Кіля́га ’палка з тоўстым канцом, якую ўжываюць у якасці малатка’ (Сцяшк. МГ, Сцяшк.). Вельмі верагодным здаецца паходжанне ад прамежкавай незафіксаванай формы *кія‑ гау пра існаванне якой сведчыць вытворнае кіяжына (гл.) у тым жа значэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бяссме́рце, ‑я, н.

1. Вечнае існаванне, няспыннае бытаванне. Бяссмерце прыроды. □ А ў несмяротнасці справы — і наша бяссмерце. Брыль.

2. Выс. Пасмертная слава. Узняла касачы Над табою [пра Максіма Багдановіча] жыццё, Над тваім незгасаючым сэрцам, Узняло, як мячы, Каб працяць небыццё І ахоўваць паэта бяссмерце. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няво́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нявольнікаў, уласцівы ім. Нявольніцкая праца. Нявольніцкі рынак. □ Пісьменнік намаляваў галерэю моцных духам людзей, для якіх нявольніцкае існаванне было горш за смерць. Кудраўцаў. // Які мае адносіны да нявольніцтва. Кастрычніцкая рэвалюцыя прынесла народу поўнае вызваленне ад старога, нявольніцкага свету. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ная́ўнасць, ‑і, н.

1. Прысутнасць, знаходжанне, існаванне. Нанач, як заўсёды, па ўсім астрозе прайшла праверка наяўнасці вязняў. Машара. Міхал прыняў змену. Агледзеў электроды, прыдзірліва праверыў наяўнасць шлаку ў печы. Карпаў.

2. Фактычная колькасць чаго‑н. у даны момант (пра грошы, тавары і пад.). Касавая наяўнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́ры, -ая, -ае.

1. Колер, які атрымаўся ад змяшэння чорнага і белага, колер попелу.

Ш. матэрыял.

Шэрыя вочы.

Шэрае неба.

Ш. кот.

Ш. твар (бледны, з зямлістым адценнем).

2. перан. Пасрэдны, знешне і ўнутрана не цікавы.

Шэрае існаванне.

Ш. раман.

3. перан. Малакультурны, неадукаваны (разм.).

Ш. чалавек.

4. перан. Пра надвор’е: хмурны.

Шэрае надвор’е.

Шэрая раніца.

|| памянш. шэ́ранькі, -ая, -ае.

|| наз. шэ́расць, -і, ж. (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

На-быкі́ = рус. на нет (Мядзв.). Няясна. Магчыма, на бакі ’ўбок’ ад бок (фанетычна на бъкі́), як адхіленне ад нармальнага шляху; аднак параўн. польск. na psy pójść сапсавацца’, што дапускае існаванне падобнай мадэлі і ў беларускай мове, але сувязь з бык застаецца неабгрунтаванай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Качарга́ ’жалезны прут, сагнуты на канцы, для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу і пад.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат., Сцяшк. МГ, у Нас. ’драўляная крывуля’). Параўн. рус. кочерга́, укр. коче́рга, кучу́рга, польск. koczarga, дыял. koczerka. Марфалагічная будова слова вельмі спрэчная. Па адной версіі, утварэнне суфіксам *‑g‑ (як у рус. четверг) на базе такіх слоў, як рус. кочера́ ’сукаваты ствол’ (параўн. Фасмер, 2, 358; Фасмер, 4, 35, дзе абараняецца існаванне суф. *‑g; Слаўскі, 2, 322, дзе таксама дапускаецца магчымасць суфікса ‑ga). Некаторыя дапускаюць у якасці крыніцы гіпатэтычнае цюрк. *köčirga (Слаўскі, 2, там жа). Гл. яшчэ агляд у Трубачова, Эт. сл., 10. 105–106 (дзе падтрымліваецца існаванне суфікса ‑g‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Рэлігійна-ідэалістычны погляд, які прызнае існаванне надпрыродных, таямнічых сіл і магчымасць зносін з імі чалавека.

2. перан. Разм. Нешта загадкавае, чаго нельга адразу зразумець, растлумачыць. Ждановіч расказваў Купалу пра новую пастаноўку «Раскіданага гнязда», у якой не будзе ні містыкі, ні сімволікі. Рамановіч.

[Ад грэч. mystikos — таямнічы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздзяле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. раздзяляць — раздзяліць (у 1–3 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. раздзяляцца — раздзяліцца (у 1–4 знач.).

•••

Па раздзяленнях (ваен., спарт.) — аддзяляючы выкананне аднаго прыёма ад другога пэўным прамежкам часу.

Раздзяленне працы — працэс адасаблення розных відаў працоўнай дзейнасці, адначасовае існаванне розных відаў працы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязбо́жнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які не прызнае, адмаўляе бога, не верыць у яго існаванне; атэіст. Казалі, што.. [Ян] бязродны і бязбожнік. Не ходзіць у касцёл. Пестрак.

2. Уст., лаянк., пагард. Пра несумленнага, нахабнага чалавека. [Павал:] — Хоць ты і бацюшка, але я не пабаюся сказаць табе ў вочы — бязбожнік ты, мяцежнік. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)