падзяліцца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.
1. Распасціся, раздзяліцца (на часткі, групы і інш.). Кіеўская Русь падзялілася на дробныя княствы. ▪ Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак, туляючыся паміж тоўстых камлёў прысад. Колас. Дзеці падзяліліся на два лагеры. Бядуля.
2. Размеркавацца пэўным чынам. Нашы функцыі падзяліліся.
3. Зрабіць падзел маёмасці, гаспадаркі. Браты падзяліліся. ▪ Ужо сам бацька пачаў пагаварваць аб тым, каб падзяліцца. Маўр.
4. Аддаць каму‑н. частку таго, што маеш. Падзяліцца грашамі. Падзяліцца запасам з таварышам. ▪ Ігнась дастаў з свайго мяшка сухары і таксама падзяліўся з хлопцамі. Чарнышэвіч. Калі ў твой дом пастукае бяда, Апошняю скарынкай падзялюся. Грахоўскі.
5. перан. Не супасці (пра думкі, погляды і пад.). — А скажыце, — парушыў.. [Нявідны] маўчанне, — Нічыпар Барэйка дома ці не? — Галасы хлопцаў падзяліліся. Адны казалі дома, другія — не. Колас.
6. перан. Паведаміць аб сваёй рабоце, планах, перадаць свой вопыт. Паходня падзяліўся з Янукевічам сваімі папярэднімі планамі. Хадкевіч. // Расказаць аб сваіх пачуццях, уражаннях і пад. Звычайна чалавеку лягчэй робіцца, калі ён падзеліцца сваім горам-бядой з другім чалавекам. Няхай. А што мне шчасця зычыць? Я шчаслівы. І гэтым шчасцем шчодра падзяліцца Гатоў з людзьмі, што скардзяцца на лёс... Панчанка.
7. У матэматыцы — не даць астачы пры дзяленні. Семдзесят падзеліцца на пяць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)