ра́ды, ‑ая, ‑ае; рад, ‑а.
1. Які перажывае пачуццё радасці, задавальнення. Радая, поўная шчасця, Наталля гаварыла: — Я нават не ўяўляю, як гэта магла б жыць без цябе. Скрыган. Лабановіч шпарка пайшоў .. [Садовічу] насустрач, незвычайна рады нечаканаму спатканню. Колас. І агародаў няма ў гэтых жыльцоў. Пасее сабе пад вокнамі градку [а]гуркоў і рад. Навуменка.
2. у знач. вык. (звычайна кароткая ф.), каму-чаму, з дадан. сказам і без дап. Пра пачуццё радасці, задавальнення, якое перажывае хто‑н. Стол устаўлены багата, Госцю я сардэчна рад. Бялевіч. Дамоў і палацаў кварталы Ўзняліся да самых нябёс. Я рады, што гэткаю стала, Зямля, куды сонца я нёс. Прыходзька. Ён быў страшэнна рад, гэты дзівак Пацяроб, і не мог схаваць свае нядобрае злоснае радасці. Зарэцкі. [Шафёр] рад быў, што памог чалавеку ў бядзе. Да таго ж ён бачыў, што з дзяўчынай нічога небяспечнага няма. Грамовіч.
3. у знач. вык., з інф. Пра жаданне, гатоўнасць зрабіць што‑н. Косця рад быў выканаць дзедава даручэнне. Якімовіч. Спевы, грукат перуновы Слухаць буду рад, Толькі не грымі ты, лесе, Грукатам гармат. Русак.
•••
Рад бачыць вас гл. бачыць.
І не рад(ы); (і) сам не рад(ы) — пра чый‑н. жаль, шкадаванне з прычыны таго, што адбылося па яго ініцыятыве, пры яго ўдзеле.
Рад (ці) не рад — паняволі, хочаш не хочаш.
Рад старацца! — а) у дарэвалюцыйнай арміі — салдацкі адказ на пахвалу начальства; б) пра гатоўнасць каго‑н. рабіць што‑н.
Чым багаты, тым і рады гл. багаты.