во́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.

1. Сукупнасць практычна набытых навыкаў, ведаў. Вытворчы перадавы вопыт. Абмен вопытам. □ [Яўген:] — Папрацуеш, набярэшся вопыту, лягчэй будзе і вучыцца потым. Карпаў. Можна было спрачацца, даказваць. Але ў Булая быў вопыт, а ў Алеся толькі ўпэўненасць, якая пакуль што грунтавалася на адной інтуіцыі. Шыцік. // Тое, што было зведана на практыцы, у жыцці, з чым даводзілася сустракацца. Ведаць з уласнага вопыту. □ Вопыт рэвалюцыйнага руху апошніх гадоў наглядна паказаў: калі ўзнікае рэальная пагроза панаванню манапалістычнага капіталу і яго палітычных стаўленікаў, імперыялізм ідзе на ўсё, адкідваючы ўсякую бачнасць якой бы там ні было дэмакратыі. Брэжнеў.

2. У матэрыялістычнай філасофіі — сукупнасць пачуццёвых успрыманняў, набытых у працэсе ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем. Яны [махісты] упадаюць у сапраўдны містыцызм, дапускаючы нешта тагасветнае, якое стаіць за межамі «вопыту» і пазнання. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́нуць, -ну, -неш, -не; кінь; -нуты; зак.

1. каго-што і чым. Штуршком рукі (рук) прымусіць што-н. ляцець (упасці).

К. камень.

К. снежкай у каго-н.

2. што. Тое, што і выкінуць (у 1 знач.).

3. перан., каго-што. Хутка перамясціць, накіраваць, паслаць куды-н.

К. атрад на выкананне задання.

4. Зірнуць, хутка паглядзець (у спалучэнні са словамі «погляд», «позірк»).

К. позірк на каго-, што-н.

5. Сказаць, выказаць што-н. рэзка, нечакана; звярнуцца да каго-н.

К. кпіну.

К. заўвагу.

6. каго-што і інф. Пайсці ад каго-, чаго-н.; пакінуць.

Кажуць, ён кінуў жонку.

7. Перастаць рабіць што-н., займацца чым-н.

К. курыць.

К. вучобу.

8. што. Працягнуць ніткі праз бёрда (спец.).

К. у бёрда.

9. безас., каго-што ў што. Ахапіць, працяць чым-н.

К. у гарачку.

К. у сон.

10. заг. кінь(це), таксама з інф. Ужыв. ў знач. спыні(це), не трэба, хопіць (разм.).

Кіньце спрачацца!

|| незак. кі́даць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. кіда́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Насты́рны ’ўпарты, настойлівы’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’упарты, задзірысты’ (ТС), nastyrniony ’тс’ (Пятк. 2), сюды ж настыра́цца ’псаваць адносіны, задзірацца’ (ТС, Жд. 2), nastyrniàcsa ’задзірацца’ (Пятк. 2), насты́рыцца ’завесціся, пасварыцца’ (ТС), параўн. укр. насти́рний ’надаедлівы’, рус. насты́рный ’назойлівы, нахабны’, славен. nástoren ’упарты, надаедлівы, злы’. Відаць, звязана чаргаваннем галосных таксама з балг. дыял. наста́рам са, насто́ра са ’падбухторваць, паклёпнічаць, псаваць адносіны’, серб.-харв. nastoriti ’адчуваць агіду’, якія разам з серб.-харв. nástor ’нянавісць, злосць’, славен. nástor ’упартасць, варожасць’ узводзяць да *na‑sъ‑tor‑ ад прасл. *terti, *tьrǫ, гл. церці (Варбат, Слав. языкозн., 1973, 98; Морфонологические и словообр. аспекты реконстр. и этимологизации праслав. лексики. АДД. М., 1980, 14); адносна чаргавання галосных параўн. це́рціся і ты́рыцца ’ацірацца’ (Нас.). Сюды ж, відаць, і рус. сты́рить ’дражніць; сварыцца; спрачацца, упарціцца і інш.’, паводле Фасмера (3, 789), няяснага паходжання, якое, аднак, чаргаваннем галосных можа быць звязана з паўднёваславянскімі формамі і польск. storzyć ’хваліцца, ганарыцца, задавацца’ (Брукнер, 517, да *stor‑, *ster‑, параўн. старана́, распасце́рці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бра́цца, бяру́ся, бярэ́шся, бярэ́цца; бяро́мся, бераце́ся, бяру́цца; бяры́ся; незак.

1. за каго-што. Хапацца рукамі за які-н. прадмет або за каго-н.

Б. за рукі.

2. за што. Пачынаць работу, якую-н. дзейнасць прыладай працы, зброяй.

Б. за граблі.

3. за што. Прыступаць да якой-н. справы, распачынаць дзейнасць.

Б. за вучобу.

4. за каго-што. Прымаць меры ўздзеяння ў адносінах да каго-, чаго-н. (разм.).

Б. за парушальнікаў працоўнай дысцыпліны.

Б. за дысцыпліну.

5. з інф. Прымаць на сябе абавязацельствы выканаць што-н.

Б. адрамантаваць жняярку.

6. Пачынацца, наставаць (пра з’явы прыроды).

Бярэцца на мароз.

7. Лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу).

Шчупак на хлеб не бярэцца.

8. Ліпнуць, прыставаць да каго-, чаго-н.

Гразь бярэцца за боты.

9. Расці, набірацца сілы (разм.).

Нядаўна палолі, а пустазелле зноў бярэцца.

Брацца за гуж (разм.) — пачынаць якую-н. сур’ёзную справу.

Брацца за розум (разм.) — рабіцца разважлівым, станавіцца на правільны шлях.

Брацца ў рожкі (разм.) — выяўляючы сваю самастойнасць, задзірацца, спрачацца.

|| зак. узя́цца, вазьму́ся, во́зьмешся, во́зьмецца; во́зьмемся, во́зьмецеся, во́зьмуцца; узя́ўся, узяла́ся, -ло́ся, -лі́ся; вазьмі́ся.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ва́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

Разм. Сварыцца, лаяцца, спрачацца з кім‑н. Хоць віном, а не вадзіцай Поіш мяне, сваціца, — Не хачу з табой вадзіцца, Бо ты любіш вадзіцца. Гілевіч.

вадзі́цца, ваджу́ся, во́дзішся, во́дзіцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць, жыць (пра жывёл, птушак і пад.). Вадзіліся ў гэтым лесе мядзведзі, ласі і нават такі драпежны звер, як рысь. Лупсякоў. На гарышчы валаснога будынка вадзілася многа кажаноў. Лобан. // Быць у наяўнасці. У хаце не толькі не вадзіўся хлеб, але гадамі не было солі. Дуброўскі.

2. безас. Быць звычаем, правілам. [Суседка] прынесла паўбохана.. хлеба і для прыстойнасці, як гэта водзіцца ў час праводзін, засталася ў хаце. Ракітны.

3. з кім. Разм. Мець справу, сябраваць. [Маці:] — Васіль абы каго не пашле. Васіль абы з кім вадзіцца не будзе... Няхай.

4. Разм. Доўга і беспаспяхова змагацца з кім‑н. Вось-вось-вось ён ляжа, здэцца, Але пнецца — не здаецца. Так вадзіліся яны Цэлу ноч, як певуны. Крапіва. [Пятрок і Кузьма] браліся загрудкі, доўга вадзіліся, саплі і, нарэшце, так і разыходзіліся. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з-за, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «з-за» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні напрамку руху ці дзеяння адкуль‑н., з чаго‑н., з процілеглага боку чаго‑н. Сонца ўзнялося з-за лесу. Выняць рукавіцы з-за пояса. Гукаць з-за дзвярэй. Дом віднеецца з-за агароджы. □ З-за сцэны даносіўся рознагалосы шум. Асіпенка. Марудна з-за кустоў маліны Выходзіць буры малады мядзведзь. Багдановіч.

2. Ужываецца пры абазначэнні руху ад таго прадмета, за якім хто‑н. знаходзіўся. Перакусіўшы, Рыгор вылез з-за стала і выйшаў з хаты. Гартны.

Прычынныя адносіны

3. Ужываецца пры ўказанні на прычыну або падставу дзеяння. Спрачацца з-за дробязей. □ — Табе трэба былі гэтыя ваўкі, — упікнула жонка Лявона, упэўненая, што дзед прастудзіўся толькі з-за аблавы на ваўкоў. Ермаловіч. // Ужываецца пры ўказанні на асобу, якая з’яўляецца прычынай чаго‑н. З-за яго столькі непрыемнасцей. □ — Чытай, чытай! — сказаў малому Багдан. — Не пакідай кніжку з-за мяне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Журы́цца ’сумаваць’, журы́ць ’дакараць’, журлівы. Рус. жури́ть, дыял. жури́ться ’тс’, укр. жури́ти ’выклікаць сум’, рэдк. ’дакараць’, жури́тися ’сумаваць’, журли́вий, ст.-польск. żurzyć się ’гневацца, злавацца’, польск. дыял. żurzyć sięспрачацца’, чэш. žúřit ’гневацца, сварыцца’, славац. žuriť ’сварыцца, дакараць’, н.-луж. žuriś ’рабіцца злым’, žuriś se ’кіснуць, злавацца, гневацца’, славен. žúriti1 ’застаўляць’, žúriti se ’паспяшаць, старацца’, žúriti2 ’ачышчаць ад скуры’, серб.-харв. жу́рити ’падганяць’. Ст.-рус. журити ’дакараць’ (з 1673 г.). Фасмер (2, 68), Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1970, 3, 145) прымаюць думку Развадоўскага (Wybór, 2, 172) пра сувязь журыцца з серб.-харв. гу́рати ’пхаць’, славен. gúrati ’напружваць, мучыць’. Развадоўскі лічыць роднасным гоц. gáurjan ’рабіць смутным’ і ўзводзіць да і.-е. *geur‑. Магчыма лічыць, што гэта той жа корань, што ў слове жураць ’тлець’ (гл.). Сувязь ’гаварыць’ — ’гарэць’ вядомая і для іншых выпадкаў, а Краўчук (Зб. Крапіве, 195–196) адзначыў яе для пары балг. жевря се ’хныкаць, выпрошваць’, укр. жевріти ’тлець’, якая суадносіцца па кораню з журыццажураць. Журыць азначала першапачаткова моўную дзейнасць, а сувязь ’гарэць — паліць — пячы’ з ’дакараць’ — ’сумаваць’ адлюстроўваецца і ў іншых выпадках. Супрун, Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 76–78; Непакупны, Балтійскі родичі слов’ян, 1979, 100–101. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 68; Праабражэнскі, 1, 238–239; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 229; Пятлёва, Этимология, 1967, 178; Младэнаў, ГСУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 61–62.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адбі́ць, адаб’ю́, адаб’е́ш, адаб’е́, адаб’ём, адаб’яце́, адаб’ю́ць; адбі́; адбі́ты; зак.

1. што. Адламаць, аддзяліць, адкалоць, адшчапіць, адарваць, адкрышыць ударам.

А. ручку кубка.

А. дошку.

2. што. Адкінуць сустрэчным ударам.

А. мяч рукою.

А. атаку.

3. перан., што. Адказваючы на абвінавачанні, прыдзіркі і пад., абвергнуць іх.

А. нападкі крытыканаў.

4. каго-што. Вярнуць сабе сілаю, з боем.

А. горад.

5. каго-што. Прыцягнуць, прывабіць да сябе, аддаліўшы ад другога (разм.).

А. чужога мужа.

А. пакупнікоў.

6. перан., што. Прымусіць баяцца што-н. рабіць; знішчаць, адабраць (памяць, жаданне і пад.; разм.).

А. ахвоту спрачацца.

Гора адбіла памяць.

7. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што. Адлюстраваць чый-н. вобраз (пра гладкую, бліскучую паверхню).

Люстра адбіла малады яшчэ твар жанчыны.

8. каго-што. Адлюстраваць, паказаць у вобразах.

А. жыццё ў мастацтве.

9. што. Абазначыць ударамі, звонам і пад.; выстукаць рытмічнымі ўдарамі

А. такт рукой.

Гадзіннік адбіў дванаццаць.

А. тэлеграму (паслаць; разм.).

10. што. Ударам пашкодзіць што-н., зрабіць балючым.

А. печань.

А. далоні.

11. што. Навастрыць, выраўнаваць лязо касы і пад., б’ючы малатком.

А. касу.

12. што. Размякчыць ударамі.

А. мяса.

13. што. Памераўшы, выдзеліць участак чаго-н.; аддзяліць, перагарадзіўшы.

А. участак пашы.

|| незак. адбіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; наз. адбіва́нне, -я, н. і адбіццё, -я́, н. (да 2 і 3 знач.).

|| наз. адбі́ўка, -і, ДМ -біўцы, ж. (да 9—11 знач.), адбо́й, -ю, м. (да 2 знач.; спец.) і адбо́йка, -і, ДМо́йцы, ж. (да 1 знач.; спец.).

Адбіўка касы́.

Адбой мяча рукой.

Адбойка вугалю ў забоі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ту́заць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘біць, калаціць, трэсці’, ‘рваць (пра вецер)’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’, ‘рытмічна торгаць (пра боль)’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Шат., Яруш., Чач., Др.-Падб., Сержп. Прымхі, Скарбы₂, Сл. Брэс.), ‘мучыць, мардаваць’ (Ласт.), ‘ванітаваць, нудзіць’ (ТСБМ; лаг., Гіл.; пух., навагр., Сл. ПЗБ); ‘выпростваць мокрую аснову пасля апрацоўкі лугам’ (в.-дзв., Шатал.), ту́заты ‘расцягваць (воўну)’ (пін., Сл. Брэс.), ‘торгаць’ (Клім.), ‘торгаць, балець (пра рану, зуб)’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тузну́ты, тузыну́ты ‘таргануць, тузануць’ (драг, Нар. лекс.), ту́знуць ‘тузануць’ (ТС), тузну́ць ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тузяну́ць ‘торгаць, асабліва пры бойцы’ (Шат.), ту́зацца ‘рабіць хуткія, рэзкія рухі, рыўкі’, ‘уздрыгваць’, ‘штурхаць адзін аднаго, піхацца, біцца, змагацца’, ‘дужацца’, ‘важдацца з кім-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Чач., Касп., Байк. і Некр.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), ‘вырывацца’ (Варл.), туза́ць ‘мардаваць, лаяць’ (Нас.), туза́тыся ‘штурхацца’ (кам., ЛА, 2); сюды ж туза́ла, туза́н ‘удзельнік бойкі’ (Байк. і Некр.), ту́занне, тузаніна ‘валтузня, важданне’ (там жа), ‘клопат, неспакой’ (Варл.). Укр. ту́зати, туза́ти ‘штурхаць, біць’, ту́затися, тузи́ти ‘бароцца, спрачацца’, ‘штурхацца’, туса́ти ‘штурхаць, таўчы’, рус. тузи́ть ‘біць кулакамі’, н.-луж. tuskaś ‘штурхаць’, tusnuś, tłusnuś ‘тс’, ‘трэсці’, ‘ціснуць, мяць’, польск. tuzać, tuzować ‘біць’, ‘лаяць’, ‘разбіваць (ворага)’. Дапускаюць паходжанне лексемы з туз1 — ‘біць казырным тузом, хадзіць з козыра’ (Фасмер, 4, 115; Брукнер, 585). Больш імаверна імітатыўнае паходжанне (Арол, 4, 114), параўн. тузгаць, турзаць (гл.), літ. tūzgénti ‘грукаць, лопаць з глухім гулам’. Сюды ж экспр. тузо́къць ‘тузаць’ (мёрск., Нар. сл.), тузь — пра шморганне (мсцісл., Нар. лекс.), тузе́ль ‘цоп’ (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паспрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Уступіць у спрэчку з кім‑н. Злосць следчага выклікала ў Сяргея не страх, а жаданне паспрачацца і даказаць сваё. Машара. [Лемяшэвічу] прыемна было пабыць некалькі гадзін у прыгожых утульных пакоях з мяккай мэбляй, з’есці смачны дамашні абед, выпіць чаю, пагутарыць і нават паспрачацца з гаспадаром. Шамякін. // Пабіцца аб заклад. Проста паспрачаўся [Андрэй] з хлопцамі, што з’есць камяк снегу і нічога яму не будзе. Васілевіч. Яшчэ ў дарозе Том паспрачаўся, што зводзіць усіх у Мурманску ў кіно, і яны сядуць там побач з рускімі. Шамякін. // Пасварыцца, палаяцца. [Галя:] — Чаму не прывёў яго [Змітрака]. — А-ат, — зморшчыўся Іван. — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Учора былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў.

2. Спрачацца некаторы час. Пакуль яшчэ трохі паспрачаліся пасля галасавання, пакуль усе разышліся, на вуліцы сцямнела. Кулакоўскі. Прапанова сустрэць новы год разам — спадабалася [хлопцам і дзяўчатам].. Крыху паспрачаўшыся, вырашылі: дзе большы пакой, там і быць вечару. Шахавец.

3. перан. Пазмагацца, паспаборнічаць з кім‑, чым‑н. Вось побач з поездам ляціць варона, нібы ёй хочацца паспрачацца ў быстрыні з ім. Колас. Ты крычыш, мора, а я Не магу паспрачацца з табою, Ты завеш, мора, а я Тваіх даляглядаў баюся. Кірэенка. І кожны, хто бачыў Клумава, верыў: такі чалавек можа паспрачацца са смерцю. Новікаў. // Зраўняцца, стаць нароўні з кім‑, чым‑н. Па мяккасці гумару, па зайздросным пачуцці мастацкай меры, уменні дасканала стварыць вобраз .. песня можа паспрачацца і з лепшымі паэтычнымі ўзорамі фальклору. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)