чапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. што. Кранаць, зачэпліваць за што‑н., датыкацца да чаго‑н. Трэба быць сапраўдным акрабатам, каб ісці, не чапляючы галін, што тырчаць ва ўсе бакі. Цябут. // перан.; каго. Турбаваць, закранаць. Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма. Мележ.

2. што. Захопліваць, зачэпліваць, браць чым‑н. вострым, учэпістым. Хлопчык.. пачаў глядзець, як Пракаповіч вырывае цвікі з падлогі, лоўка чапляючы іх за галоўкі жалезнай лапай. Радкевіч. [Даніла:] — То бяры, швагер, відэлец ды чапляй скварку. Чарнышэвіч.

3. што. Зачэпліваючы, прымацоўваць; прычапляць. Трактарысты ўжо чаплялі тросік к перадку машыны. Лобан. [Чыжык] саскоквае з каня, чапляе повад за агароджу і шпарка шыбае праз калітку. Лупсякоў. // Разм. Вешаць. У сцяну ўманціравана шафа, у якой Лявон Васільевіч чапляе сваё паліто і капялюш. Гроднеў. // Змацоўваць, нанізваючы адно на другое. Лісце [тытуню] чаплялі на ніткі і вешалі ў хаце пад бэлькамі. Пташнікаў.

4. што. Разм. Надзяваць што‑н. Чуць дзе з’явіцца дзірка, .. [Анісім] браў іголку, нітку, чапляў на нос акуляры і садзіўся за рапарацыю кажуха. Колас.

5. Разм. Тое, што і чапляцца (у 1, 4 знач.). За нізка навіслыя лапы ялін раз за разам чапляе крывая вішнёвая дужка. Брыль. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ.

•••

Чапляць нага (нагу) за нагу — ісці вельмі павольна, марудна.

Чапляць сабак на каго — тое, што і вешаць сабак на каго (гл. вешаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце, ‑ляцяць; зак.

1. Лецячы, перамясціцца. З рэзкім посвістам крылаў праляцела чародка качак. Асіпенка. Міма нас са звонам праляцела пчала. Пестрак. // што. Лецячы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Самалёт праляцеў тысячу кіламетраў. □ Птушка з часу кальцавання да таго моманту, калі яе злавілі на судне.. праляцела звыш 16000 кіламетраў. Матрунёнак. // Пранесціся ў паветры (аб прадметах). Над галовамі праляцеў з завываннем снарад, які пакрыў праціўніка. Гурскі. Калі ж яго кульба часам з посвістам праляціць каля маіх вушэй, не пацэліўшы, тады гаспадар давяршае справу папружкай. Бажко. // перан. Разнесціся, распаўсюдзіцца (пра гукі, чуткі і пад.). Шум праляцеў ад сцяны да сцяны, і клас затоена прыціх. Гамолка. І ўсе ў вёсцы жахнуліся і насцярожыліся, калі маланкаю праляцела чутка, што цётка Хрысціна адмовілася карміць немцаў. Шамякін. // Лецячы, прайсці, пранікнуць куды‑н. Камень праляцеў у акно. □ І бачу між платоў закутак, Дзе нават чмель не праляціць. Пысін.

2. Хутка праехаць, прайсці, прамчацца. Па шашы праляцела адна за адной некалькі легкавых машын. Хомчанка. Як віхор, праляцела па двары Алеся. Васілевіч.

3. перан. Мільгануць, пранесціся (пра думкі, меркаванні і пад.). За гэтае імгненне ў галаве Андрэя праляцела столькі думак і здагадак. «Беларусь». Усе гэтыя меркаванні праляцелі ў Сымонавай галаве за адну хвіліну. Чарнышэвіч.

4. Хутка, непрыкметна прайсці, мінуць (пра час). У клопатах і працы шпарка праляцелі пяць дзён. Маўр. Час, які аставаўся да заканчэння школы, праляцеў як у сне. Вітка. У размове, у чаканні Мішэля мы і не заўважылі, як прамільгнула, праляцела не такая ўжо і кароткая маёвая ноч. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. што і без дап. Хутка прабегчы, праехаць якую‑н. адлегласць ці прамінуць каго‑, што‑н. Мы праскочылі хваёвы лясок, і да самых Круцілавіч конік ішоў подбегам. Адамчык. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. // без дап. Вельмі хутка прайсці, мінуць (пра час). Месяц праскочыў, як адзін дзень, і мая Неаніла павінна была ехаць дадому. Новікаў.

2. што і без дап. Хутка прайсці праз вузкае месца, праз якую‑н. перашкоду. Праскочыць у дзверы. □ Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца [палякаў] не магла праскочыць. Колас. Яраш не даехаў да бальніцы. Ён рабіў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную і цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапіць у хірургічны. Шамякін. Пасты мы праскочылі на вялікай скорасці, паліцаі і не паспелі разгледзець, хто праехаў. Новікаў. // Прабрацца, прайсці незаўважаным або непашкоджаным. Бомбы сыпаліся, як той град, але мы неяк праскочылі. Рамановіч. — Таварыш камандзір, — нечакана парушыў маўчанне Кукарэка, — а можа нам правей узяць: там лужком ды кустамі, якраз і праскочым. Шчарбатаў. // Лёгка прайсці, упасці і пад. праз якую‑н. адтуліну. Шарык праскочыў праз кальцо.

3. перан.; што. Разм. З’явіцца дзе‑н., ухіліўшыся ад чаго‑н., пераадолеўшы што‑н. Паэт па памяці аднавіў радкі і строфы, што былі ў свой час заняты, каб праскочыць цэнзурныя загарадкі. С. Александровіч. // Астацца, апынуцца дзе‑н. з-за недагляду, няўважлівасці. У карэктуры праскочыла некалькі памылак. □ Трэба быць вельмі пільным, каб ніякіх недакладнасцей пры мантажы не праскочыла. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́ды, ‑ая, ‑ае; рад, ‑а.

1. Які перажывае пачуццё радасці, задавальнення. Радая, поўная шчасця, Наталля гаварыла: — Я нават не ўяўляю, як гэта магла б жыць без цябе. Скрыган. Лабановіч шпарка пайшоў .. [Садовічу] насустрач, незвычайна рады нечаканаму спатканню. Колас. І агародаў няма ў гэтых жыльцоў. Пасее сабе пад вокнамі градку [а]гуркоў і рад. Навуменка.

2. у знач. вык. (звычайна кароткая ф.), каму-чаму, з дадан. сказам і без дап. Пра пачуццё радасці, задавальнення, якое перажывае хто‑н. Стол устаўлены багата, Госцю я сардэчна рад. Бялевіч. Дамоў і палацаў кварталы Ўзняліся да самых нябёс. Я рады, што гэткаю стала, Зямля, куды сонца я нёс. Прыходзька. Ён быў страшэнна рад, гэты дзівак Пацяроб, і не мог схаваць свае нядобрае злоснае радасці. Зарэцкі. [Шафёр] рад быў, што памог чалавеку ў бядзе. Да таго ж ён бачыў, што з дзяўчынай нічога небяспечнага няма. Грамовіч.

3. у знач. вык., з інф. Пра жаданне, гатоўнасць зрабіць што‑н. Косця рад быў выканаць дзедава даручэнне. Якімовіч. Спевы, грукат перуновы Слухаць буду рад, Толькі не грымі ты, лесе, Грукатам гармат. Русак.

•••

Рад бачыць вас гл. бачыць.

І не рад(ы); (і) сам не рад(ы) — пра чый‑н. жаль, шкадаванне з прычыны таго, што адбылося па яго ініцыятыве, пры яго ўдзеле.

Рад (ці) не рад — паняволі, хочаш не хочаш.

Рад старацца! — а) у дарэвалюцыйнай арміі — салдацкі адказ на пахвалу начальства; б) пра гатоўнасць каго‑н. рабіць што‑н.

Чым багаты, тым і рады гл. багаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.

1. Пачаць бегчы (пра людзей, жывёл). Пабегчы дарогай. Пабегчы па вуліцы. □ Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. Чорны. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег. Бядуля. // Разм. Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Пабегчы ў аптэку. Пабегчы па доктара. □ [Вольга:] Ну, Ганна Іванаўна, вось вам вада, а я пабегла на завод. Кучар. // Пачаць хутка адступаць, уцякаць. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі. Мележ.

2. Пачаць хутка рухацца (пра неадушаўлёныя прадметы, з’явы). Пабеглі языкі агню. Самалёт пабег па полі. □ «Масквіч», скрануўшыся з месца, зноў хутка пабег па вуліцы, абганяючы пешаходаў. Шахавец. // Аб уяўным руху прадметаў, міма якіх чалавек рухаецца сам. Стары падводзіў эшалон да станцыі. Збоку пабег зараснік. Уперадзе, з-за ўзгорка выпаўзалі чырвоныя камніцы станцыі. Мележ. // Працягнуцца, пралегчы (пра дарогу, сцежку і пад.). На карпусы завода, на шашу, якая пабегла адсюль на поўдзень, апала адліга. Грамовіч.

3. З’явіўшыся, узнікшы, пачаць разыходзіцца, цягнуцца, слацца ў нейкім кірунку. Не мінула і хвіліны, як паплавок маёй вуды з сілаю даў нырца. Толькі кругі ад яго пабеглі на чыстай люстраной вадзе. Якімовіч. З-пад крутога борта лодкі раптам пабеглі бурбалкі. Гамолка. // перан. Часта з’яўляцца, змяняючы адна другую (пра думкі). Няхай думкі мае пабягуць чарадой. Колас.

4. Пацячы, паліцца. Ударыў гром і поруч з гэтым Пабег ручай, за ім другі. Лужанін. Ледзь рукою дакрануўся крана — з-пад яго струмень вады пабег... Непачаловіч. // Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако пабегла.

5. перан. Пачаць хутка праходзіць, мінаць (пра час). І так пабеглі гады, адзін за адным. Расце мой сын — як клас, так вяршок. Ракітны.

•••

Мурашкі пабеглі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., каго-што.

1. Зрабіць гнутым, надаць выгляд дугі, вугла. Сагнуць дрот. □ І ўпершыню мой валасаты прашчур Падняўся і сагнуў рагаты сук. Грахоўскі. Даўней грыўню мог [Сямён Ямкавы] сагнуць пальцамі. Чорны. // Зрабіць што‑н. шляхам згінання. Сагнуць дугу. □ Распарыў [Янка] палазы ў печы. Сагнуў, габлюе цэлы дзень. Корбан. // Нахіліць да зямлі. Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх вецце абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк. Калі тонкага дрэва не сагнеш, то тоўстага не адужаеш. Прыказка.

2. Нахіляючыся, выгнуць спіну. Ніжэй сагнулі спіны жнейкі, шыбчэй зашорхалі сярпы. Бядуля.

3. Зрабіць згорбленым, згорбіць. Гэта быў чалавек вышэй сярэдняга росту, гады не высушылі і не сагнулі яго дзябёлую постаць, трымаўся ён проста і хадзіў яшчэ шпарка і ўпэўнена, хоць і абапіраўся на кій. Шамякін. / у безас. ужыв. Вярнуўся Змітрок у Добры Дуб. Дзеці абадраныя, Хрысціна хваравітая, і самога ледзьве не сагнула. Гроднеў.

4. Скласці пад вуглом у суставе (пра канечнасці). — Дык у мяне ж рука — во! — сагнуў у локці руку Сашка. — Праўда ж, моцны я? Даніленка.

5. Пашкодзіць, зрабіць пагнутым. [Бацька] — Каб ты бачыў, сынок, сашнік сагнуў як ёсць, у камень недзе ўправіўшы. Чорны.

6. перан. Зламаць стойкасць, сілу, зрабіць каго‑н. пакорным. Нястача і гора сагнулі яго. □ Нашых плеч не сагнулі Ні замець, Ні снег, Ні скавыш. Глебка. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць, Зламаць, сагнуць. Танк. Не, не стопчуць красы тваёй брудныя боты. Не, народа майго аніхто не сагне! Панчанка.

•••

Сагнуць (скруціць) у бараноў (казіны) рог; сагнуць у дугу; сагнуць у крук; сагнуць у абаранак — уціскам, строгасцю прымусіць каго‑н. пакарыцца, падпарадкавацца.

Сагнуць у тры пагібелі — падвергнуць жорсткай эксплуатацыі, уціску; прымусіць пакарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак. і зак.

1. незак., што. Правяраць стан або якасць чаго‑н. Спрабаваць голас. □ А вунь хлопец спрабуе па пляцы Свой гармонік — які ў яго лад? Прыходзька. Буслы збіраліся ў вялікі гурт і спрабавалі свае крыл[ы]. Чорны. Хлопцы ўжо не проста сядзелі на ўроках у Пятра Сямёнавіча Косткі.., а спрабавалі свае сілы і здольнасці. С. Александровіч. // Мацаць, кратаць, правяраючы што‑н. Глядзіць мінуту і другую. Ды для касы гэтага мала: Спрабуе кіпцем яе джала І спробу робіць над абухам, Тады паверка йдзе ўжо вухам, Ці добра звоніць коска гэта. Колас. // каго. Рабіць выпрабаванне каму‑н., выпрабоўваць, правяраць каго‑н. Першае, што раблю, — спрабую спевакоў. Ёсць сёе-тое, ды не вельмі. Спрабую музыкантаў — граюць! Ракітны. Праўда, Язэп не спрабаваў Стракача ў плузе ці ў баране, але, відаць, ён і ў плузе пайшоў бы не горш, чым у возе. Якімовіч.

2. незак., што. Каштаваць што‑н. [Васіль і Света] стаялі пад вялізнымі чорнымі махінамі капроў, трымалі ў руках чырвона-белыя кавалкі свежага — толькі з зямлі — сільвініту, спрабавалі на смак — яны былі гаркава-салёныя. Кудравец. Сівы млынар — сярпом вусы — На зуб спрабуе зерне. Камейша. // Піць або есці што‑н. — Трохі жэрдачак насячом, а трохі і бярозавага кваску пап’ём, — казаў .. [дзед]. — Ты ў горадзе нават і не спрабаваў бярозавіка. Даніленка.

3. незак. і (радзей) зак., з інф. Рабіць (зрабіць) намаганне выканаць якія‑н. дзеянні, здзейсніць што‑н. Другое медзведзяня адышло ад маткі крокаў на дзесяць і спрабавала ўзлезці на дрэва. В. Вольскі. Драздовіч прайшоў у спальню, лез і спрабаваў заснуць, але сон не браў. Гурскі. Спрабуй, бяскрылы, ўніз зірні! .. Зямля ляціць насустрач шпарка... Як страшна падаць з вышыні! Кляўко. Ермакоў пачырванеў: ён сапраўды спрабаваў пісаць вершы. Даніленка.

4. незак. і (радзей) зак., што. Зведваць (зведаць) што‑н. Не раз спрабаваў турму, а перад вайной саслалі .. [Юрку] надоўга, за забойства... Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Схапіўшы або абхапіўшы рукамі, падняць, падтрымаць. — Ну, а ты, сын? — бацька падхапіў на рукі Даніка. — Чым жа добрым ты парадуеш сям’ю? Даніленка. Ускрыкнула, пахіснулася маці. Падхапілі яе дзеці, пасадзілі на лаўку. Місько.

2. Схапіць у момант палёту, падзення; злавіць. Я, кінуўшы вудзільна, хацеў падхапіць .. [рыбіну] рукамі, але паслізнуўся і потырч паляцеў у ваду. Ляўданскі. Аксана адвярнулася, пазіраючы нібыта ў бок вёскі, слязу няпрошаную хуценька падхапіла хусткай. Кавалёў.

3. Рэзкім, паспешлівым рухам узяць, прыхапіць мімаходам з сабой. Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Мікіта з парогу падхапіў дзяўчыну, закруціўся. Дуброўскі. І калі побач упаў, скошаны варожай куляй таварыш, Павел падхапіў яго вінтоўку і пабег наперад... Кухараў. // перан. Разм. Узяць з сабой у якасці падарожнага. [Мужчына:] — Нідзе не чуваць было, каб хлапчук такі загінуў.. Я ж усё яго шукаў, жывога ці мёртвага. Ёсць яшчэ надзея, што яго маглі падхапіць на сваю машыну чырвонаармейцы. Чорны. // Захапіць сілай руху і пад. Снегавы пыл заблішчаў на сонцы, вецер падхапіў яго, закруціў над платформай і памчаў за вагоны... Савіцкі. Імклівыя воды ракі падхапілі.. [човен] і шпарка панеслі ўніз па цячэнню. Федасеенка.

4. Разм. Набыць, знайсці, займець. Станіслаў дастаў з клунка некалькі кавалкаў беконнай свініны, з прораззю, завэнджанай.. — Дзе ты гэтулькі падхапіў бекону? — здзівіўся Юрчанка. Гурскі. Эміль Клебер.. падхапіў сабе жонку, маладую асобу, але даволі практычную ў справах хатняй гаспадаркі. Чорны. // Атрымаць, схапіць якую‑н. хваробу. — Ну, а ты, навабранец, дзе жаўтуху падхапіў? — звярнуўся .. [доктар] да мяне. С. Александровіч. Паслухаўшы маё цяжкае дыханне,.. [фельчар] здзіўлена запытаўся, дзе я мог падхапіць двухбаковае запаленне лёгкіх. Рамановіч.

5. Прадоўжыць, падтрымаць пачатае другім. Падхапіць пачын. □ Маці параіла зрабіць з савы чучала, і дзеці з радасцю падхапілі гэтую прапанову. Пальчэўскі. Спярша працавалі моўчкі, потым нехта кінуў жарт, яго падхапілі, засмяяліся. Хадкевіч. // Разм. Пераняць, запазычыць што‑н. чужое. [Маладога] слухаюць і патураюць яму.. Нават ужо і слова яго падхапілі, якое ён часта гаворыць. Чорны. [Цэйта] дзесьці падхапіла раманс, якога, здаецца, у мястэчку ніхто не ведаў. Сташэўскі.

6. Пачаць падпяваць. Калі ўваходзілі ў пасёлак, Ніна зноў заспявала.. Мы весела падхапілі песню, і яна паляцела, нібы птушка, у дажджліва-туманныя прасторы. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́к, ‑а; мн. людзі, ‑ей і ў спалучэнні з колькаснымі словамі чалавекі, чалавек, чалавекам, чалавекамі, аб чалавеках; м.

1. Грамадская істота, якая мае высокаарганізаваны мозг, валодае мысленнем, маўленнем, здольнасцю вырабляць прылады працы і мэтанакіравана выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольны свет. За апошнія гады багаты палескі край асабліва шпарка ўдасканальваўся савецкім чалавекам. Чорны. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. Чалавек на зямлі будзе жыць без замкоў, Бо замкі — сваякі збітых рабскіх акоў! Гілевіч. // чаго або які. Асоба як увасабленне пэўных духоўных або фізічных якасцей, уласцівасцей, службовых характарыстык і пад. Добры чалавек. Хворы чалавек. Стары чалавек. Чалавек справы. □ [Конан:] — Замыкаю [лодку] ад ліхога чалавека. Лобан. // Ужываецца ў значэнні займенніка: «ён», «нехта», «той». — Ціха, ціха! — замахаў Аніс шапкай. — Дайце чалавеку сказаць. Дуброўскі. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. // Ужываецца ў спалучэнні з лічэбнікам або прыслоўем для ўказання на колькасць асоб. Паднялі дзесяць чалавек, і Арсень не прамінуў забраць большасць іх у свой узвод, паколькі меў права выбару. Хадкевіч.

2. Разм. Муж; мужчына. Жанчына ведала нораў свайго чалавека: калі яму што ўбілася.. ў галаву, дык лепш не чапай, бо бяды не абярэшся. Сабаленка.

3. Асоба як выражэнне высокіх маральных і інтэлектуальных рыс, духоўных якасцей. — Будзь старанным, сынку, — Станеш чалавекам, Будзеш ты чытаць нам, Цёмнікам, няўмекам. Колас. [Дзядзька Пракоп:] — Ну, як тут мой студэнт? — Нішто сабе, — адказвала настаўніца. — З яго будзе чалавек. Сабаленка.

4. Разм. Слуга ў тракціры, рэстаране. Успамінаецца Ваську не жыццё, а нейкае непаразуменне, быў падкухарам, быў і чалавекам у тракціры, потым неяк здарылася — захляснула Ваську жыццё цёмнай хваляй. Лынькоў.

•••

Неандэртальскі чалавек — тое, што і неандэрталец.

Боскі (божы) чалавек (уст.) — старац.

Добры чалавек — ласкавы зварот да незнаёмага. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер.

Малады чалавек — зварот да маладога мужчыны або мужчыны маладзейшага ўзросту. — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць, — павярнуўся .. [Няслаўскі] да Ігнася. Мурашка.

Наш чалавек — хто‑н. блізкі, свой.

Свой чалавек — роўны каму‑н. па становішчу, аднаго светапогляду; аднадумец, той, якому можна даверыцца.

У рост чалавека гл. рост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)