тэлегра́ф, ‑а, м.

1. Від сувязі, які забяспечвае хуткую перадачу паведамленняў на далёкую адлегласць пры дапамозе электрычных або светлавых сігналаў. Найвялікшае шчасце выпала на долю беларускага юнака. Ён па тэлеграфе перадаваў народу ленінскія дэкрэты аб міры і аб зямлі. Мяжэвіч. Ужо ў дзень 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года тэлеграф прынёс у гэты дом вялікую радасную, хвалюючую вестку аб рэвалюцыйным паўстанні працоўных Петраграда. «ЛіМ». // перан. Перастук цераз сцяну як від сувязі зняволеных. Але Максім не паў духам — ён цвёрда вырашыў авалодаць гэтым турэмным тэлеграфам і пачаў трэніравацца. Машара. Адзінай формай .. зносін [Каладкевіча і Паліванава] быў турэмны тэлеграф — перастук цераз сцяну. Мехаў.

2. Спецыялізаванае прадпрыемства сувязі, якое ажыццяўляе перадачу, прыём і дастаўку тэлеграм, а таксама будынак, дзе знаходзіцца такое прадпрыемства. На плошчы — цэлы архітэктурны ансамбль прыгожых адміністрацыйна-грамадскіх будынкаў, а насупраць — універсальны магазін, пошта, тэлеграф. Грахоўскі.

3. Апарат, які перадае і прымае такія паведамленне. Адстукалі тэлеграфы віншавальныя тэлеграмы мантажнікам-вышыннікам, адсвяткавалі будаўнікі сваё вялікае свята. Дадзіёмаў.

[Ад грэч. tēle — далёка і graphō — пішу.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэра́са, ‑ы, ж.

1. Гарызантальная або некалькі нахіленая пляцоўка, якая ўтварае ўступ, часам зробленая штучна (для пракладкі дарог, стварэння архітэктурнага ансамбля і пад.). Там, дзе выразна выступае высокая пясчаная рачная тэраса, пралягае паласа сасновых бароў. Гавеман.

2. звычайна мн. (тэра́сы, ‑рас). Спец. Гарызантальныя або некалькі нахіленыя ўступы паверхні зямлі (на схілах гор, рачных далін і на ўзбярэжжы азёр і мораў), размешчаныя адзін над адным. [Балотаўтварэнне] шырока распаўсюдзілася на згладжаныя бяссточныя водападзелы і надпоймавыя тэрасы. «Беларусь». Дрэмле Ялта, па крутых тэрасах Льецца вішань белы вадаспад. Танк. Рачныя даліны ў нізінах даволі шырокія і маюць тэрасы. Прырода Беларусі.

3. у знач. прысл. тэра́самі. У выглядзе ўступаў, прыступкаў, размешчаных адзін над адным. Насупраць бальніцы, на схіле ўзгорка, быў разбіты малады парк, што тэрасамі спускаўся да Першамайскай вуліцы. Карпаў. У сярэдзіне гары тэрасамі — адзін над другім — павінны былі прайсці тры тунелі. Даніленка.

4. Летняя прыбудова да дома ў выглядзе пляцоўкі са страхой на слупах. З тэрасы кафэ, куды мы падняліся па прыступках, адкрываецца цудоўны від па Карфагенскі заліў. В. Вольскі. Спіны ў хлопцаў блішчаць, і .. [Антон] вядзе сваіх сыноў за рукі да хаты, і ўзыходзіць на тэрасу, дзе ўжо накрыты стол, і на стале іх чакае сняданак, і Тося разлівае па кеартах малако... Савіцкі.

[Фр. terrasse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пе́раз ’праз, цераз’ (Нас.; Янк. 3.; Касп.; Доўн.-Зап., Песні; Сб. 1866 г.; докш., бярэз., нясвіж., в.-дзв., Сл. ПЗБ; докш., навагр., ЛА, 2), ’міма, насуперак’ (Нас.), ’насуперак’, спраз — прычына (праз каго) (Рам., 6; Нас.; Карскі 2-3, 441); ст.-бел. перезъ, презь, прозъ ’праз, на працягу’; укр. лемк. перез, брез ’цераз; праз (каго)’, а брез ’без’; рус. дыял. пе́рез ’праз; з-за; на працягу’; польск. przez, часам brzez (пад уплывам bez), каш. přez/přėz і přoz ’праз; больш за (празмернасць)’, ’па’, ’за’, н.- і в.-луж. pśez, pśeze, přez, přeze, bźez/ bźe ’праз; без; на працягу; з-за’, ’больш чым’, палаб. prise ’без’; чэш. přes(e), ст.-чэш. přes і přě ’цераз; за; больш за’, славац. дыял. pres/prez ’цераз’; ст.-серб.-харв. прѣзь, серб.-харв. през, priz, чарнаг. проз ’цераз; супраць’, ’на працягу’, макед. прис, през ’на працягу’; балг. през, проз ’цераз; за; на другім баку’. Узыходзіць да прасл. *per‑, пашыранага пры дапамозе ‑zъ (падобна, як *bezъ, vъzъ, orzъ і інш.). Мяркуецца, што чэш. přes з ‑s‑ — гэта памылковае напісанне замест přez. Аднак П. Ланг (ČMF, 6, 183–188 і ČMF, 7, 24–28, 81–84) мяркуе, што ў першапачатковай форме *per‑sъ другая частка ‑sъ паходзіць з дзеяслова ‑es ’быць’ пад уплывам bezъ, orzъ, vъzъ — пазней > *perzъ (параўн. чэш. přesný, přísný). Зубаты (KZ, 31, 60), Вальдэ (KZ, 34, 519), Міклашыч (4, 198) супастаўляюць *perzъ з літ. priešнасупраць, насуперак’, ’перад’, ’да’, ’за’. Непераканаўча (Праабражэнскі, 2, 41) вывядзенне ‑zъ з літ. ‑giiñ‑gi, nu‑gi, nuō‑gi). (ESSJ, 1, 175–178; Фасмер, 3, 237–238; Махэк₂, 491).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́сты ’элементарны, аднародны па саставу’, ’не складаны для разумення’, ’грубы па якасці’, ’няхітры, адкрыты, неганарлівы’, ’звычайны, негатунковы’, ’прамы, роўны’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Бір. Дзярж., Шн. 2, Выг., Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Клім.), ’свабодны’ (Нас.), ’слабы, некруты (аб пражы)’ (Уладз.), ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. просто́й, укр. про́стий, ст.-рус. простъ ’прамы, адкрыты, свабодны, просты’, ст.-слав. простъ ’прамы, просты’, польск., в.-луж. prosty, н.-луж. pšosty, чэш., славац. prostý ’просты, прамы’, серб.-харв. про̏ст ’няхітры, просты; дараваны, памілаваны’, славен. pròst ’натуральны, свабодны, звычайны, просты’, балг., макед. прост ’просты, нявыхаваны’. Прасл. *pro‑stъ ад pro‑ (гл. пра- і *sto‑). Апошняе параўноўваюць з літ. ãpstas ’багацце’, apstùs ’багаты, шчодры, шырокі’, atstùs ’аддалены’, лат. nuôst ’прэч’ (< *nuo‑stu), ст.-інд. sụṣthú‑ ’які знаходзіцца ў добрым стане’, оск. trstus ’сведка’, ст.-в.-ням. ewist ’аўчарня’. Першаснае значэнне *prosthos ’тое, што выступае; той, які выступае’, параўн. ст.-інд. prastha‑ ’горная раўніна, плошча’, ірл. ross ’лес, мыс’ (гл. Фасмер, 3, 380). Іншыя версіі: Міклашыч (321) выводзіў слав. *prostъ з *prostrъ ’разасланы’ і набліжаў да прастор і роднасных; Махэк₂ (485) роднаснымі славянскаму слову лічыў літ. prantù, pratau, pràsti ’прывыкаць’ (г. зн. *prostъ з *prot‑tos), аднак пры гэтым цяжка вытлумачыць яго семантыку. Паводле Аткупшчыкова (Балто-слав. иссл., 1984, 94–95), роднаснае літ. prãstas, лат. prasts ’просты; дрэнны’, літ. pràsti ’прывыкаць’, таксама Банькоўскі, 2, 788. Трубачоў (ЭССЯ, 13, 137–138) адносіць другую частку слова да *stojati (гл. стаяць) аналагічна да ku‑stъ ’куст’. Гл. таксама Шаўр, Slavia, 50, 52–60; Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 71. Паводле Сноя₂ (586), першасная семантыка — ’які стаіць спераду’, параўн. про́стонасупраць’: просто хаты (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

напусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго. Даць магчымасць увайсці, дазволіць пасяліцца ў вялікай колькасці. Напусціць людзей у пакой. Напусціць жыхароў у кватэру.

2. чаго. Даць доступ куды‑н. вялікай колькасці чаго‑н. Ілья напусціў у ванну халоднай вады, пачапіў на кран сваю авоську і старанна памыў рукі. Васілёнак. — Заходзь, Ваня, заходзь! Чаго стаіш на парозе? Ды зачыняй дзверы, а то холаду напусціш! — зашаптаў камбрыг. Карпюк.

3. што. Спусціць, апусціць на што‑н. Напусціць на лоб валасы. Напусціць шапку на вочы.

4. што і чаго. Разм. (часта са словамі «на сябе»). Надаць сабе, сваім паводзінам нейкі выгляд, характар. Напусціць на сябе важнасці. □ Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд. Зарэцкі. Кірыла напусціў на сябе выгляд вінаватага — не павітаўся з рэдактарам за руку, ціха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Шамякін.

5. каго. Разм. Накіраваць для нападу. Напусціць сабак на звера. // перан. Падбіць, падгаварыць да дзеяння супроць каго‑, чаго‑н. [Віктар:] — Цяпер каб адных бежанцаў напусціў на гэтыя маёнткі, то.. за адзін дзень усё ператрушчылі б. Лобан.

6. што. Ва ўяўленні забабонных людзей — з дапамогай нейкай вышэйшай сілы наслаць на каго што‑н. Ніколі ў Курганішчы не было так ціха, як цяпер.. Нібы нейкі чараўнік напусціў сон на гэты шумлівы хутар. Бядуля.

7. што і чаго. Дадаць, павялічыць у памерах пры раскроі. Кравец напусціў на два пальцы паводле меркі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́рба, ‑ы, ж.

1. Рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або пасылае. На моцных «пульманах» У фарбе свежай Мільгаюць самазвалы, Трактары. Астрэйка. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбай. Шамякін. [Данік] кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай... Брыль. // Слой такога рэчыва на якім‑н. прадмеце. Насупраць вялікага дома Крушынскіх, стаяла сіняя драўляная хатка. З-пад фарбы на сценах, якая вісела шматкамі, выступала шараватае дрэва. Бядуля. // Разм. Памада, туш і інш. касметычныя сродкі. Нават губы, асіметрычна скрыўленыя, густа намазаныя яркай фіялетавай фарбай, не парушалі прыемнага ўражання. Шыцік. [Дзяўчына] плакала і разам са слязамі абцірала з твару сляды фарбы. Мікуліч.

2. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў). Барва, колер, тон. Цьмянасцю пакрываліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды... Краўчанка. Фарбы неба і вады мяняліся кожную хвіліну, і было ад гэтай прыгажосці чамусьці сумна. Адамовіч. За акном набірала фарбы вераснёвая раніца. Карпаў.

3. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў); перан. Выразныя сродкі мовы, музыкі, сцэнічнага мастацтва і пад.; яркасць апісання ўяўленняў. Багдановіч.. узбагаціў беларускую паэзію новымі матывамі і фарбамі. Гіст. бел. сав. літ. Мікіта падрабязна расказаў пра ўсе затонскія падзеі, не пашкадаваў фарбаў, каб абмаляваць Чыкілевіча і ўсе яго махінацыі. Колас.

4. Румянец; прыліў крыві. На.. твары [Рыгора] грала чырвоная фарба здароўя. Гартны. Гарачая фарба заліла твар дзяўчыны. Бажко. Раптам твар .. [Лены] пачаў траціць сваю фарбу. Ваданосаў.

•••

Згусціць фарбы гл. згусціць.

[Ням. Farbe — фарба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

якра́з,

1. прысл. У гэты час, у гэты момант. Тут якраз увайшоў у хату дзядзька Антось. С. Александровіч.

2. прысл. У поўнай адпаведнасці, дакладна, у самы раз. Кузня стаяла якраз насупраць бацькавай хаты. Каваленка. Порткі яго [Алега] прыйшліся палоннаму амаль якраз. Брыль. Уля памерала тады — лодачкі былі якраз па назе. Паўлаў.

3. прысл. Іменна, менавіта. Новыя доследы якраз больш цікавяць юных натуралістаў, заахвочваюць іх да працы. Дубоўка. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка.

4. прысл. (у спалучэнні са словам «як»). Кропля ў кроплю. Сын — якраз як бацька. □ Зрабілася ад ліўняў і ад сонца [вушанка] Якраз як сівагракава крыло... Барадулін. Якраз як і ў аўтобусе Гуд зыбкі ў галаве. Смагаровіч.

5. у знач. вык. Як па мерцы, як на мяне (на яго, на яе). Аднойчы прымераў [світар]. Якраз на мае плечы. І ўзор наш, мой. Янкоўскі.

6. у знач. часціцы. Ужываецца для большай канкрэтызацыі, удакладнення асобы ці прадмета, для ўзмацнення якасці каго‑, чаго‑н. [Макар Белкін:] — Вось... Начальніка цэха Мышкоўскага можна крытыкнуць. Працуюць у яго там дрэнна, без аганьку. Якраз кандыдатура ў сатырычную газету. Шымук. Шмат год назад сказаў выдатна Маркс: Жыццё для чалавека — барацьба. Відаць, праблема першая якраз Перамагчы ў самім сабе раба. Семашкевіч. А Грышка тым часам бегаў каля ракі. Якраз па тым баку ішоў з вудамі рыбак. Колас. // Ужываецца для падкрэслівання і азначэння таго, што маецца на ўвазе; сапраўды, так, праўда. Анежка, якраз як дзіця, сарамліва апусціла вочы. Броўка. А Рыгор якраз падыходзіць да мясцовых умоў: селянін і гэткі верны сацыялізму. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́нь, ‑я, м.

1. Вузкі паток вады або якой‑н. вадкасці. А снег над белым полем заіскрыцца, у студзені ўдараць халады — булькоча нестрыманая крыніца струменямі празрыстае вады. Грахоўскі. Насупраць Бунтароўкі .. [рэчка Альхавянка] разбівалася на некалькі струменяў, гублялася ў балотнай твані вузенькімі рукавамі. Дуброўскі. // Рух вады ў рэках і пад.; цячэнне. Трымаецца .. [вусач], як правіла, далёка ад берагоў, на галоўным струмені. Матрунёнак. // Вузкі паток вады, якой‑н. вадкасці, які сцякае, цячэ ўніз; цурок. Дождж не спыняўся. Ён, здаецца, яшчэ болей узмацніўся, ліў суцэльнымі струменямі. Навуменка. Пад каштан падлога фарбавана, Сцены, столь — бялейшыя за снег; Ледзь рукою дакрануўся крана — З-пад яго струмень вады пабег. Непачаловіч. // перан.; чаго або які. Нешырокая паласа святла, дыму, агню, паху і пад. Улетку бываюць такія дзіўныя вечары, калі нагрэтае за дзень паветра не вее, а цячэ гарачымі струменямі. Чарнышэвіч. Непадалёку, пускаючы струмені пары, стаяў паравоз. «Звязда». Праз кожны міг бесперастанку Струмень агню рос удвая. Смагаровіч. Прыпаўшы да зямлі,.. [Арцём] ужо дзьмуў пад кучу вільготнага лісця, над якім цягучым струменем валіў бела-жоўты дым, як на шляху, за валам, пачуўся матацыкл. Ракітны. // Пра паток сыпкіх рэчываў. Струмень пяску. □ Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Цэлыя струмені перасечанай саломы сыпаліся на ток. Колас.

2. перан. Вялікая колькасць людзей, што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы, нарэшце збіўся ў натоўп. Гартны. У гэтым жывым чалавечым струмені давялося і рушыць наперад. Чорны.

3. перан.; чаго або які. Напрамак, рыса ў чым‑н. Струмень вынаходніцтва. □ Адметнаю рысаю мастацкай манеры К. Крапівы з’яўляецца наяўнасць у яго творчасці гумарыстычна-сатырычнага струменя. «ЛіМ».

•••

Бабровы струмень — сакрэт мускусных залоз рачнога бабра.

Кабарговы струмень — мускус.

Унесці свежы струмень у што гл. унесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́рань, ‑і, ж.

1. Белыя рыхлыя крышталікі, формай падобныя на сняжынкі, якія нарастаюць пры значным марозе і тумане на галінах дрэў, дроце і пад. Ляжыць зямля ў адзенні белым, І дрэвы ў шэрані стаяць. Колас. За акном — пабеленае шэранню голле яблыняў. Рылько. У шэрані былі гарадскія скверы, тэлеграфныя слупы, правады. Бялевіч. // Тонкі слой крышталяў лёду, якія ўтвараюцца на паверхні зямлі і прадметах на ёй пры рэзкім пахаладанні. У тыя дні, пасля ласкавага веснавога сонца, раптам пекануў мароз і ўкрыў шэранню траву, што пачала была весела зелянецца на грудах. Лецка. Зямля пакрылася шэранню, пасівела і чакала, калі сонца паднімецца вышэй і кіне промні на палі, лугі, дарогі. Федасеенка. // Ападкі ў выглядзе снегу. Уперадзе была ўсё тая ж снежная шэрань; не сціхаў вецер. Кандрусевіч. Калі ўжо сталі падкошвацца ногі і хлопец спалохаўся, што ўпадзе, побач з снегавой мітуслівай шэрані выплыў нейкі чорны скальны абломак. Быкаў. // Туман з халодным дробным, у выглядзе пылу, дажджом; імжа. У мокрай шэрані ледзь-ледзь вырысоўваліся будынкі Старыцы. Хадкевіч. [Сцяпан] убачыў сцірту, асеўшую, але яшчэ ладную і падобную на аграмадны хлебны бохан, бярозы ў жоўтым восеньскім убранні, якое скрозь шэрань дажджу выдавала рудаватым. Савіцкі. // Смуга выпарэнняў у халодную сырую пагоду. У маразы.. [неба] часцей цямнее, лілавее, пакрываецца шэранню. Карпаў. Над балотамі мяккай нерухомай шэранню рассцілаўся туман. Пестрак.

2. перан. Сівізна. Змізарнеў [Гаруноў], твар выцягнуўся, на скронях прабілася шэрань. Дуброўскі.

3. Змрок, цемра. Пасярод двара, насупраць студні, над якой у перадранішняй шэрані чарнее высокі журавель, стаяць калёсы. Навуменка. Пад сховаю начной шэрані брыгада хутка набліжалася да фронту. Мележ. Жаўтавата-белы сноп святла ад фары разразаў лёгкую шэрань ліпеньскай ночы, выхопліваў з яе прысады. Асіпенка.

4. Шэрая афарбоўка чаго‑н.; шэрасць. Сонца не відно, недзе заблыталася ў аднастайнай шэрані хмар. Гамолка. Вунь сярод саламянай шэрані стрэх вылучаецца бляха школы. Сабаленка. / у перан. ужыв. Толькі на ростані ўявілася яму [Ігнасю] цалкам уся шэрань будзёншчыны, з усімі сваімі цяжкасцямі і горам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памі́ж, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «паміж» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку між якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Граніца паміж двума светамі. Вагоны стаялі паміж акном і сталом. □ [Сашка] падаўся да стала, які стаяў пры сцяне паміж двух акон. Чорны. На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі. Мележ. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Паміж нізкіх цёмна-сініх хмар прабілася малінавая палоска. Грахоўскі. Па моры плывуць караблі, Плывуць паміж рыфаў і скал. Купала. // Ужываецца для ўказання на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Ў глыбі двара стаяла хата І выглядала зухавата Паміж запушчанай будовы. Колас. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.

Часавыя адносіны

2. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцовы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу. Паміж дзесяццю і дванаццаццю гадзінамі. Паміж захадам сонца і змярканнем. □ Высадка павінна была адбыцца паміж 28 і 29 сакавіка паблізу Палангена. Г. Кісялёў. // Ужываецца для ўказання на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку між якімі што‑н. адбываецца. Паміж гаворкаю дымок Віецца між сябрамі. Броўка. Інтэрвалы паміж бомбавымі разрывамі бадай што ўжо і не заўважаліся. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. [Шуфт:] Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана. Крапіва. Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб ўмацаваны дружбы паміж калгасамі. Шамякін. Паміж старых прыяцеляў павеяў нядобры халадок. Зарэцкі.

4. з Т. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. Розніца паміж прыказкай і прымаўкай. □ З’езд [дэлегатаў арміі і тылу Заходняга фронту] з’явіўся арэнай жорсткай барацьбы паміж сіламі рэвалюцыі і контррэвалюцыі за армію. «Весці».

5. з Т. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзея чаго‑н. Падзяліць сшыткі паміж вучнямі.

•••

Паміж двух агнёў гл. агонь.

Паміж намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)