паміж, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «паміж» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку між якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Граніца паміж двума светамі. Вагоны стаялі паміж акном і сталом. ▪ [Сашка] падаўся да стала, які стаяў пры сцяне паміж двух акон. Чорны. На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі. Мележ. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Паміж нізкіх цёмна-сініх хмар прабілася малінавая палоска. Грахоўскі. Па моры плывуць караблі, Плывуць паміж рыфаў і скал. Купала. // Ужываецца для ўказання на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Ў глыбі двара стаяла хата І выглядала зухавата Паміж запушчанай будовы. Колас. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.

Часавыя адносіны

2. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцовы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу. Паміж дзесяццю і дванаццаццю гадзінамі. Паміж захадам сонца і змярканнем. ▪ Высадка павінна была адбыцца паміж 28 і 29 сакавіка паблізу Палангена. Г. Кісялёў. // Ужываецца для ўказання на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку між якімі што‑н. адбываецца. Паміж гаворкаю дымок Віецца між сябрамі. Броўка. Інтэрвалы паміж бомбавымі разрывамі бадай што ўжо і не заўважаліся. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. [Шуфт:] Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана. Крапіва. Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб ўмацаваны дружбы паміж калгасамі. Шамякін. Паміж старых прыяцеляў павеяў нядобры халадок. Зарэцкі.

4. з Т. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. Розніца паміж прыказкай і прымаўкай. ▪ З’езд [дэлегатаў арміі і тылу Заходняга фронту] з’явіўся арэнай жорсткай барацьбы паміж сіламі рэвалюцыі і контррэвалюцыі за армію. «Весці».

5. з Т. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзея чаго‑н. Падзяліць сшыткі паміж вучнямі.

•••

Паміж двух агнёў гл. агонь.

Паміж намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)