схавацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Замаскіравацца дзе‑н. так, каб нельга было знайсці, убачыць. [Валянцін:] — Вунь нават і лодка .. [браканьера] стаіць на тым баку, а сам недзе схаваўся... Ляўданскі. Ра схаваўся за дрэвам і доўга разглядаў гэтае дзіўнае з’явішча. Маўр. Шпакі і азірнуцца не паспелі, як .. [верабей] ужо схаваўся дзесьці ў кустах. Шуцько. Грыбок нібы накрыўся .. [лістом], каб лепш схавацца. Брыль. // перан. Стаць незаўважаным (пра ўсмешку, пачуцці і пад.). Ледзь прыкметная ўсмешка схавалася за марозным інеем вусоў. Лынькоў. Крывая не заменіцца прамой. Двудушша не схаваецца пад грымам. Дайнека.

2. Аддаліўшыся, перамясціўшыся, перастаць быць бачным; знікнуць з поля зроку. Хлопцы заварожана пазіралі ўслед, пакуль машына не схавалася за ўзгоркам. Гамолка. [Волька] з мамай доўга стаялі і глядзелі ўслед бацьку, аж пакуль яго постаць не схавалася за будынкамі. Марціновіч. Толькі часам, з узгорка, блісне між зелянінай вада і зноў схаваецца. Маўр. / Пра нябесныя свяцілы. Вечарэла, за дальнім пералескам схавалася сонца. Хадкевіч. І месяц схаваўся за хмару. Астрэйка. // Стаць ледзь бачным сярод прадметаў, якія закрываюць, засланяюць што‑н., знікнуць у чым‑н. Недзе паміж пералескавых узгоркаў схавалася, як быццам патанула, невялічкая вёска. Пестрак.

3. Ратуючыся ад праследавання, небяспекі, знайсці сховы. Карчмар ужо хацеў разбудзіць сям’ю і схавацца з імі ў лесе, але позна... Бядуля. Косцік не раз бываў тут [у лесе] і ведаў, дзе найлепш схавацца ў выпадку небяспекі. Паслядовіч. У час арыштаў, што адбываліся ў пачатку 1882 года, некаторым рэвалюцыянерам-падпольшчыкам удалося схавацца. «Полымя».

4. Засцерагчы сябе ад чаго‑н. (страляніны, непагоды і пад.). Схавацца ад дажджу. ▪ Каб схавацца ад куль, штабныя сталі лепей укладацца на зямлі. Чорны. Заставацца ў адкрытым моры было нельга, да свайго порта было далекавата, і капітан прыняў рашэнне схавацца ў зручнай бухце. Б. Стральцоў. // перан. Ухіліцца ад чаго‑н., пазбегнуць чаго‑н. Дзе ж ратунак? Ад бяды Не схаваешся ж кудысь. Калачынскі. Век жывым звяр’ю не вырвацца І ад помсты не схавацца. Танк. Я не ведаў, дзе схавацца ад сораму. Бядуля.

5. (звычайна з адмоўем «не»). Выпасці з-пад увагі, прайсці па-за ўвагай, астацца незаўважаным. Ад .. погляду [Алесі] не схавалася затаенае засмучэнне маткі. Колас. У абед прыйшоў з бібліятэкі муж, ад яго не схавалася, што .. [Рыта] узбуджана. Навуменка. Відаць, нехта падгледвеў, калі Падбярэцкі ганяў лася. Ад людзей не схаваешся. Пташнікаў.

6. Змясціцца дзе‑н., у чым‑н. вялікім. С вітка такая, што з галавой схаваешся. ▪ Дык там, брат, такія ямішчы, што нават бацька з галавою схаваецца! Якімовіч. Не год, не год сёлета на жыта! З канём не схаваешся ў ім. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)