уе́сціся 1, уесца; уядуцца; пр. уеўся, уелася; зак.

1. Глыбока пранікнуць, упіцца ў што‑н. (пра фарбу, пыл і пад.). У натруджаныя рукі Антона Пятровіча ўеліся драбнюсенькія пылінкі металу. Даніленка. У лазні Сымон старанна мыў рукі, бо ў іх яшчэ ў першы дзень работы ўелася смала. Чарнышэвіч. Сухі пыл уеўся за дзень у твар, укрыў плечы. Пташнікаў. // перан. Глыбока ўкараніцца. Уеліся прафесійныя звычкі. // перан. Разм. Вельмі захапіцца чым‑н., глыбока ўнікнуць у што‑н. Уесціся ў работу. □ Два вяскоўцы ля акна ўеліся ў карту. Шынклер. Бацька мой, патроху, вельмі ў чытанне ўеўся. Гарэцкі.

2. Урэзацца, упіцца; угрызціся. Моцна скруцілі Міколку рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Лынькоў. Піла хутка ўелася ў мякіш сасновай кары. Галавач. Шчоўкнула, уелася ў грудзі Кароткая чарга!.. Лойка.

3. перан. Разм. Надоўга застацца ў памяці, сэрцы і пад. Звон ходзікаў на ўсё жыццё ўеўся ў памяць Аксёну. Дуброўскі.

•••

Уесціся ў косці (пячонкі) — вельмі надаесці, апрацівець.

уе́сціся 2, уемся, уясіся, уесца; уядзімся, уясцеся, уядуцца, пр. уеўся, уелася; зак.

Разм.

1. Прывыкнуць да якой‑н. стравы, корму; пачаць добра есці.

2. (часцей з адмоўем «не»). Наесціся (пра што‑н. вельмі смачнае). Аздоблен квас быў і грыбамі, Выключна ўсё баравічкамі; Цыбуля, перчык, ліст бабковы — Ну, не ўясіс[я]!.. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хада́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хадзіць — ісці (у 1 знач.). Доўгая і трудная хада без дарог па лесе прытаміла дзеда Талаша. Колас. [Гарлахвацкі:] Апіралася гэтая жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры. Крапіва.

2. Уласцівая каму‑н. манера хадзіць; паходка. Хоць дзяўчына была далекавата, .. [Леанід] пазнаў: гэта Алечка! Пазнаў па лёгкай постаці, па хадзе, сціплай, строгай. Мележ. Голас. [Аўдолі] быў грубы, уладарны, хада размашыстая, як у салдата, і смешна было глядзець, калі яна сваімі кароткімі ножкамі адмервае шырачэзныя крокі. Чарнышэвіч. // (звычайна са словамі «прыспешыць», «паскорыць», «прыбавіць», «прыцішыць» і пад.). Тэмп такога перамяшчэння. Андрэй падумаў, што, мусіць, спяшыць, і прыцішыў хаду. Пташнікаў. // Характар такога перамяшчэння. [Бабрыцкі] выпацкаўся ў торф да калень, замачыў ногі, пад вечар стаміўся і ішоў цяжкай хадою. Дуброўскі. Сымон абагнаў Сцёпку і таропкаю хадою пашыбаваў у бок царквы. П. Ткачоў. Хада.. [рысі] была цяжкая і марудная, яна ледзь рухалася ад сытасці і, відаць, не хацела ці не магла ўступаць у бойку. В. Вольскі.

3. перан. Развіццё, цячэнне чаго‑н. Калонай роўнаю ідуць за днямі дні. Якая стройная хада падзей! Глебка. І хоць Люда сядзела ў пакоі, яна выразна чула гэты вясновы гоман палёў, непераможную хаду вясны па зямлі. Хадкевіч.

•••

Сваёй хадой — тое, што і сваім ходам (гл. ход). Жыццё прывыкла да парадку. Яно сваёй хадой ідзе. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наза́д, прысл. і прыназ.

1. прысл. У напрамку, процілеглым першапачатковаму руху; у адваротным напрамку; проціл. уперад. Ехаць назад. □ Стафанковіч зрабіў два крокі назад. Чорны. Варочацца назад было позна. Якімовіч. // Ужываецца як загад, каманда, вокліч. Раздаўся злосны воклік і стук вінтоўкі: — Назад! Лынькоў.

2. прысл. У напрамку да задняга боку чаго‑н., у адваротны бок; проціл. наперад. Азірнуцца назад. □ Моцна скруцілі [жандары] Міколку рукі назад. Лынькоў. «І г-э-э-эй ты, наша жыццё зло-оо-е!» — Міхась у лесе песню цягне і тахты стрэльбай выбівае. Назад, наперад выкідае. Колас. // перан. У мінулае, у тое, што было. І я ў астатнім падарожжы Гляджу са скрухаю назад. Колас.

3. прысл. На ранейшае месца, у ранейшае становішча. Занясі вядро назад у хату. Аддай назад кнігу. Узяць назад сваё абяцанне. □ Людзі мітусіліся ля дамоў, уцягваючы назад розныя рэчы свайго набытку, вынесеныя, відаць, у часе пажару. Лынькоў.

4. прыназ. з В. Спалучэнне з прыназ. «назад» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні адрэзку часу, які аддзяляе якую‑н. з’яву ад моманту паведамлення аб ёй. Роўна год назад была навальніца. □ Сымон паспрабаваў уявіць сабе той лес, што рос тут многа гадоў назад. Чарнышэвіч. // У спалучэнні са словамі «таму», «гэтаму». Было гэта больш месяца таму назад, у школе. Брыль. Назад, таму, здаецца, чвэртка веку І мне было таксама тры гады. Панчанка.

•••

Браць (узяць) слова назад гл. браць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. што. Расцягваючы, зрабіць тугім, напяць. Нацягнуць трос. □ Конь ірвануў і раптам... выскачыў з аглобляў, нацягнуўшы лейцы, якія былі закручаны за драбіны. Шамякін. // Распрамляючы, прымацаваць да чаго‑н. Нацягнуць антэну. Нацягнуць палатку.

2. што. Адзець (абуць) што‑н. з цяжкасцю або адзець (абуць) што‑н. наогул. Сандалікі былі .. [Сярожку] малыя, але ён усё ж здолеў нацягнуць іх на ногі. Васілёнак. Нацягнулі мы белыя маскхалаты, завязалі вушанкі і сіганулі ў завіруху. Мыслівец. // Накрыцца, нацягнуўшы на сябе што‑н. Калі братавы крокі сціхлі, Павал лёг і нацягнуў на галаву кажух. Галавач. Хвіліну памаўчаўшы [дзядзька Харытон] нацягнуў на сябе дзяружку, заплюшчыў вочы — відаць, пачаў думаць аб нечым сваім. Бажко.

3. чаго. Прыцягнуць, прынесці ў якой‑н. колькасці. У тую ж хвіліну некалькі чалавек пайшло па дровы. Неўзабаве яны нацягнулі цэлую кучу галля. Сіняўскі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настояцца; заварыцца. [Сабастыян:] — Няхай.. [лякарства] яшчэ дзень пастаіць, перамяшаецца, нацягне, састоіцца як мае быць, а тады налівай сабе на далоню і вышмароўвай нагу. Чорны.

5. перан.; што і без дап. Разм. Давесці што‑н. да нормы, да пэўнай ступені (пра выпрацоўку, выдаткі і пад.). Сымон Васільевіч сказаў настаўнікам: — гэтую [прапушчаную] гадзіну як-небудзь нацягнем, а так яна зусім прападзе, а вучням сапсуем свята. Дубоўка. // Завысіць што‑н. (адзнаку, паказчык і пад.). Нацягнуць ацэнку.

6. пераважна безас. чаго і без дап. Разм. Нагнаць ветрам; закрыць, завалачы чым‑н. Нацягнула аднекуль дыму. □ [Яўмен:] — Нешта парыць, хаця б дажджу не нацягнула... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праца; пр. прыпёр, ‑перла; зак.

1. каго-што. Напіраючы, прыціснуць да каго‑, чаго‑н. [Старац] падкруціў струны, прыпёр скрыпку да жывата і даў.. смыка па струнах. Чорны. Зноў мяне адціснулі ў куток, прыперлі да печкі. Грамовіч. // Загнаць да самай перашкоды, у месца, адкуль няма куды адступаць. Аказалася, што бой быў у хаце, і Сымон прыпёр Міколу ў куток. Колас. Не паддаваўся конь, а пасля прыпёр яго Саўка да самай рэчкі ў куток балота. Чорны. // перан. Паставіць у безвыходнае становішча. А цяпер прыперла Яначку вясна — ніяк не выкруцішся. Крапіва. — Ты б, скажам, да мяне прыйшоў, я — да цябе, дык не! Як прыпрэ што-небудзь, тады бяжыш да суседа. Чарнышэвіч.

2. каго-што. Разм. груб. Прынесці, прывезці, даставіць. [Ілья:] — Вечарам я табе прыпру цэлы пуд рыбы. Васілёнак. Пакуль бабёр паэму разглядаў, Вол зноў прынёс паэму, верш і доніс. А дні праз два — тры нарысы прыпёр. Корбан. — Дроў табе — дзве машыны прыпру! Ракітны.

3. Разм. груб. Прыйсці, прыбыць. — Не мог ты паўгадзіны ў царкве пабыць, памаліцца? Дык ты скарэй на балота, да чарцей пабег, а цяпер.. прычашчацца прыпёр? Не буду прычашчаць! — прамовіў а. Мадэст і павярнуўся з чашаю ўбок. Колас. // Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці.

4. безас. Разм. груб. Вельмі захацецца; тэрмінова спатрэбіцца. — Так пільна прыперла са мною раіцца? Няма хіба з кім? — і Макар пакрыўджана ўсміхнуўся. Дуброўскі.

•••

Прыперці да сцяны (сценкі) каго — пазбавіць магчымасці адмаўляцца, адпірацца. [Поля:] — Перш рэплікі кідаў, а потым змоўк. Прыперлі да сцяны. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Блукаць, хадзіць без пэўнай мэты; бадзяцца. Быў і яшчэ адзін чалавек, які ў нядзельныя дні не сядзеў у бараку, а ўсё хадзіў, туляўся па ферме. Сачанка. // Знаходзіцца дзе‑н., хаваючыся ад каго‑, чаго‑н. Многа яшчэ дзён туляўся .. [Адам] паблізу свайго дома, але ні разу не зайшоў пабачыцца з бацькам. Чорны. // Пазбягаць сустрэчы з кім‑н. [Загадчык гаража:] — Скажы [Надзя] проста, што не хочаш, са мною сустракацца, туляешся ад мяне. Кулакоўскі. Дзікім загнаным зверам туляўся .. [чалавек] па глухіх кутках, дзе можна было ўнікнуць непажаданых сустрэч. Ваданосаў. [Маці:] — Ты чаго ж гэта, нягоднік, абняславіў дзяўчыну, а цяпер туляешся па завуголлю, другой галаву чмуціш? Васілевіч. // Ухіляцца ад чаго‑н., быць незанятым чым‑н. — А што? — трохі збянтэжыўся гэтай грубасцю студэнт. [Дзядзька Антось:] — Як гэта — што? Людзі робяць, а ён туляецца, круціць. Прывык сабе на дурнічку. Брыль. Адзін толькі Яхім Суднік туляўся ад усяго новага і глядзеў на ўсё скоса і падазрона. Колас. [Штрыпке:] — Загадайце, каб .. [Верабей] адшукаў усіх, хто яшчэ туляецца недзе без справы. Лынькоў. [Сакратар партячэйкі:] — Дык ты, Антось, не туляйся там, а выйдзі наперад ды і скажы, што маеш. Калюга.

2. Быць бяздомным, беспрытульным. [Балатніцкі:] — Трэба думаць не толькі пра сваіх дзяцей, але і пра другіх. Бачыў, колькі босай, галоднай дзетвары туляецца па лесе. Гурскі. Ля крам туляюцца галодныя, рабрыстыя сабакі. Гарэцкі. // Быць адзінокім. Рамір дастаў пачак папярос, закурыў: — Разумееш, абрыдла аднаму туляцца. Асіпенка. Сымон Карызна прыехаў у раён змрочны, пахмуры і праз увесь час, пакуль не пачалося пасяджэнне райкома, туляўся ў баку ад усіх. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Упасці за што‑н. Кніга завалілася за шафу. □ Адзін пялёстак сарваўся з агністай кветкі, упаў Яську ў правы лапаць і заваліўся за анучу. С. Александровіч. // Згубіцца, упаўшы за што‑н., куды‑н. [Любка] то шукала яшчэ аднаго нажа, які недзе заваліўся, то дасыпала солі на сподак. Дамашэвіч. // Абл. Зваліцца, уваліцца куды‑н. У рашучы момант конь.. недалужна згайдануўся, нырнуў і заваліўся пярэднімі нагамі ў яму, прысыпаную снегам. Колас.

2. Паваліцца, абваліцца, абрушыцца. — Гнілое ты не падпірай, яно заваліцца ўсё роўна. Дубоўка. — Мама, — пераконвала Марына, — заваліцца яшчэ столь і нас з табой прыцісне. Б. Стральцоў. А цяпер яна, студня тая, завалілася. Дрэва хоць і камянее ў сырой зямлі, а ўсё роўна гніе памаленьку. Пташнікаў. / Разм. Упасці, не ўстояўшы на нагах. Азін немец.. піхнуў [маці] карабінам у грудзі так, што яна аж завалілася. Гарэцкі.

3. Разм. Улегчыся, залегчы. — Тут, пан мой, паненкі адны сядзяць, а ён спаць заваліўся, — адчытваў Лабановіча вясёлы падлоўчы. Колас. Сымон заваліўся на ложак і праспаў да самага вечара. Чарнышэвіч.

4. Разм. Бесцырымонна зайсці, заявіццца куды‑н. Калі Бешчат.. памкнуўся зашторваць акно, да яго ў бар нечакана заваліўся пан Томчак. Бажко.

5. чым. Разм. Атрымаць многа чаго‑н. Паходню няма чаго бунтаваць. Яны сёлета заваляцца хлебам. Хадкевіч.

6. Аказацца заваленым, загрувашчаным чым‑н. І ўжо ніколі не зарасце гэтая сцежка мохам ці травою, не заваліцца ламаччам. Кулакоўскі.

•••

Хоць заваліся — пра поўны дастатак, мноства чаго‑н. — Лёгка цяпер вучыцца дзецям. Кніжак — колькі хочаш, паперы і сшыткаў — хоць заваліся, настаўнікі — усе з вышэйшай адукацыяй. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́ць, скую, скуеш, скуе; скуём, скуяде; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. каваннем; выкаваць. — Скуй мне, золатка, сякеру: Загартуй і навастры. Жычка.

2. Злучыць разам пры дапамозе кавання. Скаваць звенні ланцуга. // перан. Зблізіць, згуртаваць.

3. Надзець кайданы, аковы на каго‑, што‑н. [Дзед:] — І скавалі .. [паны] унучачка, дзеда ланцугамі, і пагналі ажно ў Вільню. Брыль. / у перан. ужыв. І Свіслач, прадчуваючы, што скора Яе скуюць гранітам берагоў, Б’е хваляй, устрывожанай і чорнай, У фермы перакінутых мастоў. Танк. // Злучыць кайданамі з кім‑н. Андрэя скавалі з Дзямянам Гараглядам. Пестрак.

4. перан. Пазбавіць або абмежаваць магчымасць рухацца; пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах. Але вада была яшчэ ледзяная, скавала ў.. [Людвіка] ўсё цела. Кулакоўскі. [Варка:] — Скаваў мяне страх, не магу з месца скрануцца. Асіпенка. Васіль Зарэвіч не мог крануцца, так яго скаваў боль. Грамовіч. // Пазбавіць магчымасці дзейнічаць; пазбавіць волі, лёгкасці ў дзеяннях. І стогн.. [суседа], жывы чалавечы стогн, раптам скаваў мой язык, звязаў мае словы, занесеныя для ўдару. Васілевіч. [Зарына:] Цяжка мне. Гора думкі скавала... Бачыла. Змрочнае захапленне і даўкая трывога скавалі маю сілу і рашучасць. Савіцкі. // Давесці да стану нерухомасці, анямення. Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. Гарэцкі. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела. Шамякін.

5. Пазбавіць (праціўніка) магчымасці дзейнічаць свабодна, актыўна. Раптоўны і моцны агонь партызан скаваў гітлераўцаў. Шахавец. — Ваша задача, — звяртаючыся да Міхася Грахоўскага, сказаў Сымон Валатніцкі, — скаваць праціўніка, прыкрыць наш адыход і даць мажлівасць вывесці з-пад удару мірных людзей. Гурскі.

6. перан. Зрабіць цвёрдым, замарозіўшы; накрыць лёдам (раку, возера і пад.). Першы марозік моцна скаваў зямлю. С. Александровіч. / у безас. ужыв. А зямлю ледзь не на метр марозам скавала. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Шмыгнуць, пабегчы, кінуцца куды‑н. Адзін толькі Кандрат заўважыў, як Андрушка шуснуў за дзверы. Лобан. Сымон.. шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай. Караткевіч. // Хутка залезці куды‑н., схавацца пад чым‑н., дзе‑н. Шуснуць у ложак. □ Тут якраз за дзвярыма пачуўся дзедаў голас, і Косцік шуснуў назад пад дзяружку. С. Александровіч.

2. Саскочыць, зваліцца адкуль‑н. — Я зноў скачу першым! — крыкнуў Юзік і шуснуў уніз. Даніленка. Бондар не бачыў, як шуснула ў адхон Надзя, як упаў, зрашэчаны кулямі, машыніст. Навуменка.

3. Нечакана, імгненна праваліцца, упасці куды‑н. Кінуў я сваю вуду і бягом на выручку. Але пакуль дабег, мой сябар спатыкнуўся і шуснуў амаль па самыя пахі ў ваду. Ляўданскі. Лёд праламаўся, і я шуснуў пад яго. Скрыган.

4. Хутка, з сілай выліць што‑н. вадкае. Ухапіў [Віктар] у сенцах вядро халоднае вадзіцы, выскачыў на двор, азірнуўся і шуснуў на сябе. Сташэўскі. // Раптам паліцца, выліцца, пасыпацца. У тую ж секунду на .. [Віцю] шуснула гарачая вада. Яна заліла нос, вушы, вочы. Нядзведскі. Шуснуў дождж, серабро ручаінаў Зазвінела на сотні ладоў. Лойка.

5. Імкліва, хутка ўзняцца, падняцца; узляцець уверх. Адразу шуснулі ўгару сотні абсівераных чырвоных рук і пакацілася гамана. Грахоўскі.

6. Утварыць лёгкі шум, шолах. Раз толькі, далёка недзе, шуснулі галіны, быццам нехта аступіўся. Караткевіч. У гэты момант нешта шуснула ў каноплях і над самымі галовамі Бегуна і Хацяноўскага празвінела важкая і замашная жалезіна. Кулакоўскі.

7. што. З размаху, з сілай высыпаць што‑н. [Галя] набрала ў лапату пяску і, як толькі вогненны коўш апусціўся, шуснула ў яго пясок. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гну́цца, гнуся, гнешся, гнецца; гнёмся, гняцеся; незак.

1. Прымаць дугападобную выгнутую форму; згінацца. Дубовыя вёслы аж гнуліся ад напору тугой вады. Ваданосаў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога.. гнуліся пад нагамі. Чорны. // Згінаць спіну, шыю. [Кум] гнуўся, несучы на спіне.. мяшок. Чорны. // Схіляцца ўніз, прыгінацца да каго‑, чаго‑н. (пра дрэвы, галіны і пад.). Веюць ветры, веюць буйныя, Долу гнуцца клёны. З нар. Як я полем іду, гнецца колас ка мне. Купала. // перан. Траціць стойкасць, паддавацца чыёй‑н. сіле, націску. Каланіялізм ужо трашчыць, хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». Я — мужык, а гонар маю, Гнуся, але да пары. Колас.

2. Быць гнуткім, мець уласцівасць згінацца (пра рэчывы). Жалеза гнецца, а сталь ломіцца. // Мець здольнасць рухацца, згінацца ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Ногі не гнуцца. □ Калі Сымон сеў за стол, далоні яго не хацелі гнуцца, адзеравянелі ад сякеры. Чарнышэвіч.

3. Разм. Скупіцца. Гніся, бацька, ці не гніся, а за кішэню бярыся. Прыказка.

4. Абл. Курчыцца (ад холаду). Ляснік у будцы сваёй гнуўся, Хоць да агню ён больш гарнуўся. Колас.

5. Зал. да гнуць (у 1 знач.).

•••

Аж нос гнецца у каго гл. нос.

Гнуцца крукам; гнуцца ў крук — а) многа і цяжка працаваць. Бацька гнуўся крукам, Уставаў з гарой. Бядуля. Над палоскай вузенькай, гарбатай Пакаленні гнуліся ў крук, А цяпер Абноўленыя хаты Спатыкаюць ясную зару. Лявонны; б) перан.; перад кім выказваць паслушэнства, угодлівасць. Крукам гнуўся перад панам, Уздыхаў нясмела, Катавалі батагамі Юнацкае цела. Купала.

Гнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіляцца, згінацца; б) перан. празмерна ўгоднічаць. — Падхалім, калі чалавек у славе, перад ім гнецца ў тры пагібелі, а калі што якое, — перабягае на другі бок вуліцы, каб не спаткацца. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)