. // Месца, па якім падпяразваюцца. Паясок быў не цесны, але ён так перацінаў стан, што здавалася — яго залішне зацягнулі. Кулакоўскі. / у вобразным ужыв. Галлё спусціўшы над парканам, Расла тут грушка з тонкім станам. Колас. Снапы ў .. [Любы] былі цяжкія, але зграбныя, з тонкім станам і роўнымі гузырамі. Васілевіч. Зноў яго хвіліны ўкалыхалі, Ноч над горадам свой стан схіліла... Дубоўка.

2. Разм. Скроеныя і сшытыя па фігуры полкі палатна; ліф. Стан атласны, а рукавы шаўковыя. // Верхняя палавіна сукенкі.

стан 2, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Лагер, месца стаянкі, часовага пасялення. Палявы стан. □ Тут, у адным утульным месцейку, пад дубам, на высокім беразе Старыцы, і размяшчаўся рыбацкі стан брыгады — стаяў вялікі, увесь закопчаны дымам драўляны будынак. Краўчанка. Каля Рудні ў час вайны Стан быў: партызанскі. Гілевіч. // Адведзенае для каго‑, чаго‑н. месца. У поўдзень на стан карову даіць ходзіць пляменніца Аксіння. Лупсякоў.

2. ‑у. Войска, адзін з ваюючых бакоў. [Англійскую разведку] цікавіла не толькі тое, што робіцца ў стане немцаў, але і ўсё, што вядома пра беларускіх партызан, пра падполле ў горадзе. Новікаў. // перан. Пра грамадскія аб’яднанні, групы. Грунту для кампрамісу .. паміж двума варожымі сталамі няма. Навуменка. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як па ўсёй вёсцы толькі і было гутаркі, што пра свята, пры гэтым ясна адзначыліся два станы: святочны і будны. Колас. [У]вачавідкі гутарка падзяліла людзей на два станы, нязгодныя між сабою. Гартны. // перан. Разм. Кампанія, зборышча каго‑н. Затое паблізу і таксама амаль да раніцы можна было пачуць задорныя і свежыя галасы мужчынскага стану. Васілевіч.

3. ‑у. Разм. Саслоўе, сацыяльны слой. Гудзеў трыумфам стан паноў, Зямля віватамі дрыжала. Лойка. Абіраўся магістрат з вышэйшых станаў, у вузкім коле, «са сваімі прыяцелямі». Шынклер.

4. ‑а. У царскай Расіі — павятовае адміністрацыйна-паліцэйскае падраздзяленне. Трэба нам школы па вёсках прыдбаць. Роўнай дарогі, ботаў на ногі, Мультану жонцы на лепшы каптан; Жыць смела ў хатцы і не баяцца, Каб не ганялі ў воласць, у стан. Купала.

стан 3, ‑а, м.

1. Машына ці сістэма машын для апрацоўкі метаду ціскам, для атрымання буйных металічных вырабаў. Пракатны стан.

2. Прыстасаванне, збудаванне (звычайна драўлянае) для якіх‑н. работ.

3. Поўны камплект, набор чаго‑н. Мышасты Конь прывёз Да кузні новы воз, каб акавалі стан калёсны. Корбан.

стан 4, ‑у, м.

1. Становішча, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Эканамічны стан краіны. Стан народнай асветы. Маральны стан байцоў. □ У сваім натуральным, першабытным, некранутым стане прырода Палесся з яе дзікім жывёльным, птушыным і раслінным светам будзе захоўвацца ў запаведніках і шматлікіх заказніках. В. Вольскі. // Фізічнае самаадчуванне. [Шэркас] толькі месяц паслужыў і прыйшоў дадому па стану здароўя. Кулакоўскі. Камлюк у нецвярозым стане вёў машыну. М. Ткачоў. // Душэўны настрой. [Сцяпан] пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо, падбіраць такія словы і выразы, якія б дакладна адлюстравалі яго душэўны стан, яго радасць. Шамякін. Арына ўздрыгнула: даўно яна не бачыла старога ў такім узрушаным стане. Кавалёў.

2. Від, характар размяшчэння, узаемадзеяння і руху часцінак рэчыва. Аморфны стан. □ [Ігнась:] — Вада бывае ў трох станах. Звычайная вада рэк, азёр і іншых вадаёмаў заўсёды бывае ў вадкім стане. Чарнышэвіч.

3. Грамадскае або сямейнае становішча. Органы запісу грамадзянскага стану.

•••

Акты грамадзянскага стану гл. акт.

Крытычны стан рэчыва — стан рэчыва, пры якім знікае розніца паміж вадкасцю і яе насычанай парай.

стан 5, ‑у, м.

Катэгорыя дзеяслова, якая вырашае розныя адносіны паміж суб’ектам і аб’ектам дзеяння.

•••

Залежны стан дзеяслова — стан дзеяслова, які абазначае, што суб’ект з’яўляецца аб’ектам чужога дзеяння.

Незалежны стан дзеяслова — стан дзеяслова, які абазначае дзеянне, што актыўна накіравана на прамы аб’ект, назва якога стаіць у вінавальным склоне без прыназоўніка, і цалкам ахоплівае гэты аб’ект.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сца, ‑а, н.

1. Прастора зямной паверхні, якая занята або можа быць занята кім‑, чым‑н. [Насця і Мікалай] прыехалі ў Арэхаўку, ці, правільней, на тое месца, дзе калісьці была вёска. Шамякін. [Мікола:] — Не, нашаму чалавеку лепшага месца няма, як дома, на сваёй роднай зямлі. Якімовіч. // Прастора або пункт, дзе што‑н. адбываецца або размяшчаецца. Праз некаторы час цэлая калона сабралася каля месца аварыі. Кулакоўскі. Сяргей Карага стаў узірацца ў тое месца, адкуль толькі што грымнула гармата. Колас. // Прастора, пункт, прызначаныя для чаго‑н. Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае. Лынькоў. Хата-чытальня была тым месцам, дзе збіраліся людзі на сходы, дзе пыталіся газеты. Бядуля. // Пункт, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., з якога пачынаецца або на якім канчаецца рух. Тупаць на месцы. □ Машына рэзка рванулася з месца. Шахавец. Пярэднія коні, як толькі ступілі ў рэчку, уткнуліся мордамі ў ваду і ні лейцамі, ні дубцом нельга было іх скрануць з месца. Ставер. // Пэўная прастора, пункт якой‑н. паверхні. Месца ўдару.

2. Мясцовасць. Парэчча — месца неблагое, і поле там не так пустое. Колас.

3. Прастора, на якой можна размясціцца; прастора, прызначаная для каго‑н. Жыгалка сышоў са сцэны і сеў на сваё месца. Гурскі. Поезд спыніўся, а Канстанцін Пятровіч усё яшчэ сядзеў на сваім месцы. Васілёнак. // Памяшканне для адной асобы ў інтэрнаце, гасцініцы і пад. Анатоль Котаў, ведаючы, што ў гасцініцы ўсе месцы заняты, прапанаваў пасяліцца ў інтэрнаце. Дадзіёмаў.

4. Урывак, частка літаратурнага, мастацкага або музычнага твора. Рыгор прагна.. і засаб некалькі разоў прачытаў паказанае месца. Гартны. [Гудовіч:] Адно месца ў арыі ўсё ніяк не ўдавалася. Крапіва.

5. перан. Становішча, якое займае хто‑н. у чым‑н. (грамадскім жыцці, спорце і пад.). Заняць першае месца ў спаборніцтвах. Знайсці сваё месца ў жыцці. □ Мы камуністы, і наша месца ў баі. Няхай. Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца ў МТС. Шамякін. // Становішча, якое займае што‑н. у чым‑н. У сэрцы не было ўжо месца ні любасці, ні каханню, ні няёмкасці. Мурашка.

6. Разм. Служба, работа, пасада. Вакантнае месца. □ [Костусь:] — Ідзі, дзядзька Ёсель, займай месца старшага брыгадзіра ў сталярні. Чорны. У пачатку навучальнага года мне прапанавалі месца інспектара нашага райана. Васілевіч.

7. Спец. Адзін прадмет багажу. Дастаўка кожнага месца ад порта да поезда каштуе 200 франкаў. Філімонаў.

•••

Дзіцячае месца — тое, што і плацэнта.

Лобнае месца (гіст.) — узвышэнне, з якога ў старажытнасці аб’яўляліся царскія ўказы і на якім адбываліся пакаранні смерцю.

Агульнае месца — прапісная ісціна, збіты выраз.

Балючае месца — пра тое, што ўвесь час хвалюе, мучыць; пра чый‑н. слабы бок.

Ведаць (знаць) сваё месца гл. ведаць.

Вочы на мокрым месцы гл. вока.

Вузкае месца — слабы, ненадзейны ўчастак у якой‑н. справе.

Да месца — якраз калі трэба, дарэчы.

Душа не на месцы гл. душа.

Жывога месца няма гл. няма.

З месца на месца — з аднаго месца на іншае.

З месца ў кар’ер (у галоп) — адразу, не марудзячы, без падрыхтоўкі.

Каб мне з гэтага месца не сысці гл. сысці.

Мазгі не на месцы гл. мозг.

Месца пад сонцам — права на існаванне.

Мокрае месца застанецца — ужываецца як пагроза расправіцца з кім‑н.

На голым месцы — там, дзе пуста, нічога няма. Невялікае селішча Скіп’ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп’ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі. Чорны.

Нагрэць месца гл. нагрэць.

На месцы — там, дзе што‑н. адбылося ці будзе адбывацца. Справа з будаўнічымі матэрыяламі вырашаецца на месцы. Брыль.

На месцы злачынства — у момант, калі робіцца нешта нядобрае, заганнае (злавіць, застаць і пад.).

На (самым) відным месцы — на месцы, якое кідаецца ў вочы.

На (сваім) месцы — адпавядае свайму прызначэнню.

На тым самым месцы сесці гл. сесці.

Не да месца — калі не трэба, недарэчы.

Не знаходзіць (сабе) месца гл. знаходзіць.

Не месца — не павінна быць.

Ні з месца — а) не рухацца, стаяць нерухома; б) перан. у тым жа становішчы, на тым жа ўзроўні.

Паставіць каго на (сваё) месца гл. паставіць.

Пустое месца — пра чалавека, ад якога няма ніякага толку, ніякай карысці, або з якім ніхто не лічыцца. Сядзіць вось за сталом часамі значны чын. Спрабуй, скажы яму, што ён — пустое месца. Корбан.

Стаць на (сваё) месца гл. стаць.

Сухога месца няма гл. няма.

Таптацца на (адным) месцы гл. таптацца.

Уступіць месца гл. уступіць.

Цёплае месца — аб даходнай службе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)