сніць, сню, сніш, сніць; незак., каго-што, аб кім-чым, з дадан. сказам.

1. Бачыць сон (сны), бачыць у сне. — Я цябе сніла, мама. Не адзін раз, а многа! Брыль. Людзі былі ў тым стане зморанасці, калі чалавек можа заснуць ідучы ці зусім паваліцца ў гразь і праз хвіліну сніць, што ляжыць у мяккім ложку. Шамякін. Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў, Што буду я вольны, што буду шчаслівы. Купала. / у перан. ужыв. Прасторы бязмежныя спяць аб вясне... Куляшоў. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка.

2. перан. Марыць аб чым‑н., спадзявацца на што‑н. Мільгаюць мошкі і стракозы, А ты [Сымон] сядзі ды мары сні. Колас.

•••

І не сніў (сніла) — і не думаў (думала) пра што‑н. Дзень у дзень Я ў полі Працаваў сяўбою. І не сніў ніколі Стрэцца тут з табою. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

1. Выпадкова сустрэцца, надарыцца. Трапіўся б, скажам, на дарозе воўк (а іх тут багата зімою цягаецца), — Федзя адразу раскроіў бы яму чэрап і прыцягнуў у сяло. Ваданосаў. Але адступаць ужо было позна, і Пракоп .. рушыў да першай чалавечай постаці, што найбліжэй трапілася яму ў гэты час. Колас. // Дастацца. Абрыкосы, праўда, трапіліся пабітыя, з чорнымі бакамі. Дык мая суседка нафарбаванымі пальчыкамі старанна выбрала іх і шпурнула за акно. Грамовіч. Нявестка трапілася жанчына ўладная і... багатая на дзеці. Шамякін.

2. безас. з інф. Выпасці на чыю‑н. долю; прыйсціся. Трапілася пачуць рэдкае слова. □ Адным разам Рыгору трапілася адзін на адзін пагутарыць з Гэляй. Гартны.

•••

Трапілася чарвяку на вяку — пра вельмі рэдкую ўдачу, шчаслівы выпадак.

Трапіцца на вочы каму — выпадкова звярнуць на сябе ўвагу каго‑н.

Трапіцца пад руку — выпадкова апынуцца каля каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́цца, разальецца і разліецца; пр. разліўся, ‑лася, ‑лося; заг. разліся, зак.

1. Выліцца часткова або поўнасцю; расплюхацца. Малако разлілося. □ Язэп так і не данёс лыжку да рота. Зацірка разлілася. Асіпенка.

2. Размеркавацца па розных пасудзінах (пра вадкасць).

3. Заліць якую‑н. прастору, паверхню чаго‑н.; расцячыся. Тая нафта, што разлілася тонкім слоем па паверхні вады, загарэцца ўжо не магла. «Полымя». // Выйсці з берагоў. Рэчка разлілася так шырока, як не разлівалася ўжо многа год, вада падышла пад самыя хаты. Шамякін. А там, дзе чарнеў заскарузлы алешнік, разлілася сажалка, увабраўшы ў сябе ўсю ясную сінь летняга неба. Ракітны.

4. перан. Разысціся ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго‑н., у межах чаго‑н. Усход святлее, ціха грае і пераліваецца гэта ясната, залатая багра — шчаслівы смех дня, каб дыяментамі разліцца на свежых маладых лісціках, на чысцюткіх кроплях расы. Колас. Голас .. [Надзі] пачаў прыкметна дрыжэць, на твары разлілася пунсовая чырвань. Гроднеў. Па пакою разліўся знаёмы і дарагі мне бэзавы пах. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скорагаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Хуткае, паспешлівае маўленне. Шчаслівы .. смех [Тамары] перадаўся Мані, і яна, слухаючы таварышкі блытаную скорагаворку, не магла стрымаць яго і ў сабе. Васілевіч. Пачуўся смяшок, неразборлівая і, відаць, смяшлівая скорагаворка, і ўсё змоўкла. Паўлаў. // у знач. прысл. скорагаво́ркай. Хутка, паспешліва (пра мову). Мы цокалі на польскай мове — [Стася] з паморскім акцэнтам, скорагаворкай, а я нараспеў, як усе беларусы. Бажко. — Мяне тата прыслаў, — скорагаворкай прамовіў Юрка, — там, — ён махнуў рукой у бок лесу, — нейкія людзі... Двое... Курто. // Што‑н. (артыкул, кніга і пад.), напісанае наспех, без дакладнасці, неглыбока. Там, дзе зніжаецца творчая напружанасць паэта, з-пад яго пяра выходзіць скорагаворка. Бярозкін. Увага да ўсіх гістарычных этапаў, якія прайшла краіна, была прычынай адсутнасць сюжэтнай сканцэнтраванасці, хранікальнай бегласці і скорагаворкі ў асобных раздзелах. Кучар.

2. Жартаўлівая фраза, пабудаваная на спалучэнні гукаў, якія робяць цяжкім хуткае вымаўленне яе. Заняткі пачыналіся з работы над тэхнікай мовы. Колькі скорагаворак было вызубрана напамяць. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ірва́цца і рва́цца, (і)рвуся, (і)рвешся, (і) рвецца; (і)рвёмся, (і)рвяцеся; незак.

1. Раздзяляцца на часткі, разрывацца ад рыўка, нацягвання. Крохкая салома, калі моцна закручваць перавясла, ірвалася. Мележ. Прама не слухала мяне: тонкія валокны клаліся няроўна, ірваліся, зляталі з бабіны. Савіцкі. Дзе коратка, там ірвецца. Прымаўка.

2. перан. Спыняцца, варушацца (пра сувязі, адносіны і пад.).

3. Узрывацца; разрывацца з выбухам. Раўлі самалёты, ірваліся бомбы, грукаталі танкі, беглі па збожжы салдаты... Брыль. // перан. Перапаўняцца моцнымі пачуццямі. [Лясніцкі] тады адчуваў паплыў балючай і горкай пяшчоты, ад якой, здаецца, ірвалася сэрца, і быў шчаслівы. Зарэцкі. Сціснуў хтось мне сэрца туга, Па кавалкі грудзі рвуцца. Зарыцкі.

4. Старацца вызваліцца, вырвацца. — Хітрушчая карова! Бывала, як толькі немцы ў вёску, яна рвецца з двара і — прама ў лес. Сіўцоў.

5. перан. Прагна імкнуцца зрабіць што‑н., дасягнуць чаго‑н., папасці куды‑н. Ірвацца дамоў. Ірвацца да ведаў. Ірвацца на фронт. □ [Маці] ўсіх ірвалася супакоіць, улагодзіць, прымірыць. Мележ. Нас было восем. І кожны з нас ірваўся ў нязведаную далячынь. Асіпенка.

6. Зал. да ірваць ​1, рваць ​1 (у 1–4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо,

1. злучн. прычынны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з чыста прычынным значэннем; па значэнню супадае са злучнікам «таму што». Згіне ліха, бо на свеце Праўда ёсць, І развеецца, як смецце, Зайздрасць, злосць. Колас. [Пеця:] — Хочацца шмат што запісаць. Але ўсяго запісаць не ўдасца, бо ведаю, адчуваю, перадышка ненадоўга. Шамякін. Мы [Васіль Пятровіч і Лена] гаварылі, бо ўжо нам можна было гаварыць аб усім, і маўчалі, бо добра было і маўчаць, і спыняліся часта, бо нас тут, на ціхім аснежаным лузе, не бачыў ніхто... Брыль.

2. злучн. прычынна-супраціўны. Злучае сказы, якія паказваюць на прычыну неабходнасці дзеяння; па свайму значэнню набліжаецца да злучнікаў «а то», «іначай». [Юзік:] — Толькі не маніце, бо другі раз мы вам не падаруем. Чарот. — Ну, голубе, бывай здаровы і шчаслівы. Будзь асцярожны, бо цябе ўжо можа шукаюць. Колас. [Грамабой:] «Трэба, кажу, памагчы, бо ніхто ж чужы не паможа». Крапіва.

3. часціца. Разм. Ужываецца ў мове пасля слова з лагічным націскам і служыць для ўказання на дадзенае слова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даль, ‑і, ж.

1. Далёкі прастор, бачны вокам; прасцяг, шыр. [Ірыне] падабалася быць увесь дзень пад сонцам і ветрам, любавацца неабсяжнымі палявымі далямі. Шахавец. За лясочкамі, за гаем Далі, лёгшы сінім морам, Вабяць душу мне прасторам. Колас. З узгоркаў перад Алаізаю на ўсе бакі раскрывалася даль. Арабей. // Вялікая прастора, адлегласць, якая раздзяляе каго‑, што‑н. Дружбакі жывуць не побач, Пралягла між імі даль, Палавіна ўсёй Еўропы Паміж хлопцамі амаль. Кірэенка. Але знаю — з табой, з родным краем Даль не зможа мяне разлучыць. Прыходзька.

2. (звычайна з азначэннем). Далёкае месца, вельмі аддаленая мясцовасць. Зайшоў у такую даль. □ З далёкай прыамурскай далі Хацеў я ўбачыць бераг свой. Гаўрусёў. Цаліну штурмаваць вёз цягнік нас імклівы, У далёкую даль, у нязведаны край, Вёз на подзвіг — і быў я бясконца шчаслівы... Гілевіч. Мы шляхі пракладаем У касмічныя далі, На ўвесь свет палымнее наш сцяг. Журба. // а таксама чаго. Аддалены ўчастак чаго‑н. Засланяючы даль краявіду, Ўзняліся ўгару тэрыконы. Аўрамчык. // Пра аддаленыя (у мінулае або ў будучае) часы. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мала заглядваючы ў паперы, Званец гаварыў пра захапляючую сямігадовую даль, якую расхінуў перад краінай з’езд партыі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залаты́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з золата, з’яўляецца золатам. Залаты самародак. Залаты пясок. // Зроблены з золата. Залаты пярсцёнак. // Вытканы, вышыты пазалочанымі ніткамі. Залатыя пагоны. // Які вылічаецца на золата, па курсу золата. Залаты размен. Залатая валюта.

2. у знач. наз. залаты́, ‑ога, м. Уст. Залатая манета; чырвонец.

3. Бліскуча-жоўты, падобны колерам да золата. На неба ўсходзіў месяц залаты. Купала. Залатыя промні працягнуліся праз вокны і ў Паходнеў пакой. Хадкевіч.

4. перан. Надта добры па сваіх якасцях; цудоўны, выдатны. Залаты характар. Залатыя словы. □ «Які мілы і залаты хлопец, — падумала.. [Магдалена]. — Як ён завіхаецца каля машыны і які рухавы». Чорны.

5. перан. Шчаслівы, радасны. Залаты час. Залатое дзяцінства. □ Маладая вясна, залатая пара! Будзь красна і ясна, Не шкадуй нам дабра! Колас.

6. перан. Дарагі, любімы. Залатыя мае дзеткі.

7. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Залатое дрэва. Залатая рыбка.

•••

Абяцаць залатыя горы гл. абяцаць.

Залатая восень гл. восень.

Залатая галава гл. галава.

Залатая жыла гл. жыла.

Залатая моладзь гл. моладзь.

Залатая сярэдзіна гл. сярэдзіна.

Залатое вяселле гл. вяселле.

Залатое дно гл. дно.

Залатое руно гл. руно.

Залаты век гл. век.

Залаты дождж гл. дождж.

Залаты фонд гл. фонд.

Залатыя рукі гл. рука.

Залатыя словы гл. слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзялі́цца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.

1. Распасціся, раздзяліцца (на часткі, групы і інш.). Кіеўская Русь падзялілася на дробныя княствы. □ Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак, туляючыся паміж тоўстых камлёў прысад. Колас. Дзеці падзяліліся на два лагеры. Бядуля.

2. Размеркавацца пэўным чынам. Нашы функцыі падзяліліся.

3. Зрабіць падзел маёмасці, гаспадаркі. Браты падзяліліся. □ Ужо сам бацька пачаў пагаварваць аб тым, каб падзяліцца. Маўр.

4. Аддаць каму‑н. частку таго, што маеш. Падзяліцца грашамі. Падзяліцца запасам з таварышам. □ Ігнась дастаў з свайго мяшка сухары і таксама падзяліўся з хлопцамі. Чарнышэвіч. Калі ў твой дом пастукае бяда, Апошняю скарынкай падзялюся. Грахоўскі.

5. перан. Не супасці (пра думкі, погляды і пад.). — А скажыце, — парушыў.. [Нявідны] маўчанне, — Нічыпар Барэйка дома ці не? — Галасы хлопцаў падзяліліся. Адны казалі дома, другія — не. Колас.

6. перан. Паведаміць аб сваёй рабоце, планах, перадаць свой вопыт. Паходня падзяліўся з Янукевічам сваімі папярэднімі планамі. Хадкевіч. // Расказаць аб сваіх пачуццях, уражаннях і пад. Звычайна чалавеку лягчэй робіцца, калі ён падзеліцца сваім горам-бядой з другім чалавекам. Няхай. А што мне шчасця зычыць? Я шчаслівы. І гэтым шчасцем шчодра падзяліцца Гатоў з людзьмі, што скардзяцца на лёс... Панчанка.

7. У матэматыцы — не даць астачы пры дзяленні. Семдзесят падзеліцца на пяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́мар1 ‘багацей, багатыр’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк., Буз., Мядзв., Нар. Гом., Рэг. сл. Віц., Бяльк., Юрч. Сін.), ‘пануры, нелюдзімы чалавек’ (Зайка Кос.), ‘самастойны, сур’ёзны чалавек’ (мёрск., ЖНС), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ту́мыр ‘пахмурны чалавек, кулак’ (Буз.), ту́марка ‘багачка’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́мырка ‘тс’ (Юрч.). Сюды ж таксама вытворныя ту́марнікшчаслівы і задаволены ўсім чалавек’ (полац., Нар. лекс.), ‘негаваркі чалавек, няветлівы’ (маладз., Гіл.), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ‘чалавек закрыты, ціхі, але здольны на ліхое’ (Аляхн.), ‘маўчун’ (лаг., Жыв. сл.), ‘пануры чалавек, нелюдзень’ (Вушац. сл., Варл., Сл. ПЗБ), ‘нелюдзь, хто пазбягае людзей’ (мядз., лаг., ЛА, 3), тума́рнік ‘вельмі маўклівы чалавек’ (Жд. 3, Буз.). Укр. палес. ту́мар ‘багаты чалавек, кулак’, рус. ту́мар ‘тлум’, ту́маром ‘разам, гуртам’, смален. тума́рь ‘скнара, скупы; багач’. Нягледзячы на шырокае распаўсюджанне, застаецца цьмяным па паходжанні. Насовіч (Нас., 644) разглядаў як слова, што ўзыходзіць да тма ‘тысяча’ (гл. цьма), тлумачачы семантыку рус. тысячник ‘багаты чалавек’, параўн. ту́мырства ‘багацце’ (Юрч. СНЛ). Бузук (ЗІФВ УАН, 13–14, 279), разглядаючы бел. тумар, мяркуе пра корань тум‑, да якога адносіць і ўкр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, што, мажліва, узыходзіць да праформы *tou̯m‑/*teu̯m‑, з якой можна звязаць і корань тьм‑, што часткова падмацоўвае этымалогію Насовіча. Першаснае значэнне ‘цёмны’ тлумачыць як названыя назоўнікі, так і назву рэчкі Тумараўка каля Бабруйска (там жа), параўн. і ўкр. дыял. ту́марка ‘яма ў возеры, глыбокая яма ў балоце’ (Чарапанава, Геогр.), паводле ЕСУМ, 5, 675 — не яснае па паходжанні. Параўн. таксама тумны, гл. Незразумелыя адносіны да цімярнік ‘вельмі скупы чалавек’ (гл.), з якім можа быць звязана рус. тюмир ‘пануры, нелюдзімы’, якое Равінскі (Черног., 2, 3) параўноўвае з серб. тму̀ро ‘хмура, змрочна’, гл. Петравіч, Зб. радова Педагошке академије у Никшићу, 1975–1976, 5–6, 66. Сюды ж рус. дыял. тюми́рь ‘замкнуты, негаваркі чалавек’ (СРНГ).

Ту́мар2 ‘вялікі кавалак’ (Скарбы). Відаць, да ту́мар1 з семай ‘багацце’, ‘многа’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)