месца, ‑а, н.
1. Прастора зямной паверхні, якая занята або можа быць занята кім‑, чым‑н. [Насця і Мікалай] прыехалі ў Арэхаўку, ці, правільней, на тое месца, дзе калісьці была вёска. Шамякін. [Мікола:] — Не, нашаму чалавеку лепшага месца няма, як дома, на сваёй роднай зямлі. Якімовіч. // Прастора або пункт, дзе што‑н. адбываецца або размяшчаецца. Праз некаторы час цэлая калона сабралася каля месца аварыі. Кулакоўскі. Сяргей Карага стаў узірацца ў тое месца, адкуль толькі што грымнула гармата. Колас. // Прастора, пункт, прызначаныя для чаго‑н. Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае. Лынькоў. Хата-чытальня была тым месцам, дзе збіраліся людзі на сходы, дзе пыталіся газеты. Бядуля. // Пункт, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., з якога пачынаецца або на якім канчаецца рух. Тупаць на месцы. ▪ Машына рэзка рванулася з месца. Шахавец. Пярэднія коні, як толькі ступілі ў рэчку, уткнуліся мордамі ў ваду і ні лейцамі, ні дубцом нельга было іх скрануць з месца. Ставер. // Пэўная прастора, пункт якой‑н. паверхні. Месца ўдару.
2. Мясцовасць. Парэчча — месца неблагое, і поле там не так пустое. Колас.
3. Прастора, на якой можна размясціцца; прастора, прызначаная для каго‑н. Жыгалка сышоў са сцэны і сеў на сваё месца. Гурскі. Поезд спыніўся, а Канстанцін Пятровіч усё яшчэ сядзеў на сваім месцы. Васілёнак. // Памяшканне для адной асобы ў інтэрнаце, гасцініцы і пад. Анатоль Котаў, ведаючы, што ў гасцініцы ўсе месцы заняты, прапанаваў пасяліцца ў інтэрнаце. Дадзіёмаў.
4. Урывак, частка літаратурнага, мастацкага або музычнага твора. Рыгор прагна.. і засаб некалькі разоў прачытаў паказанае месца. Гартны. [Гудовіч:] Адно месца ў арыі ўсё ніяк не ўдавалася. Крапіва.
5. перан. Становішча, якое займае хто‑н. у чым‑н. (грамадскім жыцці, спорце і пад.). Заняць першае месца ў спаборніцтвах. Знайсці сваё месца ў жыцці. ▪ Мы камуністы, і наша месца ў баі. Няхай. Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца ў МТС. Шамякін. // Становішча, якое займае што‑н. у чым‑н. У сэрцы не было ўжо месца ні любасці, ні каханню, ні няёмкасці. Мурашка.
6. Разм. Служба, работа, пасада. Вакантнае месца. ▪ [Костусь:] — Ідзі, дзядзька Ёсель, займай месца старшага брыгадзіра ў сталярні. Чорны. У пачатку навучальнага года мне прапанавалі месца інспектара нашага райана. Васілевіч.
7. Спец. Адзін прадмет багажу. Дастаўка кожнага месца ад порта да поезда каштуе 200 франкаў. Філімонаў.
•••
Дзіцячае месца — тое, што і плацэнта.
Лобнае месца (гіст.) — узвышэнне, з якога ў старажытнасці аб’яўляліся царскія ўказы і на якім адбываліся пакаранні смерцю.
Агульнае месца — прапісная ісціна, збіты выраз.
Балючае месца — пра тое, што ўвесь час хвалюе, мучыць; пра чый‑н. слабы бок.
Ведаць (знаць) сваё месца гл. ведаць.
Вочы на мокрым месцы гл. вока.
Вузкае месца — слабы, ненадзейны ўчастак у якой‑н. справе.
Да месца — якраз калі трэба, дарэчы.
Душа не на месцы гл. душа.
Жывога месца няма гл. няма.
З месца на месца — з аднаго месца на іншае.
З месца ў кар’ер (у галоп) — адразу, не марудзячы, без падрыхтоўкі.
Каб мне з гэтага месца не сысці гл. сысці.
Мазгі не на месцы гл. мозг.
Месца пад сонцам — права на існаванне.
Мокрае месца застанецца — ужываецца як пагроза расправіцца з кім‑н.
На голым месцы — там, дзе пуста, нічога няма. Невялікае селішча Скіп’ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп’ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі. Чорны.
Нагрэць месца гл. нагрэць.
На месцы — там, дзе што‑н. адбылося ці будзе адбывацца. Справа з будаўнічымі матэрыяламі вырашаецца на месцы. Брыль.
На месцы злачынства — у момант, калі робіцца нешта нядобрае, заганнае (злавіць, застаць і пад.).
На (самым) відным месцы — на месцы, якое кідаецца ў вочы.
На (сваім) месцы — адпавядае свайму прызначэнню.
На тым самым месцы сесці гл. сесці.
Не да месца — калі не трэба, недарэчы.
Не знаходзіць (сабе) месца гл. знаходзіць.
Не месца — не павінна быць.
Ні з месца — а) не рухацца, стаяць нерухома; б) перан. у тым жа становішчы, на тым жа ўзроўні.
Паставіць каго на (сваё) месца гл. паставіць.
Пустое месца — пра чалавека, ад якога няма ніякага толку, ніякай карысці, або з якім ніхто не лічыцца. Сядзіць вось за сталом часамі значны чын. Спрабуй, скажы яму, што ён — пустое месца. Корбан.
Стаць на (сваё) месца гл. стаць.
Сухога месца няма гл. няма.
Таптацца на (адным) месцы гл. таптацца.
Уступіць месца гл. уступіць.
Цёплае месца — аб даходнай службе.