накало́ць, -калю́, -ко́леш, -ко́ле; -калі́; -ко́латы; зак.
1. чаго. Раскалоць пэўную колькасць чаго-н.
Н. дроў.
2. каго. Колючы, забіць у нейкай колькасці.
Н. свіней.
3. што. Пашкодзіць, параніць чым-н. вострым.
Н. нагу.
4. што. Пракалоць паверхню чаго-н. у многіх месцах.
Н. слівы для варэння.
5. каго-што на што. Насадзіць, нанізаць на што-н. вострае.
Н. матыля на шпільку.
6. што. Раскалоць, расшчапіць што-н. не да канца; надкалоць.
Н. палена.
|| незак. нако́лваць, -аю, -аеш, -ае.
|| наз. нако́лванне, -я, н. (да 3—6 знач.) і нако́лка, -і, ДМ -лцы, мн. -і, -лак, ж. (да 4—6 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Прыгалаве́шка ’два палены, якія кладуцца на паду ў печ паралельна, а на іх канцамі кладуцца дровы’ (Янк.), мн. л. прыгало́вічы, пры́галавічы ’доўгія палены дроў (звычайна два), якія кладуцца спераду ў печ’ (Жд., Нар. сл.), параўн. укр. при́голова́ч, при́голо́вачок, при́головок ’палена, якое кладзецца ўпоперак печы, каб на яго можна было класці палены ўпоперак’. Да галава, галавешка (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
абдзе́рці, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ, ‑дзяром, ‑дзераце; пр. абдзёр, ‑дзерла; заг. абдзяры; зак., каго-што.
1. Зняць, садраць з паверхні чаго‑н. верхні слой, кару і пад.; абадраць. [Бародка] стаяў на каленях і шчапаў з тоўстага сасновага палена лучыну, клаў яе ў пліту, пасля з бярозавага кругляка абдзёр бяросту, падпаліў. Шамякін. // Разм. Пашкодзіць скуру цела. Абдзерці нагу. Абдзерці твар.
2. перан. Тое, што і абабраць (у 2 знач.).
•••
Абдзерці як ліпку — тое, што і абадраць як ліпку (гл. абадраць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́шча, ‑ы, ж.
Рот звера, рыбы. Кракадзіл задрыгаў целам і зрабіўся нерухомы .. з нагою хлопчыка ў пашчы. Маўр. На паперы з’яўляецца воўк — пашча ашчэрана, хіб натапыраны, хвост як палена. Васілевіч. Сабака кінуўся на .. [Сцёпку], ашчэрыўшы ікластую пашчу. Хомчанка. // Разм. зневаж. Вялікі і непрыгожы рот чалавека. І сала і хлеб прападалі ў пашчы Касперыча. Колас. // перан. Цёмнае паглыбленне ў чым‑н. Электраплавільная печ прыняла метал, і Міхал сам, замест падручнага, узяўся кідаць у яе вогненную пашчу стальныя брыкеты. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Маха́йло ’трэці ход гульні ў скокі, які заключаецца ў пераскокванні з квадрата ў квадрат, махаючы перад сабой нагою’ (ТС). Да маха́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 94. Суфікс ‑йло, магчыма, з’яўляецца сярэднім звяном у пераходзе прасл. ‑dlo/‑lo (?). Аналагічныя палескія ўтварэнні: трымпа́йло ’кавалак палена, дручка на шыі ў авечкі, які перашкаджае ёй далёка адбягаць ад стада’, прозвішча Кічкайла.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Пама́к ’звязка вычышчаных канапель’ (Інстр. III), ’дрэва, якое доўга ляжала ў вадзе’ (Сл. ПЗБ), ’намоклае палена’ (Нар. сл.), пачала ’калода, якая доўга ляжала ў вадзе’ (Шн. 2), ’жэрдка, кладка’ (Сцяшк. Сл.), памані ’цяжар, які накладаюць на лён або пяньку пры замочванні’ (Касп.), памок ’тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. помік ’канопля, намочаная ў рацэ’. Аддзеяслоўны дэрыват ад памокнуць або памакаць < мокнуць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Перакавы́ (піракавы́) ’папярочны (пра бэльку, баразну, загон)’ (Сл. ПЗБ; Мат. Маг.), ’канявая сцяна’ (ЛА, 4), ’пярэдні (пра зубы)’ (Нар. Гом.). Да пе́рак (гл.). Сюды ж перакавень ’папярочка (пра баразну)’ (бых., ЛА, 2), перакаве́ц ’тс’ (чэрв., Нар. лекс., ЛА, 2), перакаві́к, пяра́к ’градка ўпоперак’ (Шат.), пірікаві́ца ’папярочная перакладзіна’ (Юрч. СНЛ), бялын. піракаве́ц ’палена’, піракавы́я барозны — папярочныя барозны, засаджаныя бульбай (Нар. сл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сумарда́к ’удар па твары’, ’упартасць’ (Нас.), ’вялікае нязручнае палена’ (Юрч. Вытв.), сумурда́к ’хвароба ў роце, пры якой баляць сківіцы’ (Бяльк.), сумурда́кі ’твар і вусны’ (КЭС). Відаць, нельга аддзяліць ад самардак (гл.), але з іншай прыстаўкай (су-), параўн. яшчэ самарды́к ’пануры, маўклівы чалавек, які глядзіць спадылба’ (Растарг.) Няясна. Версія Насовіча (ад мо́рда, гл.) блізкая да народнаэтымалагічнай і не тлумачыць варыянтнасць фанетыкі і семантыкі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
распаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.
Разм. Разарваць, разрэзаць на палосы, уздоўж. Кінуў [Раманка] палена, жыўцом распаласаваў на грудзях сарочку і пусціўся да ракі. Пташнікаў. Мяшкі хтосьці распаласаваў нажом. Паўлаў. // Нанесці глыбокую рану ў выглядзе паласы; рассячы, разарваць. Ледзь адбіўся ад .. [ваўкоў] Хвошч, дваім распаласаваў віламі жываты, а тады сам пакаўзнуўся ў лужыне. Лупсякоў. Як агледзець вокам, выхапіў [Зазыба] у канвойнага шаблю і пачаў секчы ёю з усяго пляча махноўцаў — спярша распаласаваў свайго канвойнага. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Залатым зігзагам маланка распаласавала неба. Стаховіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Махна́тка, махне́тка, махны́тка, махны́ка ’галавешка’ (стаўб., Жыв. сл.; хоцім., Янк. 2; Сцяшк. Сл., Мат. Маг.; Мікуц.; паўд.-усх., КЭС), ’маленькая галавешка’ (Бяльк., Растарг., Мат. Гом.), ’худы, хілы чалавек’ (Юрч., Нас.), махні́ткіня ’вялікая галавешка’ (слаўг., Нар. словатв.), смал. мохны́тка ’галавешка ў печы’, махни́тка ’тс’. Да махна́ты (гл.). Аб суфіксе ‑(ат)ка гл. Сцяцко, Афікс. наз., 149. Матывацыя: абгарэлае палена — галавешка — выглядае махнатым дзякуючы попелу ў выглядзе лісточкаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)