Сялі́ба ’населены пункт у сельскай мясцовасці (пасёлак, сяло і пад.)’ (ТСБМ), ’двор, месца з жылым памяшканнем і прыналежнымі да яго пабудовамі і агародам’, ’жытло, дамоўка’, ’пасяленне’ (Ласт.), ’селішча’, ’месца пасялення’ (Мядзв., Шн. 2, Нік., Оч., Сержп. Прымхі), ’сядзіба’ (Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Яшк., Бяльк.), сялі́бішча ’месца, дзе была сядзіба’ (Сл. ПЗБ). Да сяліць, па ўзору сядзіба (гл.) з суф. ‑іба, якому прыпісваецца балтыйскае паходжанне, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 130; Мартынаў, SlW, 66 і інш.; параўн. больш раннія формы сялі́дба (сели́дба) ’будоўля’ (Нас., Шымк. Собр.), ст.-бел. сели́дьба ’пасяленне’ (Козыраў, Очерки, 171), рус. наўг., пск. сели́тьба ’сядзіба’, макед. сели́дба ’перасяленне’ і пад., селідзе́бнэ ’вялікі прысядзібны ўчастак’ (лун., Выг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тавары́ства ’сукупнасць людзей аднаго рамяства або звання’ (Нас.), ’група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі’, ’блізкасць, заснаваная на такіх адносінах’, ’арганізацыя, у якую ўваходзяць раўнапраўныя ўдзельнікі’ (ТСБМ), ’асацыяцыя, суполка’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’кампанія; людзі аднаго ўзросту’ (Сержп. Прымхі; узд., Жд. 1), тавары́ство ’аднагодкі, равеснікі’ (іўеў., чэрв., капыл., лях., пух., Сл. ПЗБ), ’дружбакі, сябры’ (ваўк., лях., пух., Сл. ПЗБ). Дапускаецца запазычанне з польск. towarzystwo з шырокім колам значэнняў, аднак, паводле Векслера (Гіст., 176), у выніку адзначанага ў XV-XVI стст. спрашчэння збегу зычных шляхам адпадзення пачатковага ш перад с: таварыш > таварыства, параўн. у Насовіча: тавары́шства (товари́шство) побач з тавары́ства (товари́ство) ’прыяцельства, сяброўства’, ’група людзей аднаго рамяства або звання’ (Нас.). Гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарака́н ’насякомае чорнай або рыжай афарбоўкі’, ’смярдзючы чорны жук’ (Ласт.), ’падобны на прусака, але чорны’ (Некр. і Байк., Арх. Вяр., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТСБМ, Касп.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прусак, рыжы таракан’ (валож., Жыв. св.), тарако́н ’прусак’ (ігн., Сл. ПЗБ), тараґан ’тс’ (лях., Янк. Мат.), тарака́н ’тс’ (Нас.), ст.-бел. таракан ’тс’ (1640 г., КГС). З рус. тарака́н ’тс’, у якой вядома з XVI ст., запазычанне з цюркскіх моў, відаць, з тат. тарака́н (taraḳan), звязваюць таксама са ст.-рус. то́рхан, та́рхан (ганаровы тытул), што са ст.-цюрк. таркан (гл. Дабрадомаў, Бел. лекс., 43; Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 518; Чарных, 2, 228; Орлась, RS, 32, 1, 31–37).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́мень, ка́мінь, ка́мынь, ка́мэнь ’цвёрдая горная народа ці абломак з яе рознай велічыні і формы’, ’абточаны камень у жорнах’ (Сл. паўн.-зах., ТСБМ, Сержп. Прымхі; Бяльк.; драг., Жыв. сл.; Федар. I; Бес., Яруш., Яшк.), каме́нне (зб.) ’камяні’ (ТСБМ, Радч., Сержп.; стаўбц., Нар. словатв.; Яшк., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.), каміене (Бес.), каме́ння ’тс’ (бяльк.), каме́чо, каме́чча ’тс’ (слонім., Жыв. сл.; гродз., З нар. сл.; Сл. паўн.-зах.; свісл., Сцяшк. Сл.); каме́ньчык ’малы камень’ (Сержп. Прымхі; Бяльк., Янк.), ’костачка ў сліве, вішні’ (браг., Нар. словатв.; Ян., Янк. 2; нараўл., Мат. Гом.), камянёк ’тс’ (полац. Янк. 2); каме́ньчыкі ’гульня’ (гродз., Нар. словатв.); ка́мень ’мера вагі (≈ 10 кг, ≈ 1 кг)’ (Інстр. III); камяны́ ’зроблены з каменя’ (КЭС, лаг.), каме́нный ’тс’ (Бяльк.), каме́нны ’з каменя або з цэглы зроблены’ (ТСБМ, Сцяшк.); каме́нык ’крэпкі хлопчык’ (Бяльк.); ка́менка, ка́мінка ’печ з камення (у лазні)’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяц.; усх., КЭС); укр. ка́мінь, рус. ка́мень, польск. kamień, н.-луж., в.-луж. kamjeń, палаб. komói, чэш. kámen, славац. kameň, славен. kámen, серб.-харв. ка̏мен, макед., балг. камей, ст.-слав. камы. Прасл. kamy (род. kamaee). Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. akmuõ (akmeñs), лат. akmens ’тс’, ст.-інд. áśmā, áśrnan‑ ’камень’, ’неба’, авест. asman‑ ’тс’, ст.-грэч. ἄκμών ’кавадла’, ’неба’ < і.-е. *akʼ/*okʼ (Слаўскі, 2, 37–38). Фасмер (2, 173–174) далучае да і.-е. яшчэ ст.-в.-ням., ст.-сакс. hamar, ст.-ісл. hamarr ’молат’ (параўн. Мартынаў, Слав. акком., 160–161).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́гчы ‘зразаць, падрэзваць ножніцамі, машынкай (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат.; ашм., Стан.; Сцяшк., Бяльк.), стрыгчы́ ‘тс’ (Ласт.), стры́хчы, стры́кчы, стры́хці ‘тс’, ‘рэзаць ножніцамі; кроіць’ (Сл. ПЗБ), стры́гці ‘тс’ (Сержп. Прымхі), стрыгці́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. с​ѕтрычи ‘тс’ (XVI ст., Карскі 2-3, 277); сюды ж стры́гчы вуша́мі ‘паводзіць вушамі, прыслухоўвацца’ (ТСБМ), стры́гці вуша́мі ‘тс’ (Сержп. Прымхі, ЛА, 1). Укр. стри́гти, рус. стричь, стараж.-рус. стричи, польск. strzyc, в.-луж. třihać, н.-луж. stśigaś, чэш. střihati, славац. strihať, серб.-харв. стри̏ћи, славен. stříči, балг. стрига́, макед. стриже ‘тс’, ст.-слав. стришти. Прасл. *strigti звязана чаргаваннем галосных з рус.-ц.-слав. стрѣгъ ‘стрыжка’, стрѣжьць ‘той, хто стрыжэ’, суадноснымі з с.-в.-ням. streich ‘удар, замах’ і роднаснае ст.-прус. strigli ‘чартапалох’, ст.-в.-ням. strîhhan ‘гладзіць, церці’, гоц. striks ‘паласа’, ст.-англ. strican ‘мазаць; праводзіць’, лац. stringere ‘дакранацца; здзіраць’, strigilis ‘скрабок’ (гл. Траўтман, 289; Мікала, Ursl. Gr., 3, 77; Фасмер, 3, 778), што ўзыходзіць да і.-е. *streig‑ ‘удараць’, з далейшай спецыялізацыяй ‘апрацоўваць вострай прыладай’ (Бязлай, 3, 329; Борысь, 584). Махэк₂ (588) параўноўвае з літ. riẽkti, riekaù ‘рэзаць’, riekė̃ ‘луста хлеба’, дапускаючы рухомае s‑. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1546; ЕСУМ, 5, 440. Параўн. стругаць. Сюды ж стры́жава ‘воўна, састрыжаная з авечкі (авечак) за адзін раз’ (Сл. ПЗБ), стрыгу́н, стрыгуно́к ‘аднагадовае жарабя, якому звычайна падстрыгаюць грыву’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., ЛА, 1), ‘конь ва ўзросце двух год’ (Ян.; віц., Жыв. НС). Гл. таксама стрыгнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кала́ ’каля’ (Бяльк., Жд. 2; капыл., Жыв. сл., мсцісл., З нар. сл.; Сержп. Прымхі, Сцяц., Шат.). Рус. зах.-бран. кала, калуж. кала, кыла ’тс’, апошняе супадае з усх.-бел. формамі: кыла (Бяльк., З нар. сл.). СРНГ не фіксуе шэрагу адпаведнікаў да бел. лексемы, што дазваляе меркаваць аб магчымым беларускім паходжанні калуж. слова (вынік міграцыі насельніцтва). Сустракаецца ў гаворках акала ’каля’. Этымалагічна бел. кала — склонавая форма лексемы кола ’кола’, канцавое ‑а не вельмі яснае. Лексема фіксуецца ў ст.-бел. гаворках і гэта не выключае магчымага працэсу ўплыву на засведчанае ў шэрагу моў коло ’каля’ бел. прыназоўніка каля. Форма коло адзначаецца ў паўдн.-зах. гаворках, адносна каля гл. адпаведны артыкул. З літ. гл. Копечны, ESSJ, SG, I, А, 88. 89.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Намі́тусь ’у розныя бакі (галовамі, камлямі і інш.)’ (смарг., Сцяшк. Сл., ТС), ’галовамі ў супрацьлеглыя бакі, «валетам» (легчы)’ (глыб., Сл. ПЗБ), намітуз ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), намытусь ’адзін да аднаго спіной (ляжаць)’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), на‑мітусь ’наадварот’ (Мядзв.), намітусь ’спосаб вязання: вочка направа, вочка налева’ (Жд. 1), намітуські́ ’адна насупраць другой’ (лаг., Сл. ПЗБ). Можна параўнаць з балг. на́мито ’крыва, коса, у розныя бакі’, што звязваюць са ст.-слав. митѣ ’папераменна’; серб.-харв. mitȉti ’прайсці побач’, лат. mitêt ’змяняць’ і інш. (Фасмер, 2, 628; Куркіна, Этимология–1980, 629; Скок, 3, 291), параўн. таксама ўміт́уські: За ім леціць стрэла умітуські ’хвалепадобна’ (Сержп., Прымхі). Усё да мі́тусь ’у розныя бакі’ (гл.), мітусі́цца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сце́жар, стэ́жар ’укапаны высокі шост, вакол якога кладуць стог’ (Сцяшк., Янк. Мат., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ), ’падсціл пад стог’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, ДАБМ, Сл. Брэс.), сцежаро́к ’тс’ (ТС), ст.-бел. стежеры, стожары ’насціл пад стог’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. сте́жар ’тс’, сте́жір ’месца, дзе стаяць стагі’, рус. сте́жер ’жардзіна ў стозе’ (у СРНГ адсутнічае), стараж.-рус. стежеръ ’слуп’, ’мэта’ (?), в.-луж. sćežor ’мачта’, н.-луж. sćažor ’жардзіна ў стозе’, славен. stežer ’крук’, харв. дыял. stežȃr ’кол, да якога прывязваюць коней на таку пры малацьбе’, балг. сте́жер ’тс’, макед. стежер ’тс’, ст.-слав. стежеръ ’слуп, апора’. Прасл. *stežerъ звязана са *stogъ, гл. стажар (Шустар-Шэўц, 1275; Бязлай, 3, 317; Фасмер, 3, 752).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тара́х ’бух, тарарах’ (беласт., Сл. ПЗБ), сюды ж дзеясловы тара́хкаць ’ляскатаць, стукацець’ (Касп.), тара́хати ’біць, стукаць’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тара́хкаць ’тарахцець, бразгацець, брынчаць; трашчаць, гаварыць упустую’, тарахне́ць ’тарахцець, бразгатаць’ (ТС), тарахну́ць ’моцна ўдарыць’ (Растарг.), тарахце́ць ’утвараць рэзкія раскацістыя гукі’, ’хутка, гучна, несупынна гаварыць; балбатаць’ (ТСБМ, ТС), ’бразгатаць, ракатаць, бурчаць’ (Яўс., Варл.), ’ехаць з грукатам, грымець, лескатаць’ (Некр. і Байк.; ашм., Стан.; Федар. 1, Бяльк.): Ілля па небу тарахціць (Сержп. Прык.), ’стукацець’: жаўна тарахціць дзюбам (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. тара́х, тара́хкати, торо́х, торохті́ти ’грукаць, грукаюць’, рус. тарахте́ть ’грымець (пра экіпаж)’, дыял. торохну́ть ’грымнуць’, польск. дыял. tarach ’выварацень’, tarachnąć ’грымнуць’, што параўноўваюцца з трахнуць (Брукнер, 565). Гукаперайманне (Фасмер, 4, 23), гл. тарарах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапа́ ’сцежка’ (Бяльк., Адм.), трапі́на ’тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ), тропі́на ’тс’ (Мат. Гом.), тро́па ’сцяжынка’ (ігн., Сл. ПЗБ), трапі́нка ’тс’ (Ян.), тропі́нка ’тс’ (ТС), тропэ́на ’дарога’ (драг., Ск. нар. мовы), тро́пка ’сцяжынка’ (Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Др.-Падб.). Укр. тропа́, троп, тріп ’след’, ’вузкая горная сцежка’, ’шлях, кірунак’, укр. гуц. трапа́ш ’зімовая дарога, вытаптаная авечкамі’, рус. тропа́ ’сцежка, дарожка’, стараж.-рус. тропа ’шлях, дарога’, польск. trop ’след, каляіна’. Дапускаюць прасл. *tropa, відавочна, звязанае з тра́паць, тро́паць ’стукаць нагамі, тупаць’ (гл.), параўн. роднасныя лат. trapa ’натоўп, куча’, алб. trap ’сцежка’, ст.-грэч. ἀτραπός ’сцяжынка’ (Фасмер, 4, 105; Чарных, 2, 496–497; Брукнер, 577; ЕСУМ, 5, 649). Гл. таксама троп ’дарога, след’, трэп ’дарога, сцежка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)